Прадстаўляючы калектыву новага кіраўніка, міністар культуры Анатоль Маркевіч падкрэсьліў, што «Аляксандар Віктаравіч адказна ставіцца да пытаньняў рэалізацыі дзяржаўнай палітыкі ў галіне культуры», гаворыцца ў афіцыйным паведамленьні ведамства.
Удакладняецца, што за час працы ў Менгарвыканкаме ён праявіў сябе як «граматны і кваліфікаваны кіраўнік». Пад яго кіраўніцтвам праводзілася мэтанакіраваная праца «на павышэньне якасьці паслугаў, якія прадстаўляюцца ўстановамі культуры Менску, выкананьне сацыяльна-эканамічных паказьнікаў, стварэньне ўмоў для захаваньня і разьвіцьця беларускай культуры і мастацтва».
Ад леташняга верасьня, калі адзначаўся 100-гадовы юбілей установы, праца Купалаўскага тэатру была фактычна паралізаваная. Тагачаснага дырэктара Паўла Латушку кіраўніцтва Міністэрства культуры звольніла за асуджэньне гвалту сілавікоў супраць мірных пратэстоўцаў.
На знак салідарнасьці зь ім падалі заявы аб звальненьні ўсе вядучыя акторы, а таксама тэхнічны пэрсанал. У тэатры засталіся блізу 10 чалавек, на ягонай пляцоўцы выступалі танцоры, харавікі і «кавээншчыкі».