Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Урад забараніў павышаць цэны на харчы і лекі. Разьбіраемся, да чаго гэта прывядзе


Цэны «замарозілі» на 60 найменьняў прадуктаў і 40 найменьняў лекаў
Цэны «замарозілі» на 60 найменьняў прадуктаў і 40 найменьняў лекаў

Савет Міністраў прыняў пастанову, паводле якой у лютым на 60 найменьняў прадуктаў і 40 найменьняў лекаў цэны нельга павышаць зусім. З сакавіка павышэньне магчымае ў межах 0,2% за месяц.

Разьбіраемся, якія будуць наступствы пастановы.

На што нельга павышаць цэны

У сьпіс з 60 найменьняў прадуктаў увайшлі амаль усе распаўсюджаныя тавары: малако, хлеб, цукар, соль, ялавічына і сьвініна, рыба, кансэрвы, яйкі, малочныя вырабы, яблыкі, амаль усе крупы, кава, гарбата, мыла.

У сьпіс лекаў увайшло 40 найменьняў. Гэта лекі ад прастуды кшталту ангрымаксу ці арпэтолу і нават заспакаяльныя прэпараты кшталту фэнібуту.

Як раней «замарожвалі» цэны і да чаго гэта прыводзіла

У красавіку мінулага году падчас першай хвалі каранавірусу Міністэрства антыманапольнага рэгуляваньня на 90 дзён увяло дзяржаўнае рэгуляваньне цэнаў на 26 сацыяльна значных тавараў. Паводле абмежаваньня, надбаўка на тавар мусіць не перавышаць тую, якая была ў студзені–лютым цягам 90 дзён. Гранічная максымальная надбаўка імпартэра — 10%.

У красавіку Свабода праверыла і высьветліла, што цэны на прадукты вырасьлі. Нягледзячы на ўведзеныя абмежаваньні інфляцыя ў 2020 годзе была рэкорднай — больш за 7%.

У 2011 годзе, калі ў Беларусі здарылася дэвальвацыя, дзяржава таксама спрабавала рэгуляваць цэны на прадукты паводле сьпісу сацыяльна значных тавараў. У выніку, цэны на іх вырасьлі за год у сярэднім на 125%.

Інфляцыя за 2011 год склала 108,7%.

«Некаторыя тавары могуць зьнікнуць»

Такія забароны не прыводзяць да пазытыўных выніках, упэўнены старшы навуковы супрацоўнік Beroc Леў Львоўскі.

«Цэны ў рытэйле вызначаюцца канкурэнтныя, туды закладаецца кошт куплі тавару, заробкі супрацоўнікам, рызыкі, транспарт. Асабліва рызыкі характэрныя для імпартных прадуктаў. Калі не дазваляць павышаць цэны, то цэны могуць павысіць загадзя, могуць адмовіцца ад нейкіх тавараў, крамы могуць прымусіць працаваць са стратамі, але гэта пагоршыць іх фінансавы стан», — прагназуе Леў Львоўскі.

Паводле яго, наступствамі ад такога рашэньня можа быць дэфіцыт нейкіх тавараў.

«Падобную меру спрабавалі ўжываць летась, і тады гэта хутка адмянілі. Замарожваньне цэнаў не прыводзіць да добрых вынікаў», — лічыць Леў Львоўскі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG