Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гамяльчук расказаў пра жорсткія ўмовы ўтрыманьня ў ІЧУ Буда-Кашалёва, дзе ён галадаваў 28 дзён


Акцыя за Лукашэнку ў Буда-Кашалёве
Акцыя за Лукашэнку ў Буда-Кашалёве

Гамяльчук яшчэ ў першы дзень у зьняволеньні пачаў галадоўку.

На волю выйшаў гамяльчук Ігар Краўчанка, якому суд Савецкага раёну Гомля прысудзіў 30 сутак адміністрацыйнага арышту па артыкуле 23.34 (удзел у несанкцыянаванай акцыі). Усяго ён адседзеў у ІЧУ Буда-Кашалёва 28 сутак, паведамляе «Флагшток».

Ігар Краўчанка раней ужо трапляў у ІЧУ ў канцы жніўня 2020 году за ўдзел у мірным пратэсьце. На пачатку 2021 яго затрымалі за акцыі зь бел-чырвона-белым сьцягам. Выйшлі на Ігара пасьля праверкі тэлефона аднаго з затрыманых — там быў выхад на закрыты чат, якім валодаў Краўчанка. Перад гэтым затрымалі некалькі ўдзельнікаў чату.

«Міліцыя спачатку прыйшла да маёй дачкі, запалохвалі яе, пагражалі адабраць дзіця, якому 5 месяцаў. Правялі ператрус, забралі ўсю тэхніку ў мяне і дачкі. Потым міліцыя спрабавала пачапіць на мяне ўсю партызанскую актыўнасьць у раёне Фэстывалю».

Больш за ўсё міліцыю, паводле Краўчанкі, разьюшыў фатаздымак каля ялінкі ў 5-м мікрараёне, зроблены 1 студзеня, на якім Краўчанка нібыта стаяў са сьцягам. Сам Ігар адмаўляў, што на фота ён. Але міліцыю доказы не цікавілі, і там склалі пратаколы менавіта на Краўчанку. Судзьдзём у справах быў Аляксандар Мохараў, які даўно займаецца палітычнымі прысудамі.

«Там цікавостка ў пастанове суда была. Яны змаглі прыплесьці, што я парушыў Канвэнцыю ААН па правах чалавека. Усе ўжо сьмяяліся. Я бачыў сотні рашэньняў суду, але ўпершыню яны спасылаліся на Канвэнцыю».

Расказаў Краўчанка і пра другі суд і абставіны, якія яму папярэднічалі.

«На другі суд мяне павезьлі з ІЧУ Буда-Кашалёўскага раёну. Надзелі ззаду кайданкі і не зьнялі іх нават у машыне. Хоць адміністрацыйным затрыманым у транспартным сродку кайданкі наогул здымаюць. Гэта абсалютна нікога не хвалявала. У мяне рукі апухлі, пакуль я прыехаў».

Краўчанка кажа, што судзьдзя Мохараў проста «прышпіліў» яму тыя пратэставыя фатаграфіі. На гэта асуджаны да адміністрацыйнага арышту сказаў, што лічыць затрыманьне і заключэньне пад варту незаконнымі і палітычна матываванымі. Адзінай формай пратэсту ў гэтых умовах ён палічыў галадоўку. Цалкам галадаў усе 28 дзён арышту.

«Першыя 13 дзён была толькі вада, потым зьявіліся гарбата і цукар. І яшчэ мне перадалі пасылку, там быў літар соку. Адразу думаў галадаць дзён 10, а потым выходзіць. Але 10 дзён прайшлі нядрэнна. Аднойчы адчуў сябе ня вельмі добра. Калі заставаліся 13 дзён, вырашыў, што яшчэ пацярплю. Некалькі разоў „накрывала“ досыць моцна. Я хадзіў на прагулкі. Думаў некалькі разоў, што не дайду да камэры», — сказаў Краўчанка.

Краўчанка падзякаваў за падтрымку ўсім, хто пісаў яму шматлікія лісты. Праўда, адказаць змог толькі на частку, бо ў Буда-Кашалёўскім ІЧУ ў камэры няма стала. Пісаць можна толькі на кнізе на каленях. Акрамя таго, па словах Краўчанкі, умовы ўтрыманьня досыць жорсткія. У якасьці прыбіральні — вядро. Вады няма, трэба прасіць, каб бутэльку вады набралі, і тады зь яе ўсе п’юць.

Вялікіх наступстваў пасьля галадоўкі былы арыштаваны пакуль не адчуў. Адзінае, што хутка стамляецца нават ад паходу ў краму, пасьля чаго «пачынае думаць, што яму 80 гадоў».

Хроніка палітычных галадовак пратэсту ў Беларусі

  • 1990 год — галадоўка «апошняга дысыдэнта СССР», актывіста БНФ Валера Сядова. Сядова затрымалі за ўдзел у антыкамуністычным мітынгу. У СІЗА на вуліцы Валадарскага ён правёў 70 дзён і 32 зь іх галадаў.
  • У 1996 годзе пасьля арышту на Чарнобыльскім шляху галадоўку абвесьцілі Вячаслаў Сіўчык і Юры Хадыка. Яны не прымалі ежу на працягу 21 дня.
  • Самая працяглая палітычная галадоўка ў Беларусі адбылася ў 2005 годзе: 74 дні трымаў галадоўку прадпрымальнік з Ваўкавыску Мікалай Аўтуховіч, які пратэставаў супраць незаконнага судовага перасьледу.
  • У 2006 годзе 53 дні галадаў у віцебскай турме Аляксандар Казулін. 40 дзён галадаў за кратамі Сяргей Скрабец.
  • У 2006 годзе галадалі сябры «Маладога фронту», сярод іх былі і дзяўчаты: Наста Палажанка, Наста Азарка. Азарка галадала 12 дзён, яе шпіталізавалі.
  • У 2008 годзе амаль два тыдні ў Гомельскай калёніі галадала прадпрымальніца Святлана Дваранінава, якая дамагалася адмены прысуду.
  • Таксама ў 2008 годзе наваполацкая прадпрымальніца Яўгенія Бачурная, якую абвінавацілі ў невяртаньні крэдыту, галадала ў Гомельскай калёніі больш за 2 тыдні. У выніку яна дамаглася, што яе брата і мужа тэрмінова дапыталі ў якасьці сьведак.
  • На працягу 2019―2020 гадоў галадоўкі пратэсту абвяшчалі актывісткі руху «Матулі 328». Яны галадалі невялікімі групамі, акцыі працягваліся ў выглядзе эстафэты, дасягалі 22 дзён.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG