Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Атрымаў чырвоную бірку схільнага да экстрэмізму». Як адбывае «хімію» палітвязень з Шуміліна


Дзьмітры Кулакоў
Дзьмітры Кулакоў

Будаўнік з Шуміліна Дзьмітры Кулакоў у сьнежні быў асуджаны на 3,5 года «хіміі» за зьневажальны допіс у інтэрнэце пра міліцыянта. Кулакоў адбывае пакараньне ў спэцкамэндатуры ў Шклове. Жонка актывіста Юлія наведала яго і расказала, як жывецца «хімікам».

«У краму водзяць пад кантролем»

«Пра віцебскае СІЗА казаў, што білі, а тут хаця б не чапаюць, але на асаблівы ўлік паставілі», — кажа Юлія. Яе мужа-будаўніка Дзьмітрыя Кулакова адправілі на «хімію» ў Шклоў на 3,5 года. 12 лютага Юлія пабывала ў Дзьмітрыя на спатканьні.

«Кажа, што адразу, як прыбыў, паставілі на ўлік — яны завуць гэта прафіляктычным улікам — як асуджанага, схільнага да экстрэмісцкіх дзеяньняў, захопу закладнікаў ды ўцёкаў. Чаму, асабліва не тлумачылі. Муж мяркуе, што як палітычнага. Казаў пра нейкую адмысловую бірку, якую павесілі. Але пра нейкі асаблівы нагляд за ім пакуль не гаварыў. Ён яшчэ не працуе, увесь час у камэндатуры, а ў краму яны і так выходзяць не паасобку, а групай і пад наглядам міліцыянта. Сама бачыла, як гэта адбываецца», — расказала Юлія.

Юлія Кулакова
Юлія Кулакова

У якіх умовах апынуўся муж, Юлія можа толькі ўяўляць.

«Мяне ж далей за дзяжурку не пускаюць. Ведаю толькі са словаў мужа, што ўсе „хімікі“ жывуць разам, на другім паверсе, і не ў асобных пакоях, не як у інтэрнаце, а ў адным вялікім памяшканьні. Для іх пастаўлены ложкі ў два ярусы, зэдлікі стаяць — усё як у вайсковай казарме», — апавядае Юлія.

У «казарме» разам пражывае некалькі дзясяткаў «хімікаў». У студзені цягам тыдня ў Дзьмітрыя была тэмпэратура, прапаў нюх, не адчуваў смаку ежы, але потым здароўе наладзілася, і цяпер праблемаў няма. «Казаў, некаторых на ізаляцыю адпраўлялі, але не яго. Абышлося», — прыгадала Юлія.

Пракуратура заявіла пратэст, на разгляд якога яе не паклікалі

Муж Юліі на «хіміі» ўжо больш за месяц.

«Мы прысуд не абскарджвалі, пагадзіліся з адвакатам, што „хімія“ ў нашым выпадку — гэта яшчэ найлепшы варыянт. Але пракуратура вырак Дзіму абскардзіла, яны хацелі калёніі. У камэндатуры наконт Дзімы чакалі, што будзе далей. Але нядаўна ў Віцебскім абласным судзе разгледзелі пратэст і пакінулі прысуд бязь зьмены. Дарэчы, мяне пра гэта нават не праінфармавалі, але ладна. Цяпер будуць вызначаць, дзе мужу давядзецца працаваць», — кажа Юлія. Паводле яе, у мужа тры варыянты: праца ў калгасе, на будоўлі ці на пілараме.

«Ён скончыў вучэльню ў Лепелі, мае спэцыяльнасьць вальшчыка лесу ды трактарыста, а будаўнік ён паводле пакліканьня. Кажа, будаваць дамы — гэта ягоная справа. А яшчэ ён рамантуе тэлефоны і кампутары, але не электроніку, а мэханічную частку. Нешта замяніць, пачысьціць, наладзіць нейкі мэханізм — гэта яму таксама вельмі падабаецца», — расказала пра мужа Юлія.

Якія заробкі будуць у мужа на «хіміі», яна ня ведае, але на шмат не спадзяецца. Пакуль зводзіць канцы з канцамі ёй даводзіцца самой, дапамагаюць сваякі і праваабаронцы. «„Хімікі“ ж сябе самі мусяць карміць, самі гатуюць. Важу вось мужу харчы, каб не галадаваў», — кажа Юлія.

Усё зьмянілася пасьля Плошчы-2010

Юлія і Дзьмітры абое зь вёскі Чарэйшчына ў Лепельскім раёне, сябравалі з 18 гадоў. Юля добра памятае дзень, які вельмі істотна паўплываў на іх жыцьцё.

Дзьмітры Кулакоў
Дзьмітры Кулакоў

«19 сьнежня 2010 году, калі былі пазамінулыя прэзыдэнцкія выбары, мы ўжо разам адзначалі маё 18-годзьдзе. Я ня памятаю ўжо, за каго тады галасавала, а Дзіма, хутчэй за ўсё, за Статкевіча. Але ня гэта важна. Гэта з тых выбараў ён зацікавіўся тым, што ў нас адбываецца, у яго нібыта вочы раскрыліся. Прыкладам, даведаўся пра долю Юрыя Захаранкі і мне пра яго апавядаў», — кажа Юлія.

Жонка кажа, што Дзьмітры ніколі ня быў актывістам нейкай партыі ці арганізацыі.

«Летась ён зьбіраў подпісы за кандыдатаў, рабіў допісы ў мясцовую групу „ЎКантакце“, улёткі расклейваў у падтрымку палітвязьняў. Калі яго затрымалі, дык міліцыянты называлі яго „галоўным у раёне агітатарам“, хоць які ён быў агітатар? Проста чалавек са сваёй пазыцыяй», — лічыць жонка Дзьмітрыя Кулакова.

Дзьмітрыя Кулакова затрымалі 9 жніўня. З братам ён выправіўся на малую радзіму ў Лепельскі раён, каб прагаласаваць на ўчастку, дзе яны прапісаныя, але на выезьдзе з Шуміліна машыну затрымалі супрацоўнікі ДАІ. Таму Кулакоў нават і прагаласаваць не пасьпеў.

«Да брата Дзімы, які быў за стырном, прычапіліся як да кіроўцы, але ў выніку на 10 сутак пасадзілі Дзіму за непадпарадкаваньне. У ізалятары ў Шуміліне трымалі аднаго ў камэры, казаў, загад быў ад начальства, каб да палітычнага нікога не саджалі», — прыгадвае Юлія.

У жніўні Дзьмітры Кулакоў адбыў адміністрацыйны арышт, выйшаў на волю, пачаў працаваць, але неўзабаве даведаўся, што супраць яго завялі крымінальную справу за зьнявагу і пагрозу на адрас міліцыянта. Паводле Юліі, экспэртыза, якая вывучала допіс у інтэрнэце пра адказнага супрацоўніка міліцыі, толькі з трэцяй спробы ўстанавіла прыкмету злачынства.

«Быў допіс, у якім ён назваў гэтага міліцыянта „прыкарытнікам“, а таксама там было пра „люстрацыю“ і „самасуд“. Што была зьнявага, муж на судзе пагадзіўся, але пагрозу абвяргаў, казаў, што толькі папярэджваў, бо люстрацыя — лепш, чым самасуд. А міліцыянт сказаў, што зьвяртаўся да псыхіятра па дапамогу, маўляў, так на яго падзейнічалі тыя словы», — успамінае працэс над мужам Юлія Кулакова.

Адзін пад’езд супраць Лукашэнкі, другі — за

Паводле Юліі, пратэсты ў Шуміліне сьцішыліся, але гэта толькі бачнасьць.

«Вялікай актыўнасьці адразу пасьля выбараў у нас і не было, людзі даўно прызвычаіліся да таго, як праходзяць выбары, і асабліва не спадзяваліся», — расказала Юлія. Яна кажа, што ў канцы жніўня да трасы, што вядзе на Віцебск, выходзілі «можа, чалавек 60». Людзі станавіліся ў ланцуг, сьцягі трымалі. Але неўзабаве пратэстоўцаў супраць фальсыфікацыі выбараў і гвалту пачалі штрафаваць.

Акцыя ў Шуміліне 30 кастрычніка 2020
Акцыя ў Шуміліне 30 кастрычніка 2020

«Адна дзяўчына выходзіла зь бел-чырвона-белымі балёнікамі, яе затрымалі, дома сьцяг знайшлі, далі штраф. Паступова людзі прыціхлі, але настроі засталіся — куды яны падзенуцца, калі жыцьцё лепшым не становіцца?» — кажа Юлія.

Кулаковы маюць двух сыноў, трох і дзевяці гадоў. Юлія працуе сыраварам, яе працоўная зьмена пачынаецца а 8-й раніцы, канчаецца а 8-й вечара. Гэта і раней стварала праблемы, бо муж часта працаваў на будоўлях у розных месцах краіны, цяпер жа адной давядзецца «цягнуць сямейны воз». Але Юлія спадзяецца, што ён вернецца раней, чым праз тры з паловай гады.

«Ёсьць такая думка: хто ў раёне мае працу, дык задаволены, а пратэстуюць толькі лайдакі. Але гэта няпраўда. Сапраўды, вось ёсьць у нас птушкафабрыка, дык там нібыта шмат работнікаў галасавалі за Лукашэнку: маўляў, даў нам працу, неяк жывём, няблага. Але ў калгасах людзі як жывуць? Мае бацькі жывуць у Лепельскім раёне. Бацька інвалід, а мусіць працаваць на фэрме, крыху больш за 300 рублёў атрымлівае. Кажа, калгас развалены ўшчэнт. Дырэктараў штогод мяняюць, а выніку няма. Моладзь разьбягаецца, лепш бы зямлю людзям раздалі, пакуль яшчэ нехта можа рабіць. Маці ўсё жыцьцё адпрацавала настаўніцай, а мае пэнсію ўсяго 370 рублёў. Хіба на гэта можна нармальна пражыць?»

Паводле Юліі, яе бацькі зяця падтрымліваюць, а вось бацькі Дзьмітрыя вагаюцца. Што сеў — спачуваюць, што актыўнічаў — асуджаюць. Падзел у поглядах Юлія бачыць паўсюль.

«Днямі зайшла ў краму, дык пэнсіянэркі гучна пасварыліся. Адна абараняе Лукашэнку, другая яго імя чуць ня можа. Сказала, што тое самае ў іхным доме: ейны пад’езд супраць Лукашэнкі, другі пад’езд — за. Крычаць адна на адну».

Але прычынай падзелу Юлія лічыць ня розныя палітычныя погляды, а тое, як падлічылі вынікі выбараў. «Калі б сумленна падлічылі, людзі б даўно супакоіліся і замірыліся. А цяпер вось гэтак», — кажа маладая жанчына.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG