Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Куды вядзе Лукашэнку сочынская лыжня?


Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін, Сочы, 22 лютага 2021
Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін, Сочы, 22 лютага 2021

Пра што дамовіліся Лукашэнка і Пуцін у Сочы? Ці будзе Беларусь прадаваць «фамільнае срэбра» сыстэмаўтваральных прадпрыемстваў? Ці будзе Масква ціснуць на Лукашэнку наконт канстытуцыйнай рэформы?

Гэтыя тэмы ў «Праскім акцэнце» абмяркоўваюць ІТ-прадпрымальнік, сябра Каардынацыйнай Рады Максім Баграцоў, былы часовы павераны Беларусі ў Швайцарыі Павал Мацукевіч і намесьнік рэдактара сайта Carnegie.ru Максім Самарукаў.

Баграцоў

  • Лукашэнка цяпер у Сочы адчуваў сябе больш упэўнена, чым у верасьні
  • Паводле яго, калі ў яго на вуліцах няма пратэстаў, у яго большая народная падтрымка
  • Гэта насамрэч ня так, але ў кароткатэрміновай пэрспэктыве гэта для яго прыемна
  • Хада сустрэчы ў Сочы сьведчыць пра тое, што пра ўсё дамовіліся напярэдадні. Пра што дамовіліся — ніхто ня ведае
  • Ня выключана, што размова ідзе пра продаж нейкіх актываў
  • Я згодны з аналізам Алеся Аляхновіча, што прамой, тэрміновай неабходнасьці распрадаваць «фамільнае срэбра» цяпер няма
  • У бізнэсе часам актывы прадаюцца не таму, што грошы пільна патрэбныя зараз, а таму, што яны могуць спатрэбіцца праз пэўны час, а цана актываў з улікам дынамікі сытуацыі тады можа ўпасьці
  • Так што цалкам імаверна, што гэтыя ўгоды абмяркоўваюцца
  • Многія ўспрымаюць пэрспэктыву прыходу расейскага капіталу ў Беларусь вельмі нэгатыўна
  • Я на гэта гляджу інакш, ёсьць досьвед вэртыкальнай інтэграцыі ЗША з Мэксыкай і Канадай
  • Вэртыкальная інтэграцыя адбываецца ва ўсім сьвеце, бо так прасьцей выжываць
Максім Баграцоў
Максім Баграцоў
  • Чым больш Расея падтрымлівае Лукашэнку, тым менш у беларускім грамадзтве падтрымкі паглыбленьня інтэграцыі, тым ніжэйшы ўзровень прарасейскіх настрояў
  • Зьдзелку на любоў на 20 гадоў можна зрабіць толькі зь беларускім народам, з Лукашэнкам яе зрабіць немагчыма
  • У заходніх краінаў ёсьць стасункі з Кітаем, з краінамі Азіі і Афрыкі, дзе сытуацыя з правамі чалавека кепская
  • Але ў чым памылка расейскіх уладаў? У тым, што зьявіўся новы ўдзельнік палітычнага працэсу — гэта беларускі народ, які ўсьвядоміў сваё стаўленьне да Лукашэнкі
  • Гэтае стаўленьне можа выказвацца маршамі ці пасіўным супрацівам, але яно нікуды ня зьнікне
  • Нехта зьедзе, нехта застанецца, але любові больш ня будзе
  • Нават у пытаньнях інвэстыцый гэта мае значэньне: ты купляеш прадпрыемства, а калектыў няшчасны, бо працаваць сёньня і адчуваць сябе ў бясьпецы немагчыма
  • Лукашэнка забясьпечыць стабільнасьць больш ня можа
  • Яна на пэўны час можа быць загнаная пад лёд
  • Цынізм цынізмам, але ўсім патрэбная стабільнасьць палітычных і эканамічных адносінаў
  • Гэта не сярэднявечча, калі сялян можна выгнаць у поле. Яны спрабуюць рабіць гэта зараз. Але — не пракоціць

Мацукевіч

  • Самае сумнае ў перамовах у Сочы — гэта тое, што з інтэграцыйных мапаў «зьдзьмуты пыл» і яны неяк абмяркоўваюцца
  • Важныя заявы былі зробленыя на УНС наконт стаўкі выключна на Расею і адмовы ад імкненьня да нэўтралітэту
  • Таксама вельмі важнае рашэньне аб перанакіраваньні транзыту нафтапрадуктаў у расейскія парты
  • Складаецца адчуваньне, што за нашай сьпінай Беларусь зьліваюць
  • Абмяркоўваюцца рэчы, адчувальныя з пункту гледжаньня сувэрэнітэту
  • Лукашэнка гатовы ў інтэграцыі ісьці вельмі далёка, калі толькі няма замаху на «любімую»
  • Думаю, што прапанова Макея — выкрасьліць з Канстытуцыі пункт аб імкненьні да нэўтралітэту — у Расеі вельмі спадабалася
Павал Мацукевіч
Павал Мацукевіч
  • Нэўтралітэт нават такой краіны, як Швайцарыя, не перашкаджае ёй разьвіваць на прыярытэтнай аснове адносіны з пэўнымі дзяржавамі
  • Гэты пункт Канстытуцыі не перашкаджаў быць у шчыльных саюзах з Расеяй, але ён быў пэўным засьцерагальнікам ад магчымых непрымальных прапановаў паглыбленьня гэтай шчыльнасьці
  • Самае сумнае, што на такіх сустрэчах абмяркоўваюцца рэчы, важныя для краіны, а мы пра іх нічога ня ведаем
  • Расейскія інвэстары нічым ня горшыя за іншых, скажам, нямецкіх, але я аддаў бы перавагу таму, каб у куплі беларускіх актываў удзельнічалі і расейскія, і заходнія інвэстары, каб забясьпечыць сваю бясьпеку
  • Я ня стаў бы выключаць варыянт, што абставіны могуць так скласьціся, што дыялёг з Лукашэнкам для Захаду стане найменшым злом
  • Калі ў 2015 годзе Беларусь была пад санкцыямі, гэта не перашкодзіла заходнім лідэрам прыехаць у Менск, каб заключаць пагадненьне па Ўкраіне
  • Для Лукашэнкі складанасьць цяперашняй сытуацыі ў тым, што ён ня мае легітымнасьці ўнутры краіны

Самарукаў

  • Многіх у Беларусі сустрэча ў Сочы расчаравала, былі чаканьні, што там будуць прынятыя нейкія важныя рашэньні, а ўсё прайшло вельмі рутынна
  • Для Расеі беларускі крызіс спускаецца ўсё ніжэй у сьпісе яе прыярытэтаў
  • Вырашылі сытуацыю з працягам дамовы аб стратэгічных узбраеньнях з ЗША, пачалося новае абвастрэньне адносінаў з Украінай, Беларусь адыходзіць на другі плян
  • У Сочы пра палітычны крызіс у Беларусі не гаварылі, не гаварылася, што ў сувязі з гэтым нешта трэба рабіць
  • Ён правёў УНС, паабяцаў канстытуцыйную рэформу, заявіў, што апазыцыю ён перамог
  • Крэмль падтрымаў яго ў дэманстрацыі, што ўсё ў парадку
  • Я летась казаў, што ў Масквы ёсьць жаданьне дэцэнтралізацыі ўлады ў Беларусі, але Лукашэнка будзе гэтаму супраціўляцца
Максім Самарукаў
Максім Самарукаў
  • Пакуль Лукашэнка выйграе. Чым даўжэй ён зацягвае канстытуцыйную рэформу, тым мацнейшы ён робіцца ў стасунках з Крамлём
  • Але гэта не канец крызісу
  • Калі зараз ізноў загаварылі пра інтэграцыйныя «мапы», то ў пэўны момант размова ўпрэцца ў паўнамоцтвы Лукашэнкі
  • Хутчэй за ўсё, ён будзе рэагаваць на гэта сваёй гульнёй у шматвэктарнасьць
  • Крамлю гэтая гульня не спадабаецца, і ўзмоцніцца ціск на Менск
  • Лукашэнку будзе вельмі складана выйграць яшчэ адны выбары
  • Я ня думаю, што ў Беларусі зараз застаўся толькі адзін варыянт зьнешняй палітыкі, вы пераацэньваеце значэньне гуманітарнай рыторыкі Захаду
  • Незалежнасьць Беларусі — гэта каштоўнасьць, якой ніхто не гатовы ахвяраваць, ні ў ЭЗ, ні ў новай адміністрацыі ЗША
  • Рэакцыя Захаду на крызіс у Беларусі ў 2010 годзе была больш жорсткая, чым на леташні
  • Таго, што Лукашэнка зможа ізноў прадаць Захаду сябе як адзінага гаранта беларускай незалежнасьці, я б ня стаў выключаць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG