Сьцісла:
- Лукашэнка дэманізаваў сваіх праціўнікаў, акарыкатурваў іх погляды.
- Галоўны пастулят: ягоныя праціўнікі не прадстаўляюць беларускі народ, а зьяўляюцца замежнымі агентамі.
- Лукашэнка фактычна пачаў свой выступ з прадстаўленьня нібыта праграмы сваіх палітычных праціўнікаў.
- Але такой праграмы няма ў дакумэнтах ані «старой», ані «новай» апазыцыі.
Як звычайна, па шматгадовай традыцыі Лукашэнка дэманізаваў сваіх праціўнікаў, акарыкатурваў іх погляды. І, прадставіўшы апанэнтаў у такім карыкатурным выглядзе, выкрываў іхныя пазыцыі.
Галоўны пастулят, на якім грунтавалася ўся крытыка апанэнта — ягоныя праціўнікі не прадстаўляюць беларускі народ, яны замежныя агенты, якія хочуць «зламаць краіну». Напрыклад, ён кажа, што калі б хтосьці з альтэрнатыўных кандыдатаў перамог, то тут жа ў Беларусь былі б уведзены «замежныя войскі». Праўда, хачу нагадаць, што якраз сам Лукашэнка пасьля выбараў прасіў Пуціна ўвесьці расейскія вайсковыя фармаваньні.
Цікава, што Лукашэнка фактычна пачаў свой выступ з прадстаўленьня нібыта праграмы сваіх палітычных праціўнікаў. «Нібыта» — тут ключавое слова. Бо ён іх дакладна не ідэнтыфікуе, неяк цьмяна кажа пра «альтэрнатыўныя прапановы апанэнтаў дзейнай улады», «выкармленая і навучаная за мяжой сіла, якая супрацьстаіць нам». З кім атаясамляецца гэтая сіла, незразумела. У згаданым выглядзе такой праграмы няма ў дакумэнтах ані «старой», ані «новай» апазыцыі.
Тым ня менш, гэтай сіле Лукашэнка прыпісвае пляны радыкальных рынкавых рэформаў, жорсткі разрыў адносін з Расеяй, «павальнае ўвядзеньне беларускай мовы».
Аднак ні ў перадвыбарчай праграме Сьвятланы Ціханоўскай, ні ў праграмах іншых кандыдатаў такіх тэзісаў няма. Праўда, у выступах Віктара Бабарыкі, Андрэя Дзьмітрыева, Ганны Канапацкай, Сяргея Чэрачня былі высновы, што зь неэфэктыўным дзяржаўным сэктарам трэба нешта рабіць. Але пра павальнае закрыцьцё і банкруцтва дзяржпрадпрыемстваў гаворка не ішла.
І пэўна ўжо ні ў кога няма патрабаваньня пераходу да цалкам платнай мэдыцыны і адукацыі.
Тэзісы, якія тычацца дыстанцыяваньня ад Расеі, можна знайсьці ў праграме, напрыклад, БНФ ці ў дакумэнтах, якія рыхтавала апазыцыя ў праекце «Праймэрыз». Але тыя дакумэнты вельмі далёкія ад праграмы цяперашніх цэнтраў, якія супрацьстаяць існаму рэжыму.
Сам факт таго, што Лукашэнка вымушаны ўвесь час спрачацца з апанэнтамі, міжволі паказвае сілу і ўплыў апошніх.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.