«Для Латвіі непрымальная глярыфікацыя нацызму ў любой форме», – напісаў Рынкевічс у сваім Твітэры 18 лютага.
Пракрамлёўскі публіцыст і тэлевядоўца Ўладзімір Салаўёў заявіў агенцтву «РИА Новости», што абмяркуе з адвакатам падачу пазову ў суд з прычыны забароны на ўезд у Латвію.
15 лютага Салаўёў, тлумачачы ў эфіры тэлеканалу «Россия 1», чаму ён не паважае апазыцыйнага палітыка Аляксея Навальнага, параўнаў яго зь лідэрам нацысцкай Нямеччыны Адольфам Гітлерам і дывэрсантам Ота Скарцэні. Іх абодвух Салаўёў назваў «сьмелымі» людзьмі. У прыватнасьці, кажучы пра Гітлера, Салаўёў сказаў, што той «быў вельмі адважным чалавекам» і, у адрозьненьне ад Навальнага, «не касіў ад войска», а таксама «ваяваў доблесна падчас Першай сусьветнай вайны».
Пасьля эфіру дэпутат Дзяржаўнай Думы ад КПРФ Валерый Рашкін напісаў запыт у Генпракуратуру з патрабаваньнем праверыць словы Салаўёва на прадмет рэабілітацыі нацызму. Салаўёў у адказ сказаў, што яго словы ня маюць дачыненьня да рэабілітацыі нацызму: «Я сказаў, што асабістая адвага Гітлера не зьяўлялася апраўданьнем яго ўчынкаў».
Акрамя Салаўёва ўезд у Латвію таксама забаронены расейскаму актору Івану Ахлабысьціну, сьпявачцы Валерыі і сьпеваку Алегу Газманаву, кіраўніку Чачні Рамзану Кадыраву, былому кіраўніку Сьледчага камітэту Аляксандру Бастрыкіну, больш за 40 фігурантам «сьпісу Магніцкага».