Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэвізія папярэдніх сочынскіх дамоўленасьцяў. Што абмяркоўваюць Лукашэнка і Пуцін


Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін на сустрэчы ў Сочы 22 лютага 2021
Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін на сустрэчы ў Сочы 22 лютага 2021

На парадку дня перамоваў у Сочы шмат пытаньняў. І новы крэдыт, і аднаўленьне спрэчак пра дарожныя мапы, і іншае. Аднак, на мой погляд, галоўным пытаньнем перамоваў была тэма, якая пакуль у афіцыйных паведамленьнях нават ня ўзгадваецца. Гэта пытаньне рэвізіі дамоўленасьцяў, дасягнутых Лукашэнкам і Пуціным 14 верасьня там жа, у Сочы.

Сьцісла:

  • Паўгода таму Пуцін патрабаваў ад Лукашэнкі транзыту ўлады ў Беларусі.
  • Аднак тая «дарожная мапа» транзыту, якую Лукашэнка агучыў на Ўсебеларускім народным сходзе, моцна адрозьніваецца ад тых сочынскіх дамоўленасьцяў.
  • Пуцін ня будзе моцна ціснуць на Лукашэнку з шэрагу прычын.
  • Лукашэнка цяпер прыехаў на перамовы ў статусе пераможцы і будзе пераконваць Пуціна, што здушыў пратэсты без аніякіх саступак.

Нагадаю, што тады, у верасьні, Масква рашуча падтрымала Лукашэнку ў ягоным канфлікце з пратэстуючым грамадзтвам, аднак паставіла ўмову: Лукашэнка павінен ажыцьцявіць транзыт улады ў Беларусі. Прычым гэта павінна было адбыцца цягам года-паўтара. Лукашэнка паабяцаў.

Аднак тая «дарожная мапа» транзыту, якую Лукашэнка агучыў на Ўсебеларускім народным сходзе, моцна адрозьніваецца ад тых сочынскіх дамоўленасьцяў. Транзыт расьцягваецца на даўжэйшы тэрмін, хутчэй за ўсё на пяць гадоў, да 2025 г. І высьвятляецца, што насамрэч гэта не зусім і транзыт. Бо Лукашэнка намякнуў, што на самой справе і не зьбіраецца сыходзіць з улады, плянуе застацца, але не на пасадзе прэзыдэнта, а на іншай пасадзе, напрыклад, у статусе кіраўніка Ўсебеларускага народнага сходу, да якога пяройдуць важныя дзяржаўныя функцыі. Вельмі падобную схему рэалізаваў Назарбаеў у Казахстане. І Лукашэнка хацеў бы заручыцца падтрымкай гэтага пляну Пуціным. Ці хоць каб не было моцнага процідзеяньня з боку Крамля.

Думаю, у Лукашэнкі ёсьць добрыя шанцы, што Пуцін ня будзе моцна ціснуць, каб поўнасьцю рэалізаваць дамоўленасьці ад 14 верасьня. На гэта ёсьць шэраг прычын.

Па-першае, цяпер патрэба ў расейскай падтрымцы не такая вялікая, як у жніўні-верасьні мінулага году, калі ўсё хісталася і беларуская намэнклятура ўважліва глядзела на пазыцыю Масквы. За гэты час Лукашэнка ўмацаваў свае пазыцыі ў краіне і можа размаўляць з Пуціным больш упэўнена.

Па-другое, сэнс ідэі транзыту, канстытуцыйнай рэформы палягаў у тым, каб супакоіць беларускае грамадзтва, прапанаваць яму кампраміс. Масква лічыла, што адной сілы і гвалту недастаткова, трэба прапанаваць грамадзтву моркву, саступку, інакш яго не супакоіць.

Але Лукашэнка цяпер прыехаў на перамовы ў статусе пераможцы і будзе пераконваць Пуціна, што здушыў пратэсты без аніякіх саступак. Маўляў, цяпер ніякі кампраміс не патрэбен.

Па-трэцяе, вельмі важны момант той, што ў Расеі сытуацыя памянялася, і Пуцін апынуўся ў падобным становішчы, што і Лукашэнка. Маю на ўвазе расейскія пратэсты. І цяпер Лукашэнка мае поўнае права казаць: мы з табой у адной лодцы, мы з табой разам адбіваемся ад каляровых рэвалюцый.

Таму Пуціну будзе складана падштурхоўваць Лукашэнку да дыялёгу зь беларускім грамадзтвам, бо сам Пуцін не вядзе ніякага дыялёгу з расейскім грамадзтвам. Пуціну будзе складана папракаць Лукашэнку за жорсткія рэпрэсіі, бо тое самае ён робіць адносна апанэнтаў і ў самой Расеі.

Або як можна абмяркоўваць тэму суду над Бабарыкам? Пуцін свайго галоўнага праціўніка таксама пасадзіў у турму. Якія тут могуць быць прэтэнзіі?

Па-чацьвёртае, за гэтыя паўгода ў Расеі рэзка абвастрыліся адносіны з Захадам. І тут яны з Лукашэнкам у адным акопе. Такіх адданых саюзьнікаў у барацьбе з Захадам у Расеі дакладна няма.

Усе пералічаныя фактары працуюць на карысьць таго, каб Пуцін пагадзіўся з рэвізіяй сочынскіх пагадненьняў ад 14 верасьня.

А ўсё астатняе — гэта дадатак да галоўнага пытаньня. Нагадаю, што напярэдадні Беларусь і Расея падпісалі дамову аб транзыце беларускіх экспартных грузаў праз расейскія парты. І пытаньне аб пралянгацыі дамовы аб двух расейскіх вайсковых аб’ектах на тэрыторыі Беларусі практычна вырашанае. Гэта такія выразныя жэсты ў бок Крамля. Цяпер можна і прасіць новы крэдыт, і размаўляць пра дарожныя мапы інтэграцыі.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG