Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эстонская выведка: Беларусь ператварылася ў вайсковую акругу Расеі


Taлін
Taлін

Дэпартамэнт зьнешняй выведкі Эстоніі апублікаваў штогадовую справаздачу пра зьнешнія пагрозы.

Асноўнымі пагрозамі для краіны названыя пандэмія каранавірусу, Кітай, Расея і Беларусь.

На думку эстонскай выведкі, Беларусь у выніку палітычнага крызісу 2020 году ператварылася ў вайсковую акругу Расеі, і цяпер гэтая «Беларуская вайсковая акруга» уяўляе непасрэдную пагрозу для бліжэйшых суседзяў па NATO.

У справаздачы гаворыцца, што сёлета павінны прайсьці чарговыя расейска-беларускія вайсковыя вучэньні «Захад», а ўлада Аляксандра Лукашэнкі будзе ўсё больш залежаць ад падтрымкі Расеі, у тым ліку і ў вайсковай сфэры.

«Улічваючы геаграфічнае становішча і тэрытарыяльны ахоп, Беларусь зьяўляецца неабходнай для Расеі буфэрнай зонай і забясьпечвае яе задачы на заходнім стратэгічным кірунку. Падчас крызісу або вайны Расея можа выкарыстаць Беларусь як пляцдарм і разгарнуць там свае войскі, блякуючы доступ NATO да Сувалкаўскага калідору, які забясьпечвае перамяшчэньне ў паветранай прасторы суседніх краін і ўсталяваньне наземнай сувязі з Калінінградзкай вобласьцю РФ», — гаворыцца ў справаздачы.

Эстонская выведка лічыць, што ўдар расейскіх войскаў па Ўкраіне і краінах Балтыі праз тэрыторыю Беларусі з патэнцыйнай пагрозы робіцца рэальнай.

Закранутая і ўнутрыпалітычная сытуацыя ў Беларусі.

«Калі Расея ўбачыць, што пратэстоўцы блізкія да перамогі, то мы ня можам выключаць вайсковага ўмяшаньня з боку Расеі, таму што Рэспубліка Беларусь для Расеі ў стратэгічным пляне надзвычай важная. Пакуль мы ня бачым, каб Расея хацела неяк афішаваць сваю актыўную дзейнасьць. Цяпер народ Рэспублікі Беларусь не настроены якім-небудзь чынам супраць Расеі, і мэта Крамля, безумоўна, палягае ў тым, каб такая сытуацыя захоўвалася. Аднак чым даўжэй Крэмль падтрымлівае знаходжаньне Лукашэнкі ва ўладзе, тым больш будзе расьці разуменьне таго, што за ім стаіць Расея», — адзначыў кіраўнік дэпартамэнту зьнешняй выведкі Эстоніі Мік Маран.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG