Нацбанк у сваёй справаздачы патлумачыў значны рост цэнаў на тавары і платныя паслугі ў канцы 2020 году. У чацьвёртым квартале 2020-га гадавая інфляцыя склала 7,4% пры ўстаноўленым мэтавым парамэтры ня больш за 5%.
Асноўнымі фактарамі паскарэньня інфляцыі, паводле аналітыкі Нацбанку, сталі далейшы «перанос у цэны аслабленьня беларускага рубля на фоне высокіх інфляцыйна-дэвальвацыйных чаканьняў эканамічных агентаў», а таксама «шокі прапановы на рынках асобных харчовых тавараў».
З прычыны неўраджаю сланечніка і цукровых буракоў у рэгіёне назіраўся паскораны рост цэнаў на алей, цукар, кандытарскія вырабы. Акрамя спажывецкага рынку Беларусі, ён закрануў і рынкі Ўкраіны, Расеі.
У кастрычніку-сьнежні 2020-га найбольш высокімі тэмпамі павялічваліся тарыфы на паслугі сувязі, кошт праезду ў гарадзкім пасажырскім транспарце, а таксама цэны на мэдыкамэнты.
У сьнежні прырост цэнаў на плодагароднінную прадукцыю склаў 16%, і гэта яшчэ пасьля запаволеньня росту, бо ў верасьні яны вырасьлі адразу на 21,4%. Такія павышэньні пераважна абумовіла падаражэньне гародніны, што можа быць выклікана «збоямі ў лягістычных ланцужках з прычыны абмежавальных захадаў, якія робяцца краінамі ў рамках барацьбы з пандэміяй». Пры гэтым назіралася пэўнае зьніжэньне цэнаў на садавіну.
Але найбольш высокімі тэмпамі ў гадавым вымярэньні павялічваліся цэны на прадукцыю вытворча-тэхнічнага прызначэньня. Цэны на фармацэўтычную прадукцыю паднялі самі вытворцы, што можа адбіцца на цэнах для спажыўцоў.