Пагаварылі зь менскім псыхолягам Марыяй Івановай (імя зьмененае дзеля бясьпекі суразмоўцы) пра страх у розным узросьце, яго праявы і наступствы, і пра тое, як яго пераадолець.
Марыя кажа, што даўно чуе ад сваіх сяброў, якія прыехалі ў госьці з Украіны ці Польшчы, што ў Беларусі пахне страхам. Чысьціня і парадак на вуліцах, а расслабіцца немагчыма, напружаньне разьлітае ў паветры, і гэта адчуваецца ва ўсім, чытаецца на тварах і ў жэстах беларусаў.
«Я не знаходжу, што ім запярэчыць. Я такое таксама заўважаю. Хоць гэта складаней адсачыць, знаходзячыся ўнутры, прывыкаеш, як да пастаяннага болю нізкай інтэнсіўнасьці. Але гасьцям ёсьць з чым параўнаць. „У вас так чыста!“ — гучыць як камплімэнт ветлівасьці, калі больш сказаць няма чаго. У позірку пры гэтым чытаецца не захапленьне, а разгубленасьць», — расказвае псыхоляг.
Каб зразумець, як справіцца са страхам, трэба выявіць яго прыроду, прынцып дзеяньня і навошта ён нам патрэбны. Страх, тлумачыць Марыя, — гэта комплекс нэйрафізіялягічных рэакцый арганізму на рэальную або ўяўную пагрозу жыцьцю, здароўю або псыхічнай цэласнасьці чалавека. Спачатку мы фіксуем сыгналы зьнешняга асяродзьдзя — выгляд, памер, хуткасьць набліжэньня, гук, пах, смак. Затым ацэньваем сьвядома ці несьвядома патэнцыйную небясьпеку ў адпаведнасьці з нашым досьведам. І толькі потым запускаюцца рэакцыі арганізму, накіраваныя на пазьбяганьне пагрозы.
«Усё гэта вядомыя нам рэакцыі „бі, бяжы, замры“, — тлумачыць псыхоляг. — У рэальным часе праходзяць долі сэкунды паміж раптоўным выбухам і ўсьведамленьнем, што ты бяжыш, шукаючы, дзе схавацца, або ляжыш на зямлі. Рэалізоўваюцца гэтыя рэакцыі выкідам у кроў нэйрамэдыятараў, якія даюць нам сілы і абязбольваюць, абвастраюць успрыманьне. Рэакцыі пакліканыя захаваць нам жыцьцё любой цаной. І за кожным такім эпізодам стаіць этап перапрацоўкі досьведу. У выпадку пасьпяховага выратаваньня рэакцыі замацоўваюцца. А ў выпадку няўдалага — аналізуюцца прычыны няўдач і выпрацоўваюцца новыя стратэгіі».
Розьніца паміж «сьледам сілы» і «сьледам ахвяры»
Сам па сабе страх умоўна «добры» — ён наш ахоўнік і ратавальнік. Ня гэтак важна, ці дапамагае ён нам уцячы, ці перачакаць пагрозу, ці даць адпор, бо для псыхікі і самаацэнкі рэалізаванае ўзбуджэньне і так пакідае «сьлед сілы». Існуе некалькі рэакцый арганізму пасьля пачуцьця страху.
«Заміраньне — спыненае ўзбуджэньне, ва ўмовах дэфіцыту рэсурсу таксама апраўданая рэакцыя, — кажа Марыя. — Мэта дасягнутая — мы выжылі. Дрэнная рэакцыя — шок — на звышмоцны раздражняльнік, які перавышае фізычныя або псыхічныя магчымасьці пацярпелага (паводле яго суб’ектыўнага ўспрыманьня). Калі ўцячы ці замерці на ўдыху мы ўспрымаем як „мы гэта выбралі“, то шокавую рэакцыю мы не выбіраем, а адчуваем, што „з намі гэта зрабілі“. Такім чынам у пацярпелага замацоўваецца „сьлед ахвяры“. Гэта вельмі цяжкая сытуацыя для далейшай псыхалягічнай рэабілітацыі».
Стан пасьля вострага стрэсу, атрыманага ў «акцыі выратаваньня», падобны да сумесі зьнясіленьня з атручэньнем, тлумачыць псыхоляг. Каб аднавіцца, трэба расслабленьне, сон, сьвежае і здаровае харчаваньне. Частыя і працяглыя стрэсы зношваюць арганізм — людзі хварэюць і старэюць на вачах.
«Чалавека перасьледуе пастаянны страх паўтарэньня гвалту»
«У сытуацыях сацыяльна-палітычнага напружаньня, калі пагроза небясьпекі становіцца прадказальнай і чаканай, але пры гэтым для шараговага грамадзяніна некантраляванай, акрамя непасрэднай пагрозы жыцьця, чалавека перасьледуе пастаянны страх паўтарэньня гвалту, — кажа Марыя. — Ён прымушае арганізм выпрацоўваць стрэсавыя нэйрамэдыятары ў меншых колькасьцях, але амаль увесь час. Вострая сытуацыя высокай інтэнсіўнасьці трансфармуецца ў хранічную сытуацыю нізкай інтэнсіўнасьці, якая паступова зьнясільвае так, што мы прывыкаем да гэтага фонавага напружаньня, перастаём заўважаць і ўсьведамляць яго».
Пры гэтым, заўважае экспэртка, чалавек перастае спаць, пакутуе на галаўныя і сардэчныя болі, скардзіцца на высокі ціск, можа выяўляць у сябе язвы і гастрыт, «лавіць» панічныя атакі. Такім чынам, чалавеку ўжо не хапае рэсурсаў на новыя сустрэчы з павышаным напружаньнем, пагрозамі і ўласным страхам.
«Мы пачынаем пазьбягаць патэнцыйна небясьпечных месцаў, сацыяльных кантактаў, перастаём выходзіць з дому без тэрміновай неабходнасьці. Фонавая трывога перарастае ў фобіі, чалавек траціць працаздольнасьць. Толькі прасьвету ў спыненьні гвалту пакуль не відаць. Канфлікт не вырашаецца, напружаньне не сыходзіць. Ніводзін з бакоў ня можа выдыхнуць і сысьці на рэабілітацыю», — апісвае сытуацыю псыхоляг.
«Калі мы гаворым пра трывогу, то маем на ўвазе беспрадметнае нэгатыўнае ўзбуджэньне, няўстойлівы стан псыхікі пры адсутнасьці бачнай крыніцы пагрозы. Страх заўсёды прадметны — мы дакладна ведаем, чаго баімся. Са страхам працаваць прасьцей праз рацыяналізацыю і ацэнку рызык», — тлумачыць яна.
Важна разумець, што страх ня мае ўзросту, заўважае псыхоляг. Пратэставая актыўнасьць назіраецца ва ўсіх сацыяльных пластах і ўзроставых групах: жаночыя маршы, маршы пэнсіянэраў, студэнтаў, мэдыкаў, праграмістаў і музыкаў, людзей з інваліднасьцю і іх блізкіх. Можна выдзеліць такія фактары актыўнасьці: рэсурснасьць і выразная пазыцыя «са мной так нельга» для больш забясьпечаных людзей, і ступень адчаю «мне губляць няма чаго» для людзей малазабясьпечаных і раззлаваных на рэжым.
«Страх прысутнічае ва ўсіх, — кажа Марыя. — Але чалавек, які выходзіць на вуліцу для выражэньня сваёй грамадзянскай пазыцыі, заўсёды адчувае цэлы спэктар эмоцый і пачуцьцяў. Гэта спалучэньне страху і злосьці, гневу, абурэньня, надзеі, веры, нават ахоўнай весялосьці. У каго няма нічога, акрамя страху — той не выходзіць. Нават той, хто выходзіць на абарону дзейнай улады, усё адно баіцца, але ўсьведамляе, дзеля чаго выходзіць, ён таксама абараняе свае каштоўнасьці».
Псыхоляг таксама раіць назіраць, што ў вас пераважае — страх, трывога, непакой за бліжэйшую будучыню ці жаданьне наблізіць тыя пэрспэктывы, якія адкрываюцца пры зьмене ўсёй сыстэмы кіраваньня, рэфармацыі ўсіх уладных структур, замене аўтакратычных прынцыпаў кіраваньня на дэмакратычныя.
«Калі чакаць натуральнага (ніхто не бесьсьмяротны) працэсу замены аднаго кіраўніка на іншага, не зьмяняючы прынцыпаў кіраваньня, то гэта не прынясе жаданых пераменаў, — кажа экспэртка. — Наступны кіраўнік будзе дакладнай копіяй папярэдняга — як у матрошцы. Такая матрыца сыстэмы, ніхто прынцыпова іншы ў яе ня ўпішацца. Людзі па абодва бакі супрацьстаяньня гэта разумеюць. Адных гэта задавальняе, а іншых не. Нязгодных — большасьць: гэта мы бачым па пратэставай актыўнасьці».
Калі баяцца ўсе без выключэньня, адкуль тады зьяўляюцца такія «акты бясстрашнасьці» ў пратэстоўцаў? Што адбываецца з чалавекам? Псыхоляг зазначае, што ў такіх выпадках усё адно адбываецца кароткі ці доўгі абмен позіркамі, ацэнка фізычнай і маральнай перавагі апанэнта.
«Адзін і той жа чалавек адкрые грудзі перад праціўнікам, у якім адчуў „слабіну“, разгубленасьць, і пабяжыць ад грамілы зь лютым або безуважным позіркам, — кажа псыхоляг. — Мала мець у руках зброю, трэба яшчэ валодаць маральным правам і сілай яе выкарыстоўваць. Ёсьць розьніца паміж дзеяньнямі па загадзе, жаданьнем кроўнай помсты і прыродным садызмам».
«У пэнсіянэраў ёсьць страх фізычнага болю, але ня выяўлены страх сьмерці»
Калі дзяліць пратэстоўцаў на ўмоўныя катэгорыі, то ёсьць залежнасьць ад знакамітай піраміды Маслаў: для людзей, занятых выжываньнем, свабода і разьвіцьцё становяцца сапраўднай раскошай, а людзі з забясьпечанымі базавымі патрэбамі імкнуцца жыць годна. Але існуюць і асобныя катэгорыі пратэстоўцаў: мэдыкі, студэнты і пэнсіянэры.
«Мэдыкі абураныя абясцэньваньнем уладамі і адкрытай эксплюатацыяй іх рэсурсу ў разгар эпідэміі, адсутнасьцю бясьпекі і скажэньнем статыстыкі па ковіду, перасьледам за выражэньне грамадзянскай пазыцыі найбольш кваліфікаваных і ўнікальных спэцыялістаў, — тлумачыць экспэртка. — Студэнты ж зьбіраюць з усяго сьвету найбольш прагрэсіўныя тэхналёгіі для свайго навучаньня і разьвіцьця і бачаць альтэрнатывы цяперашняму становішчу іх / нашай краіны. Навошта згаджацца на горшае, калі можна жыць лепш?»
«Што тычыцца пэнсіянэраў якія выходзяць на дапамогу ўнукам, яны ідэйныя, — кажа Марыя. — У рамках рэалізацыі адной з экзыстэнцыйных патрэбаў асобы — перадача назапашанага вопыту — імкнуцца сваім прыкладам падтрымаць і натхніць маладое пакаленьне. У іх ёсьць страх фізычнага болю, але ня выяўлены страх сьмерці. Удзел у пратэсьце дае ім новы сэнс. Сыходзіць — дык ярка і гучна. Ну, а пэнсіянэры, якія зь цяжкасьцю могуць дабрацца да бліжэйшай крамы па хлеб, і то з натхненьнем махаюць сьцягамі з вокнаў».
Кожны выбірае сваю форму пратэсту, зыходзячы са свайго рэсурсу, эмацыйнага і фізычнага. Псыхоляг зазначае, што грошы, пералічаныя ў фонд салідарнасьці, адчыненыя дзьверы пад’езду, калі гоняцца за мітынгоўцамі, зьняцьце паролю з вайфая на ніжнім паверсе — ужо праява грамадзянскай пазыцыі.
«Для кагосьці ўнутраная малітва за дзяўчыну, якая ўцякае ад сілавіка, якую чалавек бачыць з вакна, — ужо перадача сваёй энэргіі прыхільнікам пераменаў.
Адказнасьць за ўласную бясьпеку пратэстоўцы цалкам прымаюць на сябе, а не перакладаюць яе на „прынцып Боскай справядлівасьці“, — кажа Марыя. — Ёсьць зьнешне моцныя маладыя людзі са складанай формай плоскаступнёвасьці або бранхіяльнай астмай, якім кілямэтар шэсьця або сотня мэтраў прабежкі ўжо самі па сабе могуць каштаваць жыцьця. Яны лёгкая здабыча для АМАПу, а біць іх будуць як здаровых. Гэта не вазок з інвалідам перавярнуць».
Таксама небясьпечнае і моцнае ў апошнія месяцы пачуцьцё віны за тое, што чалавек прапускае маршы ці яму дасталася меней, чым іншым. Пачуцьцё віны падточвае сілы і прымушае ізалявацца ад асяродзьдзя, кажа псыхоляг. Або змушае пераадольваць маральны супраціў, душыць пачуцьцё страху і разам зь ім адчувальнасьць да небясьпекі, штурхае на зьдзяйсьненьне тактычных памылак, страту пільнасьці і самакантролю.
«Важна даваць сабе час на аднаўленьне і выходзіць на пратэставыя мерапрыемствы ў рэсурсе, адчуваючы сілы хаця б уцячы або сысьці за хвіліну да крытычнага моманту, — раіць псыхоляг. — Ніхто ня рады ахвярам».
Як пераадолець страх?
«Ніяк, — такі адказ дае псыхоляг. — Мае сэнс працаваць з ірацыянальнымі (беспадстаўнымі) страхамі і іх пераадольваць. Страх пацярпець ад сваёй пратэставай дзейнасьці абгрунтаваны і рацыянальны, яго пераадолець нельга, гэта ня трэба і нават шкодна. Дзеля гэтага прыйдзецца здушыць свой інстынкт самазахаваньня. Трэба знайсьці пункт раўнавагі паміж страхам і сэнсам працягваць, нягледзячы на страх, той пункт, у якім страх стане рэгулятарам разумнай асьцярожнасьці».
Трэба ў поўнай меры ўсьведамляць рызыкі сваёй актыўнасьці і быць гатовым прымаць наступствы ў выглядзе арыштаў, звальненьняў, зьбіваньняў, кажа псыхоляг.
«Адна дзяўчына з пратэстоўцаў мне сказала: „Мяне білі хлопцы ў школе да крыві і страты прытомнасьці. Я ведаю, што фізычныя раны зажывуць. Болю я ўжо не баюся. Аднойчы я моцна раззлавалася і адлупіла аднаго з тых, хто нападаў. Больш мяне не чапалі“. Яна адкапала свайго „ўнутранага псыхапата“ і вярнула сабе кантроль над сытуацыяй. Я шчыра захапляюся такімі моцнымі людзьмі, — прызнаецца Марыя. — Але пасьля гісторый зь перавышэньнем дапушчальнай сілы фізычнага ўзьдзеяньня ў дачыненьні да бяззбройных пратэстоўцаў, пасьля столькіх пацьверджаных ахвяр, усе баяцца быць забітымі. Не баяцца могуць толькі наіўныя або аўтаагрэсіўныя людзі, зь несьвядомай суіцыдальнай цягай».
Як высьветлілася, страх прысутнічае ва ўсіх. Што рабіць дзецям, чые бацькі пастаянна выходзяць на маршы, падпалі пад звальненьні і арышты? І як не баяцца пасіўным пэнсіянэрам за сваіх дзяцей і ўнукаў-пратэстоўцаў? Тут таксама страх нельга пераадолець, але можна ўраўнаважыць яго гонарам за сваіх блізкіх, асабліва калі чалавек падзяляе іх пазыцыю, але ня можа пакуль ці ўжо яе выказаць. Дрэнны варыянт, калі згоды паміж блізкімі няма.
«Страх у такім выпадку зьмешваецца са злосьцю або адчаем ад немагчымасьці паўплываць на пазыцыю блізкага чалавека. Такі канфлікт пакаленьняў даволі часты для сёньняшніх беларускіх семʼяў. Адны кажуць — „вы не шануеце мірнага мінулага“. Іншыя — „вы не даяце нам разьвівацца“, — кажа Марыя. — Гэта наступствы парушанага кантакту паміж бацькамі і дзецьмі, які пачаўся зусім ня летам 2020-га, а гадоў на 15–20 раней».
Як пераадолець заміраньне, здранцьвеньне, калі на чалавека бяжыць натоўп АМАПу або невядомых у масках? Што рабіць пры панічнай атацы?
«Ёсьць розьніца паміж заміраньнем як выбарам, напрыклад, стаць, прыціснуўшыся да сьцяны, і шокавай рэакцыяй, калі ад празьмернай або нечаканай небясьпекі раптоўна надыходзіць псыхічны параліч, — кажа псыхоляг. — Цяпер, калі ўсе формы гвалту, акрамя адкрытых масавых расстрэлаў сьвінцовымі кулямі з аўтаматаў ужо былі выкарыстаныя, складана апынуцца ў сытуацыі нечаканага гвалту, як гэта было 9–11 жніўня. Зараз любы гвалт чаканы, і людзі да яго гатовыя. Выйсьці з шоку самастойна практычна немагчыма. Альбо цябе заўважаюць людзі, якія стаяць побач, і выцягваюць за руку з зоны небясьпекі, альбо ты губляеш прытомнасьць, падаеш і ляжыш, пакуль усё не супакоіцца».
Як правіла, людзі ведаюць пра асаблівасьці свайго рэагаваньня, уласнай тактыкі «заміраньня» і паводзяць сябе асьцярожна, альбо выбіраюць больш бясьпечную форму пратэсту, заўважае экспэртка. А вось працаваць з панічнымі і шокавымі рэакцыямі варта ў бясьпечным месцы, яшчэ лепш — са спэцыялістам і да выхаду на марш.
«Калі не пасьпелі падрыхтавацца і злавілі панічную атаку на разгоне маршу, то, як і ў выпадку шокавай рэакцыі, вам дапамогуць ці не дапамогуць навакольныя. Ад вашага самавалоданьня мала што залежыць з прычыны скажэньня ўспрыманьня навакольнай рэчаіснасьці і ўспрыманьня плыні часу», — кажа псыхоляг.
«Дайце сабе магчымасьць адрэагаваць»
Часта здараецца, што чалавека «накрывае» страх і паніка, калі ён вяртаецца дадому з маршу і бачыць у навінах, што было потым, і разумее, што яго маглі забіць.
«Дайце сабе магчымасьць адрэагаваць, — раіць Марыя. — Калі ўзьнікае трэмар (моцнае трымценьне ўсяго цела ці асобных яго частак), то трэба максымальна пратрэсьціся, лепш з гукам, рыкам або падвываньнем. Так выходзіць рэшткавае напружаньне. Можна пахадзіць або пабегаць вакол дома. Калі хочацца плакаць, то не спыняйце гэтай рэакцыі. Лепш адрыдаць, пакуль цела не абмякне. Затрыманыя рэакцыі застынуць кропкамі напружаньня, заціскамі цягліц і пазьней дадуць пра сябе знаць фізычным болем, вострым або хранічным».
Калі не атрымліваецца адрэагаваць на ўзроўні цела, то прагаварыце свой стан з блізкімі або з псыхолягам. Псыхолягі-валянтэры дапамагаюць цяпер у крытычных або вострых станах бясплатна, як у індывідуальным, так і ў групавым фармаце. Не трымайце ў сабе і не хавайце свой стан ад блізкіх, ці хаця б абярыце ўстойлівага чалавека са свайго асяродзьдзя, каб вам дапамагаць, паўтарае Марыя.
«Улада дэманструе сваю нелягічнасьць і амаральнасьць. Гэта палітыка «выпаленай зямлі»
Узровень страху ў людзей пасьля сьмерці Рамана Бандарэнкі не зьмяніўся, упэўненая Марыя, і ён усё ж рацыянальны. Проста дадаліся яшчэ іншыя пачуцьці — стомы, нянавісьці, адчаю (які непрадказальна можа спрацаваць як на павышэньне актыўнасьці, так і на паніжэньне).
«Дадалося разуменьне, што трэба мяняць тактыку пратэстаў, шукаць іншыя формы, але не здавацца, — кажа Марыя. — Гібель Ромы людзі ўспрынялі як асабісты боль і як правакацыю з боку сілавікоў. Здавалася б, падымаць градус гвалту ўжо няма куды. Цэнтар Эўропы, традыцыйна мірная Беларусь, 21 стагодзьдзе на двары».
Калі першыя ахвяры супрацьстаяньня і празьмернае прымяненьне сілы яшчэ можна было лягічна растлумачыць жаданьнем уладаў спыніць пратэсты на ўзьлёце, ня даць ім разгарэцца і захаваць сваё становішча, то праз тры месяцы ўжо трэба думаць пра тое, як пачаць дамаўляцца, кажа псыхоляг.
«Людзі паказалі, што не адступяць, высокая цана ўжо заплачана, кроў праліта, — працягвае яна. — Ужо ўсім ясна, што гэта барацьба ідэй, а не інстынктаў. На гэтым фоне забойства Рамана — жорсткае, бессэнсоўнае і стратэгічна пройгрышнае. Улады быццам наўмысна адразаюць сабе шлях да мірнай разьвязкі. Зь імі ніхто не захоча мець справу ня толькі ўнутры краіны, але і за яе межамі. Улада дэманструе сваю нелягічнасьць і амаральнасьць. Гэта палітыка „выпаленай зямлі“. З „каханай“ так не паступаюць».
Ці засталіся ў нашай краіне людзі, не закранутыя палітыкай? «Думаю, што не, — адказвае псыхоляг. — Хтосьці сышоў у ахоўнае адмаўленьне і спрабуе проста выжыць, хтосьці хоча зарабіць на крыві, нехта — выстаяць і перамагчы. Мы ўсе пацярпелыя. Флэшбэкі сцэн перажытага або ўбачанага, пачутага гвалту будуць перасьледаваць нас яшчэ шмат гадоў. Агрэсары таксама маюць патрэбу ў сурʼёзнай псыхалягічнай рэабілітацыі, ім таксама балюча і страшна. Пытаньне толькі ў тым, хто захоча ўзяць на сябе гэтую цяжкую працу па іх аздараўленьні».