Прадстаўнік Сьвятланы Ціханоўскай у эканамічных рэформах Алесь Аляхновіч расказаў, на якую фінансавую і эканамічную падтрымку можа разьлічваць Беларусь пасьля дэмакратычных прэзыдэнцкіх выбараў.
Аляхновіч адзначыў, што ў праекце пляну Эўразьвязу «шмат карысных прапаноў для эканомікі Беларусі». Да іх адносяцца:
- значнае павелічэньне фінансаваньня прыватнага бізнэсу і буйных інфраструктурных праектаў праз Эўрапейскі банк рэканструкцыі і разьвіцьця (ЭБРР) і Эўрапейскі інвэстыцыйны банк (ЭІБ);
- разьвіцьцё энэргетычных, экалягічных і іншых трансгранічных і бізнэс-праектаў у межах Усходняга партнэрства;
- прыняцьце пагадненьня аб прыярытэтах партнэрства Беларусі і ЭЗ;
- падтрымка новай праграмы стабілізацыі Беларусі з МВФ, уключаючы дадатковае фінансаваньне ЭЗ праз мэханізм «макрафінансавай дапамогі»;
- падтрымка ўступленьня Беларусі ў Сусьветную гандлёвую арганізацыю;
- тэхнічная дапамога Беларусі ў распрацоўцы рэгулятарных і галіновых рэформаў з удзелам Арганізацыі эканамічнага супрацоўніцтва і разьвіцьця (АЭСР), Сусьветнага банку і ЭБРР;
- бязьвізавы рэжым для беларусаў.
На думку Аляхновіча, Эўразьвяз і эўрапейскія банкі не адзіныя, хто гатовы дапамагчы Беларусі. Можна разьлічваць таксама на дапамогу МВФ, Сусьветнага банку, «многіх дэмакратый», а таксама міжнародных інвэстараў і беларускай дыяспары. Усё гэта дазволіць аднавіць эканоміку Беларусі пасьля таго, як адбудуцца палітычныя зьмены.