Прэзыдэнт Узбэкістану Шаўкат Мірзіёеў даручыў ураду ў трохмесячны тэрмін стварыць працоўную групу, распрацаваць і ўнесьці ў адміністрацыю прэзыдэнта «дарожную мапу» для поўнага пераходу на ўзбэцкі альфабэт, заснаваны на лацінцы. Пра гэта гаворыцца ў ягоным указе аб захадах па далейшым разьвіцьці ўзбэцкай мовы.
Шаўкат Мірзіёеў гэтым указам зацьвердзіў таксама Канцэпцыю разьвіцьця ўзбэцкай мовы і ўдасканаленьня моўнай палітыкі ў 2020–2030 гадах. У гэтым дакумэнце гаворыцца, што да 2030 году ў краіне 80% груп у дзіцячых садках павінны быць узбэцкамоўнымі, аб’ём выкладаньня ўзбэцкай мовы павінен павялічыцца з 84 да 110 гадзін на тыдзень.
У траўні 2019 году працоўная група пры Ташкенцкім дзяржаўным унівэрсытэце ўзбэцкай мовы і літаратуры імя Алішэра Наваі прадставіла канчатковы праект абноўленага ўзбэцкага альфабэту, заснаванага на лацінцы. Лінгвісты прапанавалі пакінуць у абноўленым альфабэце 30 знакаў: 29 літар і апостраф.