Ці карысна адмаўляцца ад сьвятаў, пакуль столькі людзей сядзіць у няволі; як пазьбіраць сябе пасьля насычанага 2020-га і як разьмеркаваць сілы на новы год, расказала псыхоляг Тацяна Сініца.
Тацяна Сініца — кандыдат псыхалягічных навук, дацэнт факультэту філязофіі і сацыяльных навук Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. Сёлета яна далучылася да відэазвароту паўсотні выкладчыкаў БДУ, падтрымала студэнтаў-страйкоўцаў. Тацяну Сініцу затрымалі 9 лістапада побач з маршам пэнсіянэраў, пакінулі ў ізалятары на ноч да суду, далі штраф 810 рублёў. Падчас пратэстаў таксама затрымлівалі ейнага мужа і непаўналетняга сына.
Сьцісла
- Калі мы не дазволім душы сьвята, яна страчвае сілы.
- Рашэньне «Я ня буду сьвяткаваць, пакуль усё ня скончыцца» — гэта спрашчэньне жыцьця.
- Больш аб’ёмнае ўспрыняцьце жыцьця — радавацца і думаць, што я магу зрабіць у гэтай сытуацыі.
- Можна сьвяты ўспрымаць як падрыхтоўку да будняў, а можна будні — як падрыхтоўку да сьвята.
- Беларусы стаміліся, бо нашая нэрвовая сыстэма не загартаваная для моцных перажываньняў.
- Другая прычына стомы — вялікая актыўнасьць летась.
- Людзі ня толькі стаміліся. Часам яны перажываюць стому, часам — уздым.
- Каб хутчэй аднавіцца, варта прыняць гэты стан: «Я шмат працавала і потым стамілася. Гэта нармальна».
- Аднавіць сілы дапамагае еднасьць зь іншымі людзьмі, падсумаваньне добрых дасягненьняў, настрой на доўгую пэрспэктыву, малыя крокі.
- Лепш глядзець не на тое, як зьмяняецца сытуацыя, а на тое, як зьмяняецца маё сэрца.
- Каб менш баяцца затрыманьня, варта прыняць гэтую магчымасьць як факт і паклапаціцца пра наступствы.
- Галоўны псыхалягічны набытак беларусаў летась — актыўнасьць, адказнасьць і супольнасьць людзей.
«Падтрымліваць у сабе радасьць дзеля тых, хто сядзіць»
— Летась многія беларусы адмаўляліся сьвяткаваць Раство, Новы год і нават свае дні народзінаў, бо столькі людзей цяпер цярпяць. Маўляў, пераможам — адсьвяткуем. Наколькі гэта канструктыўна?
— Заўсёды ў сьвеце так шмат болю і жаху, што, здаецца, як можна радавацца? Ян Павел ІІ казаў, што душа праяўляецца акурат у эмоцыях, а ня ў думках. Калі мы не дазволім сваёй душы парадавацца, калі мы не дазволім душы сьвята, то яна зьнясільваецца.
Гэта загадка, што, нягледзячы на складанасьці і боль, мы мусім падтрымліваць у сабе радасьць, у тым ліку дзеля тых людзей, хто сядзіць. Радасьць можна прысьвяціць іншаму чалавеку. Чалавек можа спалучаць у сабе розныя эмоцыі, глыбокія пачуцьці. Гэта паказвае аб’ём душы чалавека. Рашэньне «Я ня буду сьвяткаваць, пакуль усё ня скончыцца» — гэта спрашчэньне жыцьця. Калі ты бачыш дзіця, якое радуецца, адгукніся на ягоную радасьць.
Сьвяты кожны можа адзначаць па-свойму. Нельга сказаць: «Радуйся немаведама як, каб ніхто не заўважыў, што табе цяжка». Настрой на сьвята можа быць ад таго, што людзей некалі вызваляць зь няволі, я да гэтага ўжо рыхтуюся, мы будзем сьвяткаваць разам. Спрашчэньне не вырашае праблему, хоць гэта можна зразумець: гэта суперажываньне, спачуваньне. Але жыцьцё складанейшае. Нам варта нашую душу насычаць добрым, шукаць у жыцьці дробныя радасьці.
У нашым двары быў «хапун», забралі маладога чалавека, далі 20 дзён арышту. Мы вельмі перажывалі, сабралі яму рэчы, перадалі. Потым разьбіраліся, чаму так атрымалася, перасварыліся, што ён сядзіць праз нас. Чакалі, што ён прыедзе, рыхтавалі яму плякат, торт, упрыгажэньні. Гэта не пра плакаць, а пра дзейнічаць, аб’ядноўвацца, рыхтавацца да сьвята, каб падтрымаць сябе і адно аднога. Учора мы яго сустрэлі. Ён сказаў: «Я так і думаў, што вы будзеце за мяне перажываць. Малайцы, што ня ўпалі духам».
Жыцьцё павінна працягвацца. Сьвяты — гэта ня столькі пра тое, каб атрымаць задавальненьне, зьесьці міску салаты або напіцца да непрытомнасьці. Новы год — гэта новыя чаканьні, мары. Калі ўзяць Раство, то тут сам Бог казаў радавацца. Сама ідэя Раства паглынае ўсе болі. Калі браць хрысьціянскую канцэпцыю, то нават калі здарылася самае страшнае, чалавек пакінуў гэты сьвет, то некалі адбудзецца сумеснае сьвята. Гэта часовы стан, калі мы смуткуем, думаем, што гэта несправядліва. Нядобра даць сабе адразу памерці, ня даць жыцьцю працягнуцца.
Гэта больш аб’ёмнае ўспрыняцьце жыцьця — радавацца і думаць, што я магу зрабіць у гэтай сытуацыі. Мы павінны быць жывымі. Многія сьвяты зьвязаныя зь пераадольваньнем нечага цяжкога, зь перамогай. Чаму гэта не адзначаць? Калі сьвята — гэта наесьціся і напіцца, то гэта не зусім сьвята, а цялеснае задавальненьне, упаданьне ў стан адсутнасьці пачуцьцяў. Калі мы возьмем сьвята як быцьцё разам, адзначэньне нейкай перамогі — рэлігійнай, гістарычнай, якая паказвае перамогу любові над сьмерцю, — то гэта іншае.
Жыцьцё паласатае: сьвяты і будні. Можна глядзець так, што вось сьвята, а потым будні, будні, будні. І тады, калі ты сьвяткуеш, то ўжо рыхтуесься да будняў, шэрасьці. А можна падчас будняў ужо рыхтавацца да сьвятаў. Тады будзе сьвята, сьвята, сьвята, а паміж імі — падрыхтоўка да сьвята. Можна чакаць перамогі пратэстаў як сьвята. Ня проста чакаць, а нешта рабіць для гэтага: тут ліст напісаў, тут некаму ўсьміхнуўся, тут пагуляць выйшаў.
«Такіх моцных, яскравых перажываньняў у нас асабліва не было раней»
— Ёсьць адчуваньне, што беларусы стаміліся за мінулы год, як ніколі раней. Чым вы можаце гэта патлумачыць і як з гэтага выходзіць?
— Такіх моцных, яскравых перажываньняў у нас асабліва не было раней. Мы жылі крыху манатонна. Нашая нэрвовая сыстэма не загартаваная, каб зазнаваць моцныя перажываньні. Акрамя перажываньняў — дзеяньні. Што праявілася па-новаму — людзі ня толькі языком мянцілі, што кепска, а рабілі. Гэта складана, гэта забірае энэргію.
Думаю, не зусім так, што людзі толькі стаміліся. Яны час ад часу адчуваюць стому, а час ад часу — уздым, што ўсё ідзе, як трэба. Стома чыста фізычная, бо цяжка перажываць гэтае напружаньне, штодзённыя навіны, змагацца са сваім страхам. З другога боку, мы добра аднаўляемся, калі аб’ядноўваемся.
Думаю, гэта нармальная стомленасьць. Увогуле гэта сэзоннае. Узімку, нават калі такія рэчы не адбываюцца, людзі больш сонныя, млявыя, чым увесну ці ўлетку. Таму патрэбны вітаміны.
Думаю, каб аднавіцца, ня варта нагнятаць. Варта прыняць сытуацыю. Адбылося столькі падзей, столькі зрабілі дзеяньняў. Я стаміўся, і гэта нармальна. Калі мы пачынаем асуджаць свой стан, як усё кепска, мы трацім сілы. Калі мы кажам: «Так ёсьць, і гэта нармальна», мы прымаем сябе, не асуджаем, не баімся таго, што адчуваем.
Яшчэ можна ўспомніць, што добрага адбылося: прыватныя рэчы і агульныя. Беларусы настолькі творча падышлі да сытуацыі, настолькі дапамагаюць адно аднаму, узровень гумару зьявіўся.
Мы хацелі, каб вельмі хутка адбыліся зьмены. Яны не адбыліся, і таму расчараваньне: ну як так? На гэта ёсьць разважаньне разумных людзей, якія кажуць: «А чаго вы хацелі? Няўжо вы думалі, што гэтая сыстэма, якая базуецца яшчэ на савецкіх рэчах, умацоўвалася 26 гадоў, якая мае ўсе грашовыя, сілавыя рэсурсы... Што адзін страйк усё вырашыць?» Так, мы спадзяваліся, але так ня выйшла. Гэта таксама забрала ў нас сілы. У верасьні я была вельмі расчараваная, вельмі. Цяпер наадварот. Думаю, людзі разумеюць, што зіма. Што ты можаш узімку? Мабільнасьці менш. Мы разумеем, што варта быць упартым, настойваць на сваім, пакрысе. Гэта яшчэ адзін крок — настроіцца на доўгую працу. Гэта таксама вельмі дапамагае аднаўляцца.
Прыкладам, я хачу танцаваць. Я думала, што навучуся літаральна за тыдзень. Але яно так не выходзіць. Першай справай прыходзіць расчараваньне і хочацца ўсё кінуць. Калі чалавек праявіць упартасьць, усьміхнецца зь сябе: «Чаго ж я хацеў?», то ён уцягнецца ў сыстэму пастаянных трэніровак. Тады вынік будзе не зьнянацку, а вынікам сыстэмы.
— Вы казалі, што варта настройвацца на доўгую пэрспэктыву. Вы ў сваёй галаве на колькі наперад настройваецеся?
— Ня хочацца рабіць прагнозы, каб ня трапіць зноў у расчараваньне. Але калі я думаю пра 5 гадоў, я тады таксама не хачу. Таму я пляную на паўгода. У мяне вялікая надзея на вясну, калі ўсё вырастае, бурліць, абуджаюцца схаваныя крыніцы сілы.
— Людзям уласьціва настройвацца на нейкія даты. Нехта чакаў цудаў на Новы год. Пасьля такога рубяжу можа прыйсьці расчараваньне. Іншыя кажуць: «Трэба марыць, бо думкі матэрыялізуюцца». Што вы пра гэта думаеце?
— Ставіць рубяжы па даце няплённа. Трэба глядзець на нашую рэальнасьць. Давайце паглядзім на Новы год. Сапраўды, я думаю, нешта адбылося. Людзі сьвяткавалі ў сваіх кампаніях, у дварах, цалкам праігнаравалі афіцыйныя ялінкі. Гэта вельмі шмат. Як мы жылі раней, яшчэ ў мінулы Новы год? Што рабіць, нават калі мне не падабаецца ялінка і выступ на вялікім экране таго, каго я ня хачу бачыць? Што рабіць? У нас цяпер людзі іначай паводзіліся. Трэба глядзець не на зьмену сытуацыі, нібыта яна шчоўк — і ўсё, а на тое, што адбываецца ў цябе ў сэрцы, у душы, як гэта ў іншых людзей. Тады ствараецца агульнае поле. Сёлета дарэчы, зусім іншае поле.
«Гэта адкрыцьцё, што мы многае можам безь дзяржавы»
— Ёсьць беларусы, у якіх адным з вынікаў мінулага году стала вялікая трывожнасьць. Яны ўздрыгваюць, калі чуюць гукі на лесьвічнай пляцоўцы, бо «можа, гэта да мяне зь ператрусам»; хаваюцца ад міліцэйскай машыны ў двары; панікуюць, калі чытаюць навіны пра чарговыя затрыманьні. Што рабіць такім людзям, якія не адчуваюць сябе ў бясьпецы ў Беларусі, але ня хочуць зьяжджаць?
— У мяне таксама такія думкі бываюць. Я думаю, сытуацыю як факт варта прыняць. Мяне могуць затрымаць. Калі я думаю: «Не-не-не, толькі не са мной», тады трывожнасьць расьце. Я думаю, колькі годных, цудоўных людзей ужо затрымалі. У кантэксьце спачуваньня я таксама магу пасядзець, хоць я з законам сябрую.
Іншая справа — наступствы. Варта загадзя пра іх паклапаціцца. Калі ёсьць дзіця, загадзя паклапаціцца, дзе, з кім і як яно будзе, нават прыдумаць нейкую байку, дзе мама або тата. Калі ёсьць каштоўныя рэчы, навошта чакаць, калі прыйдуць і іх забяруць? Значыць, трэба падумаць, куды іх схаваць. Калі ты так падрыхтуесься маральна, будзе прасьцей.
Мяне грэе такая думка: столькі шмат годных, добрых, разумных людзей у няволі, што гэта дакладна часовая сытуацыя, яна дакладна неўзабаве перавернецца. Калі мае сілы там спатрэбяцца, значыць, спатрэбяцца.
Такая гатоўнасьць (быць затрыманай) мне дапамагала хадзіць на маршы. Калі мы з мужам прынялі гэта як факт, сабралі торбачку, я стала адчуваць сябе больш свабодна, спакойна. Калі мяне забралі, я гэтага абсалютна не чакала, але падумала: «Ладна, бывае». Або на Новы год мяне ледзь не забралі. Вядома, мне не хацелася б, я была ня ў тым адзеньні, ня з тым тэлефонам, але што ты ўжо з гэтым зробіш? І я паставілася да сытуацыі спакойна, без унутранай гістэрыкі. Усё тады скончылася добра.
Калі ты адмаўляесься прымаць сытуацыю, якая можа здарыцца, адмаўляесься пра яе думаць, то трывога непазьбежная. Ты псыхалягічна выціскаеш факты, якія нясуць бясьпеку, тады ўнутры ідзе такая хваля трывог і страхаў, што ты можаш ня справіцца.
— На вашую думку, што стала галоўным псыхалягічным набыткам беларусаў у мінулым годзе?
— Беларусы адчулі, што яны могуць дзейнічаць. Хоць адбываліся такія цяжкія рэчы, людзі зразумелі, што калі ты не маўчыш, калі ты дзейнічаеш, то нешта адбываецца. Тады ўзьнікае адказнасьць. Я адказны за тое, што адбываецца, я не перакладваю адказнасьць на дзяржаву. Раней старэйшае пакаленьне казала: «Што я магу зрабіць? Такая сыстэма». Тут ты разумееш, што можаш зрабіць іншую сыстэму. Тая сыстэма, якая існуе, мяне зьнішчае. Чаму я павінен чакаць, пакуль мяне зьнішчаць?
Яшчэ адна каштоўнасьць — што ёсьць людзі побач. Ты не адзін. Калі ты ідзеш, аказваецца, справа і зьлева ад цябе людзі, якія табе ўсьміхаюцца, табе дапамагаюць. Гэтая супольнасьць — гэта вельмі вялікая знаходка. У нас атрымлівалася вельмі многае. Гэта адкрыцьцё, што мы шмат што можам безь дзяржавы. Людзі робяць — і ў іх атрымліваецца. Так здорава, што ўсе розныя. Кожны можа нешта сваё, і ўсё складваецца ў адзіны прыгожы ўзор, як мазаіка.