Пры гэтым Масгарсуд залічыў у тэрмін адбыцьця пакараньня час, які Навальны правёў пад хатнім арыштам, а таксама месяц у СІЗА «Матроская цішыня». З улікам гэтага апазыцыянэр будзе знаходзіцца ў калёніі каля 2 гадоў і 5 месяцаў, на паўтара месяца менш, чым чакалася раней.
Навальны быў асуджаны ў 2014 годзе па абвінавачваньні ў махлярстве да 3,5 гадоў пазбаўленьня волі ўмоўна, з выпрабавальным тэрмінам на пяць гадоў (затым яго працягнулі яшчэ на год). У лютым 2021 году суд замяніў гэтае пакараньне на рэальнае заключэньне па прадстаўленьні Фэдэральнай службы выкананьня пакараньняў. Ведамства палічыла, што палітык парушае ўмовы свайго пакараньня і хаваўся ад яго.
Абарона Навальнага настойвае, што Навальны ня хаваўся, а праходзіў рэабілітацыю ў Нямеччыне. А ў інспэкцыі ФСВП быў адрас апазыцыянэра, па якім Сіманаўскі суд накіроўваў дакумэнты. Пракурор у адказ заявіла, што палітык спрабаваў дэкляраваць «права быць вышэй за закон», паколькі ён павінен быў зьяўляцца на рэгістрацыю, калі яму скажуць, а не калі яму зручна.
У апошняй прамове падчас пасяджэньня палітык заявіў, што не шкадуе, што вярнуўся ў Расею, што сіла — у праўдзе, а Расея «будзе ня толькі свабоднай, але і шчасьлівай».
Справу «Іў Рашэ», па якой Навальны быў асуджаны, ён і яго прыхільнікі лічаць палітычна матываванай. У 2017 годзе Эўрапейскі суд па правах чалавека пастанавіў, што разгляд справы парушыў права Навальнага на справядлівае разьбіральніцтва.
У 14 гадзін па маскоўскім часе ў будынку Бабушкінскага суду пачаўся яшчэ адзін суд з удзелам палітыка. Судзьдзя, як чакаецца, а 18-й гадзіне вынясе рашэньне па справе аб паклёпе супраць удзельніка рэклямнага роліка за папраўкі ў Канстытуцыю. Яго, як сьцьвярджае сьледзтва, Навальны насуперак фактам назваў халуём і здраднікам. Палітык абвінавачваньне адмаўляе.