Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Лукашэнка зусім загуляўся», — расейскі тэлевядоўца Салаўёў


Ўладзімір Салаўёў
Ўладзімір Салаўёў

«Лукашэнка спрабуе падысьці да чырвонай рысы і чакае, што скажа Расея», — гэтымі фразамі расейскі тэлевядоўца Ўладзімір Салаўёў пракамэнтаваў інтэрвію кіраўніка Беларусі ўкраінскаму журналісту Дзьмітрыю Гардону.

У сваёй праграме «Соловьёв LIVE» ён абурана выказаўся наконт самога факту інтэрвію. «Мне Лукашэнка баіцца даць інтэрвію», — сказаў ён.

Аднак асабліва Салаўёва раззлавала наступная цытата з гутаркі Гардона з Радыё Свабода пра сустрэчу з Лукашэнкам: «Ён сказаў, што будзе дадзена зялёнае сьвятло пракуратуры і іншым праваахоўным органам Беларусі, якія адпаведна зь беларускімі законамі зробяць усё неабходнае для таго, каб вінаватых перадаць і Расеі, і Ўкраіне».

«А вось гэта, хлопцы, ужо зусім сур’ёзна», — падсумаваў Салаўёў.

Скрыншот з праграмы Ўладзіміра Салаўёва
Скрыншот з праграмы Ўладзіміра Салаўёва

У ноч на 29 ліпеня супрацоўнікі праваахоўных органаў Беларусі затрымалі пад Менскам 32 баевікі расейскай прыватнай вайсковай кампаніі «Вагнэр». Яшчэ аднаго затрымалі пазьней на поўдні Беларусі. Усе затрыманыя — грамадзяне Расеі, але некаторыя зь іх маюць і ўкраінскі пашпарт.

Паводле ўкраінскага цэнтру «Миротворець», большасьць зь іх датычныя да баявых дзеяньняў на тэрыторыі ўкраінскага Данбасу.

31 ліпеня стала вядома, што Беларусь афіцыйна перадала Ўкраіне сьпіс затрыманых. Праваахоўныя органы і ўлады Ўкраіны зьвярнуліся да Беларусі з просьбай выдаць іх Украіне.

5 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі правёў тэлефонную размову з Лукашэнкам.

«Спадзяюся, што падазраваных у тэрарыстычнай дзейнасьці на тэрыторыі Ўкраіны нам перададуць для прыцягненьня да крымінальнай адказнасьці згодна зь дзейнымі міжнародна-прававымі дакумэнтамі», — напісаў Уладзімір Зяленскі ў сваім тэлеграм-канале.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG