Намесьнік галоўнага доктара омскага шпіталя хуткай мэдычнай дапамогі, дзе ў жніўні лячылі Аляксея Навальнага, раптоўна памёр у 55 гадоў, перадае «Настоящее время». Сяргей Максімішын сканаў ад сардэчнага прыступу ў сваім аддзяленьні.
Кіраўнік сеткі рэгіянальных штабоў Леанід Волкаў сказаў CNN, што курс лячэньня Навальнага ў Омску вызначаў менавіта Максімішын, у тым ліку ён сачыў за ўвядзеньнем палітыка ў штучную кому.
«Пра стан Аляксея ён ведаў больш за ўсіх, таму магчымасьці забойства цалкам выключыць нельга», — заявіў Волкаў.
Пры гэтым ён дадаў, што гэткая сьмерць у 55 гадоў для расейскіх рэалій ня рэдкасьць.
Аляксею Навальнаму стала блага 20 жніўня 2020 году ў самалёце, які ляцеў з Томску ў Маскву. Самалёт тэрмінова сеў у Омску. Навальнага шпіталізавалі, а потым вывезьлі ў нямецкую клініку. Пасьля лячэньня і рэабілітацыі Навальны 17 студзеня вярнуўся ў Расею. Яго арыштавалі ў аэрапорце і 2 лютага пасадзілі ў калёнію агульнага рэжыму на 2 гады і 8 месяцаў.
У арганізьме палітыка знайшлі сьляды «Навічка». Канцлерка Нямеччыны Ангела Мэркель запатрабавала ад Расеі тлумачэньняў.
Эўразьвяз у кастрычніку ўвёў санкцыі супраць шасьці расейскіх чыноўнікаў і дзяржаўнага НДІ арганічнай хіміі і тэхналёгіі, дзе, як лічаць у ЭЗ, распрацавалі атруту.
У лістападзе 2020 году галоўнага доктара омскага шпіталя хуткай дапамогі Аляксандра Буркова прызначылі міністрам аховы здароўя Омскай вобласьці.