Чаму беларусы стаміліся; як цяпер дапамагчы сабе і сваім дзецям; чаму ня варта аддавацца цалкам любові да краіны, а таксама з чым амапаўцы пойдуць па псыхалягічную дапамогу, расказала псыхоляг Дар’я Зьмітровіч.
Дар’я Зьмітровіч аказвае псыхалягічную дапамогу пацярпелым у пратэстах, працуе з дарослымі, дзецьмі і падлеткамі. У пачатку пратэстаў яе саму на вуліцы пабіў АМАП.
«Не хапае сіл плакаць, бедаваць, захапляцца. Гэта нармальна»
— За апошнія паўгода беларусы, якія ўдзельнічалі ў пратэстах або сачылі за сытуацыяй, перажывалі эмацыйныя ўздымы і спады. Часта перажываньні ў людзей супадалі. У якім месцы цяпер апынулася большасьць беларусаў у псыхалягічным сэнсе?
— Ня важна, ці выходзіў ты на вулічныя акцыі, ці бачыў гвалт са свайго вакна, ці глядзеў ролікі аб пратэстах, у любым выпадку людзі знаходзяцца ў эмацыйным выгараньні. Гэты пэрыяд нават большы. Падзеі пачаліся задоўга да жніўня, калі адбыліся першыя затрыманьні. Тады пачало зьяўляцца напружаньне. Любы арганізм, які доўгі час знаходзіцца ў напружаньні, стамляецца.
Хтосьці гаворыць, што пратэст зьдзьмуўся. Гэта нармальна пасьля нечага інтэнсіўнага, што захапіла кожнага, калі ўвага была прыцягнутая да нечага аднаго: ці будзем мы, беларусы, свабоднымі, ці застанёмся сабой.
Цяпер многія эмоцыі перасталі пражывацца вельмі інтэнсіўна. Не стае сіл плакаць, бедаваць або захапляцца. Псыхіцы патрэбны роўны стан, супакой. Жыцьцё працягвае быць такім жа інтэнсіўным. Тое, што мы рэагуем на яго крыху па-іншаму, — абсалютна нармальна. Менавіта гэта дапаможа, як дапамагала сотні тысяч гадоў, — запавольваньне, заміраньне, супакаеньне, перазагрузка.
— Ці ёсьць норма часу, колькі чалавек можа перажываць моцныя эмоцыі?
— Тут важна, якая канстытуцыя ў чалавека. Гэта вельмі індывідуальна. Для некага дастаткова некалькі гадзін, а потым наступае доўгі працэс спаду. Чаму нехта можа хадзіць на пратэст кожны дзень і працягваць жыць, быць трывалым? Гэта выклікае шмат захапленьня, некаму гэта дасяжнае. Некаму дастаткова ўпершыню перажыць страх за сябе, за сваё жыцьцё, за сваіх блізкіх — і апусьціцца ў заміраньне.
Думаю, што страх перажывалі многія беларусы ў гэты пэрыяд. На страх у нас некалькі рэакцый: стой, бі, бяжы. Хто як адрэагуе, у кім якая генэтыка закладзеная, якая псыхіка; мы не даведаемся, пакуль гэтага не пражывем.
«Складана, бо не відаць выніку, на які многія разьлічваюць»
— Зьявіўся мэм пра тое, на якіх хвалях беларусы перажываюць пратэсты: «Мы пераможам» — «Нас расстраляюць». Ці вы можаце пералічыць значныя псыхічныя этапы, якія адбываліся зь беларусамі за гэты час? Магчыма, іх больш, чым гэтыя дзьве скрайнасьці.
— Я прыгадала другі добры мэм: «Каго любіш?» — «Люблю Беларусь». — «То трымайся». Ён для мяне — галоўны ляйтматыў таго, як трэба любіць Беларусь: набрацца шмат-шмат цярплівасьці. Вядома, гэта ня дзьве хвалі, а некалькі пэрыядаў.
Зразумела, ніхто не чакаў, што гэта працягнецца так доўга. У гэтым ключ, чаму адбылося эмацыйнае выгараньне. Усім нам падабаецца бачыць вынік у любой дзейнасьці. Калі нам кажуць: «Празь некалькі гадоў вы ўбачыце вынік», цяжка брацца за такую справу.
Гэта нармальна, што кожнаму з нас здавалася такім відавочным, што прыйдзе 9 жніўня, прыйдзе 10 жніўня — і ўсё стане такім ясным, простым. Так ня выйшла. Адбывалася тое, да чаго многія не былі гатовыя.
Потым атрымалася перажыць салідарнасьць і блізкасьць. І тады здавалася, што вось яно, ужо на паверхні. Тады падумалася, што вось, гэта вынік выбараў. Але гэтага ня здарылася. І нам нібыта сказалі: «Трэба яшчэ крышачку». І так кожны раз гучыць: «Трэба яшчэ крышку». А што менавіта, незразумела.
Складана, бо не відаць таго выніку, на які многія разьлічваюць. Але ёсьць столькі іншых рэчаў, якія ня могуць ня цешыць. Ці ж маглі беларусы ў 2019 годзе падумаць, што яны перажывуць столькі салідарнасьці, што яны навучацца быць блізкімі? Я магу са свайго досьведу сказаць, што я стала багатым чалавекам на людзей, абсалютна чужых і ўжо такіх блізкіх.
Каб прадухіляць эмацыйнае выгараньне, варта па драбніцы, пацерцы нанізваць на сваю нітку: «А што мне гэта ўсё дае?», «А ў чым мне гэта дапамагае?» Не забывацца, што любіць краіну часам складана. Гэта нешта пэрманэнтнае. Мы ж не гаворым чалавеку побач з намі штодня, што мы яго любім, або ня робім нешта адмысловае, каб гэта падкрэсьліць. Мы проста любім. Цяпер беларусы практыкуюць любоў да краіны. Мы дакладна даведаліся, што беларусы — творчыя людзі, і праяўляць любоў мы ўмеем тысячай розных спосабаў.
Я б хацела зьвярнуцца да кожнага. Патрэбна перазагрузка, варта быць уважлівым да сябе, бо любіць трэба ўмець. Гэта ня толькі пра тое, каб аддавацца цалкам. Трэба памятаць пра сябе, што кожны з нас важны ў псыхічным і фізычным здароўі. Мы патрэбны нашым блізкім.
Варта нагадваць сабе пра тое, што ўжо атрымалася. Я сустракала людзей, якія казалі, што ня могуць ні пра што іншае думаць: «У мяне цяпер на першым месцы — што будзе з краінай. Я не магу працаваць. Я не магу адпачываць». Для многіх перастала існаваць тэма хобі, адпачынку. Гэта ахвяраваньне сваім жыцьцём, паставіць усё на адно. У гэтым шмат небясьпекі.
Свабодная шчасьлівая Беларусь — гэта доўгатэрміновы праект. Ня трэба чакаць выніку заўтра ранкам.
«Мы ж не пасадзім у турму таго, хто думае, што лыжы лепшыя за сноўборд»
— У сьвеце захапляюцца мірным пратэстам беларусаў. Адначасна многія затрыманыя прызнаваліся, што цяжкім быў ня столькі гвалт, колькі немагчымасьць адказаць на яго, даць адпор. Вы можаце назваць ягоныя плюсы і мінусы для псыхікі пратэстоўцаў?
— Хочацца пачаць з плюсаў. Беларусы сталі прыкладам для ўсяго сьвету, калі людзі зь любоўю, з усьмешкамі, сем’ямі выходзілі, каб іх пачулі. Гэта ўнікальны прыклад. Я аналізую, як пратэсты адбываюцца ў іншых краінах. На жаль, не ва ўсіх стае столькі цярплівасьці.
Мы паказваем апанэнтам, якія ў брані і трымаюць зброю, што многае можна рабіць бяз зброі, без пагрозьлівага выгляду. Я ня раз чула, як жанчыны (і я сама) стараліся гаварыць з узброенымі людзьмі, прасілі, каб яны спынілі гвалт над намі. Нават калі я не назірала выніку ў той жа момант, баец не апусьціў шчыт і не перайшоў на бок мірных грамадзянаў, магчыма, гэта тое зярнятка, якое праз час дасьць плён.
Ёсьць рэжым, які чамусьці вучыць гвалту. Але гэта ня толькі людзі ў форме. Мы гэта назіраем штодня: бацькі, якія думаюць, што выхаваньне дзяцей абапіраецца на тое, каб быць жорсткім, дырэктыўным, прымушаць, кантраляваць. На жаль, вынік заўжды ня той, якія чакаеш. Там зьнікаюць стасункі, кантакт, блізкасьць, любоў. Усё, што зрабіў орган, які кіруе краінай, — настроіў людзей супраць сябе: як жорсткі бацька, які спрабаваў падпарадкаваць усіх і кожнага.
Колькі разоў мы параўноўваем падзеі ў Беларусі з раманам Оруэла. І нават кантроль ураду над нашымі думкамі меў месца. Забаронена думаць, забаронена апранаць спалучэньне пэўных колераў, забаронена гаварыць. Праявы таталітарызму, непрыкрытага, аголенага. Гэта вельмі крыўдзіць грамадзянаў, што мой урад нават не клапоціцца, як паднесьці мне нешта, ён не клапоціцца пра мяне як пра чалавека. Урад думае масамі, адсоткамі, але ня думае пра кожнага чалавека асобна.
Мінус, які ўрад зрабіў супраць сябе, — нашую ляяльнасьць ужо не вярнуць, прычым да любых дзяржаўных структураў: да аблвыканкамаў, падатковай інспэкцыі.
Гэтая злосьць да людзей у форме. Форма амаль уся апаганеная. Мая 6-гадовая дачка доўгі час, калі нас спыняла ДАІ, прасіла: «Мама, не адчыняй вакно. Раптам яны будуць біць». Я адчыняла маленькую шчылінку, падавала дакумэнты і зачыняла знутры дзьверы, каб стварыць для сваёй дачкі адчуваньне бясьпекі. І прагаворвала кожны раз: «Усё добра. Я цябе абараню. Я дарослая».
Плюс у тым, што мы дэманструем гуманнасьць, што ніводнага чалавека ў сьвеце нельга прыніжаць. Мы ж не пасадзім у турму таго, хто любіць іншыя колеры або лічыць, што лыжы лепшыя за сноўборд. У нас жа цярпяць людзі, якія маюць іншы пункт гледжаньня.
Мінус мірнага пратэсту ў тым, што ён прыносіць шмат стомленасьці. Хочацца быць пачутым, а гэта ўсё ігнаруюць, ігнаруюць, ігнаруюць.
«Мне камфортна жыць?»
— Псыхалягічная культура ў Беларусі пакуль ня надта разьвітая. Ня кожны можа зразумець, што яму ўжо трэба да псыхоляга. Якія канкрэтныя сымптомы дапамогуць заўважыць у сабе трывогу або эмацыйнае выгараньне?
— Заўважыць, што нешта ня так, досыць проста. Варта толькі зьвярнуць на сябе ўвагу, не праігнараваць сябе. Ня трэба нікому тлумачыць, што значыць нязручна сядзець. Кожны гэта разумее. Дастаткова адказаць сабе на пытаньне: «Мне камфортна жыць?», «Ці магу я нармальна спаць?», «Ці хапае мне сну?», «Што ў мяне з апэтытам?», «Ці ў мяне ёсьць сілы, каб уставаць ранкам з ложка?», «Ці хапае мяне на тое, каб камунікаваць зь іншымі людзьмі?», «Ці я маю рэсурсы, каб быць з маімі блізкімі, функцыянаваць як сужэнец, бацька, маці, супрацоўнік?», «Ці ёсьць у мяне адчуваньне, што дамінуе нейкая эмоцыя?». Трывога можа быць, бо шмат невядомасьці, што наперадзе.
Стаўленьне да псыхалягічнай дапамогі зьмяняецца. Прыходзіць разуменьне, што псыхоляг — проста спэцыяліст, які дапамагае ў такіх пытаньнях. Менш плённа гаварыць пра нешта зь сяброўкамі ці роднымі, а больш плённа расказаць гэта спэцыялісту. Ён можа дапамагчы. Ня варта надта доўга быць у стане дыскамфорту. Любую хваробу ня варта запускаць.
— Калі чалавек усё ж ня пойдзе да псыхоляга, што ён, калі коратка, можа рабіць сам, каб сабе дапамагчы?
— Першае — адрэгуляваць базавыя патрэбы: сон, яда, адпачынак. Вельмі часта людзі пазьбягаюць камунікацыі ў пэрыяды апатыі. Я хачу параіць, каб кожны пакапаўся ўнутры сябе і знайшоў людзей, да якіх можна зьвярнуцца па падтрымку, каб не патанаць у сваёй адзіноце. Знайсьці свае аддушыны. Наша псыхіка залежыць ад фізычнага стану. Такія складнікі, як кісларод, вітаміны, харчаваньне, уплываюць на гарманальны фон, ён мусіць быць у норме. Не забываць пра сябе, быць да сябе ўважлівым.
— Што могуць бацькі самі зрабіць для дзяцей, якія пацярпелі падчас пратэстаў? Напрыклад, што рабіць са страхам?
— Першае, пра што я хачу папрасіць бацькоў, — дазволіць дзецям перажываць гаму эмоцый, не забараняць ім злавацца, сумаваць, баяцца. Вельмі часта дарослыя сабе забараняюць адчуваць нейкую эмоцыю і забараняюць гэта дзецям. Адбываецца заглушэньне. Заўважаць, як дзіця выглядае. Сказаць яму: «Слухай, ты выглядаеш сумным» або «Ты выглядаеш злосным. Як я магу табе дапамагчы?». Варта даверыцца ім. Дзеці часта ведаюць, чым мы можам быць ім карыснымі. Яны кажуць: «Пабудзь са мной», «Паляжы са мной», «Пачытай казку» або, наадварот, «Ідзі цяпер адсюль».
Важна нагадваць дзецям, што мы дарослыя, што мы побач і што клапоцімся пра іхную бясьпеку. Калі яны кажуць: «А раптам цябе затрымаюць?», «А раптам ты ня вернесься дадому?», паўтараць ім: «Я дарослы. Я паклапачуся, каб з табой усё было ў парадку».
Абавязкова варта расказваць дзецям, што адбудзецца ў розных выпадках. Калі вы ідзяце на пратэст, пакідаючы дзіця ў сяброў, і разумееце, што ёсьць магчымасьць, што вас затрымаюць, трэба дакладна і адкрыта расказаць дзіцяці, што зь ім будзе адбывацца, з кім ён застанецца. Дзеці адчуваюць хлусьню, тады ў іх будзе яшчэ больш трывогі. Ня трэба прыхарошваць.
Галоўнае, каб дарослыя паклапаціліся, каб дзяцінства нашых дзяцей заставалася дзяцінствам, хоць гэта складана. Нашыя дзеці гуляюць у пратэсты, крычаць: «Жыве Беларусь», «Лукашэнку ў аўтазак». У дзяцей павінна быць свая бясьпечная прастора. Мы, дарослыя, адказваем за гэта.
«Амапаўцам не ампутавалі частку мозгу, якая адчувае, думае»
— Калі гаварыць пра другі бок пратэстаў, часта можна ўбачыць выказваньні пра расчалавечваньне байцоў, якія чыняць гвалт над бяззбройнымі людзьмі. Колькі ў гэтых выказваньнях праўды з пункту гледжаньня псыхалёгіі?
— Мне цяжка ўявіць, што трэба сказаць чалавеку, каб ён пачаў біць іншага. Магчыма, да гэтага патрэбны схільнасьці. Ня кожны такое можа. Напэўна, зь імі дбайна папрацавалі.
Я бачыла зблізку амапаўца, які мяне біў: гэтыя вочы, якія ні на чым не факусуюцца, позірк, поўны агрэсіі, адрэналіну. Я разумела, што ў гэты момант я не магу нічога сказаць, бо мяне не пачуюць, бо гэта адбываецца ў стане афэкту.
Але ж я працягваю думаць, што ў кожным чалавеку ёсьць чалавек. Ім не ампутавалі частку мозгу, псыхікі, якая адчувае, думае. Калі яны нешта рабілі пад заклікамі, агітацыяй, гэта ня значыць, што не наступіць момант, калі яны пачнуць аналізаваць свае дзеяньні, задумвацца, як далей з гэтым жыць. Іх атачаюць блізкія, яны не жывуць на бязьлюдным востраве. Думаю, гэта таксама мае назапашвальны эфэкт.
Для мяне было важна зь імі пагаварыць. Я заклікала людзей побач са мной не хаміць, не абражаць. Я веру, што маленькія зярняткі, якія мы засяваем у розумы, душы, сэрцы («Вы чыніце несправядлівасьць. Вы б’яце чыіхсьці бацькоў, чыіхсьці дзяцей, забіваеце») зробяць зьмены ў тых, хто яшчэ адчувае.
Магчыма, сярод нас ёсьць людзі, які бачаць сэнс свайго жыцьця ў тым, каб біць і забіваць. Гэта трэба ўлічваць. На жаль, яны апынуліся не за кратамі, а побач з намі.
— Як вы думаеце, з чым гэтыя людзі, байцы, могуць зьвярнуцца па псыхалягічную дапамогу?
— Першае, што прыходзіць мне ў галаву — крызіс сэнсу жыцьця. Навошта я жыву? У чым маё прызначэньне? Ці для гэтага я станавіўся дарослым чалавекам? Напэўна, гэта пачуцьцё віны. Магчыма, гэта ўсе парушэньні дэпрэсіўнага характару, парушэньне сну, харчаваньня. Мажліва, пачуцьцё адзіноты, бо колькасьць байцоў у разы меншая за колькасьць мірнага насельніцтва.
У маёй практыцы пакуль ніводзін з супрацоўнікаў або іхных сямейнікаў не зьвярталіся. Я абавязалася дапамагаць кожнаму, хто да мяне зьвернецца. Але ў мяне ёсьць выбар. Я пакуль не магу адказаць станоўча пра сваю гатоўнасьць дапамагаць тым, хто выходзіў супраць мірных людзей са зброяй у руках. Напэўна, я ня здолею, бо маю досьвед 11 жніўня, калі я даведалася, што мужчына можа біць жанчыну. Дагэтуль у мяне была ілюзія, што жанчын біць ня могуць; мірных людзей, якія проста ідуць па вуліцы, таксама.
— Кажуць, што беларускія пратэсты-2020 увойдуць у сусьветныя падручнікі па гісторыі. Ці псыхалёгія ўжо ўсё разумее пра тое, што адбываецца зь людзьмі ў гэты пэрыяд, ці належыць яшчэ шмат дасьледаваць гэтыя працэсы?
— Пакуль немагчыма ўсяму даць імя. Працэсы, якія пачаліся, будуць працягваць разьвівацца ў нас, я кажу пра гады. Яны будуць працягвацца ў нашых дзецях.
Я чытала дасьледаваньне італьянскай псыхатэрапэўткі, якая вывучала нашчадкаў тых, хто перажыў Галакост. Аказалася, што да чацьвёртага пакаленьня захоўваецца памяць таго, што адбывалася. Праяўлялася гэта па-рознаму. Напрыклад, тыя, хто перажыў ваенны голад, потым у сям’і па-асабліваму ставіліся да ежы.
Тое, што адбылося на пратэстах, яшчэ працягваецца. Колькі яно будзе ісьці, чым скончыцца і калі можа дагнаць, таксама невядома. Скончу зноў тым жа — будзьце ўважлівымі да сябе. Калі цяпер нічога не адчуваецца, гэта ня значыць, што яно ня можа прыйсьці пазьней, значна пазьней.
Калі вы пацярпелі падчас пратэстаў у Беларусі і вам патрэбна псыхалягічная дапамога, зьвярніцеся па адрасе daver.by. Ёсьць шмат спэцыялістаў, гатовых дапамагаць бясплатна.