10 жніўня ўрад Беларусі ўзначаліў Раман Галоўчанка. Раней ён працаваў у Радзе бясьпекі, дарадцам у пытаньнях міжнароднай бясьпекі, узначальваў вайскова-прамысловы комплекс.
Раман Галоўчанка зьмяніў на гэтай пасадзе банкіра Сяргея Румаса. Румас да свайго прэм’ерства быў старшынём праўленьня Банку разьвіцьця, а яшчэ раней — старшынём праўленьня Белаграпрамбанку. Глядзім, як зьмянілася эканоміка пры Галоўчанку.
Рубель патаньнеў на 5,7%
2,44 — такі курс даляра, паводле Нацбанку, быў у Беларусі 9 жніўня. 10 лютага 2021 году даляр, паводле Нацбанку, каштуе 2,59 рубля, то бок за час прэм’ерства Рамана Галоўчанкі рубель патаньнеў на 5,7%.
Інфляцыя — плюс 7,2%
Па выніках жніўня — месяца, у якім Сяргей Румас пакідаў сваю пасаду — інфляцыя ў Беларусі склала 0,2%. Па выніках жа 2020 году інфляцыя ў Беларусі склала 7,4% — гэта найвышэйшы паказчык за некалькі гадоў. Рост інфляцыі азначае, што на гэтыя 7,4% вырасьлі цэны на тавары і паслугі для людзей.
Дзяржаўны доўг вырас на 8%
У жніўні, калі зьмяніўся прэм’ер, дзяржаўны доўг Беларусі складаў 53 мільярды рублёў. На 1 студзеня гэтага году ён вырас на 4 мільярды і стаў ужо 57 мільярдаў рублёў. Плюс 8% за 5 месяцаў.
Золатавалютныя рэзэрвы — мінус 1,4 мільярда даляраў
На 1 жніўня, калі Сяргей Румас яшчэ ўзначальваў урад, золатавалютныя рэзэрвы Беларусі складалі 8,9 мільярда даляраў. ЗВР на 1 студзеня гэтага году — 7,5 мільярда даляраў. За пяць месяцаў з кіраўніком ураду Галоўчанкам яны скараціліся на 1,4 мільярда, або на 15%.
З банкаўскіх рахункаў забралі 390 мільёнаў рублёў і 900 мільёнаў даляраў
У жніўні на рублёвых дэпазытах беларусы захоўвалі 4,92 мільярда рублёў. На студзень гэтага году на дэпазытах заставалася 4,52 мільярда рублёў. То бок за 5 месяцаў беларусы зьнялі з укладаў 390 мільёнаў рублёў.
Скараціліся за гэты час і валютныя дэпазыты: у жніўні на рахунках у беларусаў ляжала 5,56 мільярда даляраў, а ў студзені гэтага году — 4,63. Мінус больш як 900 мільёнаў за 5 месяцаў.
Замест дзяржпадтрымкі — рост падаткаў
Падчас працы ўраду Сяргея Румаса, ва ўмовах першай хвалі пандэміі, выйшаў 143 указ «Аб падтрымцы эканомікі».
Падатковыя прэфэрэнцыі і льготы паводле гэтага ўказу тычыліся 93 тысяч платнікаў падаткаў на суму каля 49 мільёнаў рублёў. Праўда, падтрымку ў межах указу атрымалі і стратныя сельскагаспадарчыя арганізацыі.
Падчас другой хвалі каранавірусу, якая стала мацнейшай за першую, урад Галоўчанкі ніякіх захадаў дзеля падтрымкі бізнэсу не прадставіў. З 1 студзеня вырасьлі падаткі для ІТ-сфэры (было 9%, стала 13% з даходу), для абанэнтаў сувязі (з 18% да 30% ад даходу). Таксама вырасьлі падаткі для прадпрымальнікаў, цырульнікаў, рэпэтытараў, перакладчыкаў, арэндадаўцаў.