Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Узбэкістан заплянаваў поўны пераход на лацінку праз два гады


Урад Узбэкстану прыняў пастанову аб канчатковым пераходзе афіцыйнай дакумэнтацыі і сродкаў масавай інфармацыі на лацінскі альфабэт замест кірыліцы.

Гэтае патрабаваньне уступіць у сілу ад студзеня 2023 году. Пераход на лацінку адбываецца і ў Казахстане. Краіны Цэнтральнай Азіі паступова адмаўляюцца ад кірылічнага пісьменства, уведзенага ў савецкія часы.

Пераход Узбэкістану на лацінку быў заплянаваны яшчэ ў 1993 годзе і першапачаткова павінен быў завяршыцца не пазьней за 2000 год. Аднак пляны некалькі разоў адкладваліся, а варыянты лацінскага альфабэту для ўзбэцкай мовы пераглядаліся. У выніку, у краіне фактычна існуюць два варыянты пісьменства адначасова. Апроч таго, частка справаводзтва дэ-факта працягвае весьціся на расейскай мове.

У 2019 годзе працоўная група для ўдасканаленьня ўзбэцкага альфабэту зноў прапанавала вярнуцца да варыянту, прапанаванага ў 1993 годзе. У новым варыянце альфабэту 30 літар і апостраф, выбар сымбаляў падобны на лацінскую графіку турэцкай мовы.

У кастрычніку 2020 году прэзыдэнт краіны Шаўкат Мірзіёеў даручыў ураду ў трохмесячны тэрмін стварыць працоўную групу, распрацаваць і ўнесьці ў адміністрацыю прэзыдэнта плян поўнага пераходу на узбэцкі альфабэт, заснаваны на лацінцы. У лютым плян быў канчаткова зацьверджаны ўрадам, — перадае Ўзбэцкая служба Радыё Свабода.

Да 1 студзені 2023 году на новы варыянт лацінкі будуць пераведзеныя справаводзтва, пасьведчаньні асобы, тапонімы, назвы арганізацый, шыльды, сродкі масавай інфармацыі, рэкляма і аб’явы.

  • У 2017 годзе пераход на лацінскі альфабэт да 2025 году заплянаваў Казахстан. Аналягічныя меры абмяркоўваліся ўладамі Кіргізстану. У Цэнтральнай Азіі пераход на лацінскі альфабэт зьвязаны са спробамі пазбавіцца ад савецкай спадчыны і зьменшыць расейскі ўплыў. У многіх рэспубліках мовы, ужо кадыфікаваныя ў іншай пісьмовасьці, былі пераведзеныя на кірыліцу савецкімі ўладамі.
  • Раней улады Расеі забаранілі Татарстану перавесьці татарскую мову на лацінскую графіку.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG