19 лютага раніцай Аляксандар Лукашэнка прыехаў у Купалаўскі тэатар. Яму паказалі рэпэтыцыю спэктакля «Паўлінка» з удзелам актораў, якія прыйшлі на месца купалаўцаў, што звольніліся на знак пратэсту супраць фальшаваньня выбараў, гвалту сілавікоў і звальненьня Паўла Латушкі з пасады дырэктара тэатру.
Перад рэпэтыцыяй міністар культуры Анатоль Маркевіч расказаў, што ў трупу прынялі студэнтаў унівэрсытэту культуры і акадэміі мастацтваў.
«І я хачу запэўніць: гэтая моладзь не падвядзе ні тэатар, ні краіну», — сказаў Маркевіч.
— Значыць, у 2020 годзе мы загубілі гэты спэктакль і зноў яго аднавілі? Цалкам? Ня горш, чым было? — спытаўся Лукашэнка.
— Я думаю, нават лепш, — адказаў міністар.
П’еса Янкі Купалы «Паўлінка» напісаная ў 1912 годзе, упершыню яе паставілі ў 1913-м. Доўгія гады менавіта паказам «Паўлінкі» купалаўцы адкрывалі новы тэатральны сэзон.
Лукашэнка ў Купалаўскім гаварыў пра «балбатню на „мове“»
«Я лічу, што нацыяналізм — гэта не балбатня на „мове“. А гэта рабіць тое, што застанецца ў памяці. Я заўжды імкнуся да таго, каб у нас былі пэўныя традыцыі», — сказаў Лукашэнка падчас гутаркі з акторамі.
У якасьці такіх традыцый Лукашэнка згадаў штогадовае ягонае пасланьне да парлямэнту і народу, а таксама Ўсебеларускі сход.
«Вы таксама сталі добрай, нават не традыцыяй, вы — сымбаль нашага народу. Таму заўсёды трэба ствараць тое, што цябе будзе адрозьніваць ад іншых. І ў гэтым будзе добры нацыяналізм, за што мяне ў Расеі часам крытыкуюць і папракаюць. Але я кажу: я ж прэзыдэнт Беларусі. Пры ўсёй любові да расейца, я — прэзыдэнт Беларусі. Таму я буду рабіць усё, што трэба нашым беларусам, тое, што будзе нас адрозьніваць. Ад расейцаў таксама», — сказаў Лукашэнка.
Ён паўтарыў сваю думку пра тое, што багацьце народу Беларусі палягае ў тым ліку ў веданьне дзьвюх моваў — расейскай і беларускай. І ад гэтай спадчыны ні ў якім разе нельга адмаўляцца.
«Ніколі не сьпяшайцеся. Асабліва творчыя работнікі і палітыкі. Мы ня маем права на гэтую пасьпешлівасьць. Мы павінны акуратна весьці палітыку на гэтым лапіку зямлі. Гэта нашае, мы больш ня просім. Але мы мілімэтра нікому не аддамо», — сказаў Лукашэнка.
«Давайце будзем берагчы нашую краіну, а вы ў сваёй творчасьці павінны ўсё гэта ўвасобіць. Абавязаныя! Ня мне. Вы свайму народу абавязаныя. Няхай мінулы год будзе вялікім урокам для нас. Асабліва для нашых дзяцей. Мы можам іх проста страціць», — падсумаваў Лукашэнка.
Як разьвіваліся падзеі вакол Купалаўскага тэатру
- У жніўні купалаўцы публічна асудзілі самавольства і гвалт сілавікоў у дачыненьні да мірных дэманстрантаў, пасьля чаго быў звольнены дырэктар тэатру Павал Латушка. На знак салідарнасьці зь ім з Купалаўскага тэатру сышлі амаль усе акторы, рэжысэры, рэдактары, адміністратары, музыканты аркестру, кіраўнік літаратурна-драматургічнай часткі, мастацкі кіраўнік Мікалай Пінігін — больш за 60 чалавек. З старой трупы засталося каля дзесяці актораў.
- 14 верасьня Нацыянальнаму акадэмічнаму тэатру імя Янкі Купалы споўнілася 100 гадоў.
- 19 лістапада Аляксандар Лукашэнка празначыў Анатоля Маркевіча міністрам культуры і даручыў яму ўрэгуляваць сытуацыю вакол Нацыянальнага акадэмічнага тэатру імя Янкі Купалы. «Прыйшоў адзін нягоднік, прасіўся туды, кляўся, што будзе верным краіне, Айчыне і прэзыдэнту, і што здарылася? Што здарылася з гэтай трупай?» — абурыўся тады Лукашэнка. Тады ж пачаўся адбор новых актораў у трупу.
- Акторы, якія пакінулі тэатар, стварылі незалежную групу актораў «Купалаўцы» і запусьцілі канал на YouTube.
Колішні дырэктар Купалаўскага тэатру Павал Латушка заявіў, што «кожны разумны артыст разумее, што зьвязацца цяпер з Лукашэнкам — гэта назаўжды зганьбіць сябе».