Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Беларуская эканоміка мае сыстэмную ўразьлівасьць, якая пэрманэнтна спараджае крызісы», — Зьміцер Крук


Беларуская капейка
Беларуская капейка

Старшы навуковы супрацоўнік цэнтру BEROC, эканаміст Зьміцер Крук тлумачыць, чаму нулявы рост эканомікі сёлета — гэта будзе самы аптымістычны варыянт; прадказвае, дзе ўрад будзе шукаць грошы, і называе некалькі новых выклікаў для беларускай эканомікі.

Сьцісла

  • Людзі пачалі здымаць грошы з рахункаў. Калі гэтая тэндэнцыя працягнецца, яна можа выклікаць новы фінансавы шок.
  • Для дзяржаўных прадпрыемстваў сёньня падвысіць заробкі азначае дадатковы крок у фінансавую багну.
  • Падвышэньне падаткаў для ПВТ — гэта дадатковы стымул для рэлякацыі ІТшнікаў у іншыя краіны.

— Варта пачаць размову з апошняй заявы Аляксандра Лукашэнкі, які 12 студзеня, прымаючы з дакладам віцэ-прэм’ера Юрыя Назарава і міністра прамысловасьці Пятра Пархомчыка, згадваючы заходнія санкцыі, сказаў: «У Беларусі працуюць тысячы замежных прадпрыемстваў — дробныя, сярэднія, буйныя. Гэтыя краіны мусяць зразумець: у нас добра зь імі — добра гэтым прадпрыемствам. Калі яны зрабілі крокі ў няправільным кірунку і пачынаюць нас нахіляць, мы павінны сымэтрычна адказаць. Ня трэба баяцца, трэба ўжо ім паказваць зубы».

Як такія словы могуць паўплываць на інвэстыцыйную прывабнасьць Беларусі? І, па-другое, што сапраўды беларускія ўлады пры жаданьні могуць зрабіць з замежнымі прадпрыемствамі?

— Інвэстыцыйны імідж Беларусі занадта слабы, асабліва апошнія паўгода. Нейкія дадатковыя абмежаваньні для замежных і сумесных прадпрыемстваў яго проста зьнішчаць. Мяркую, што гэтыя заявы застануцца звычайнай рыторыкай. Бо ўводзіць нейкія абмежаваньні для замежных прадпрыемстваў — гэта «страляць сабе ў нагу», стварыць вялікія праблемы на ўласным рынку.

Зьміцер Крук
Зьміцер Крук

Гэта, вядома, палітычная рыторыка. Мяркую, яна ніяк не паўплывае на канкрэтныя дзеяньні. Мы чулі ўжо нямала падобных заяваў, напрыклад, пра перанакіраваньне грузаў і гэтак далей, — якія ніяк не ўвасабляліся ў дзеяньні.

— Ужо ня першы год беларускі ўрад высоўвае надзвычай аптымістычныя эканамічныя пляны на наступны год, якія потым стабільна не выконваюцца. Так і цяпер на 2021 год урад прагназуе рост. Але незалежныя эканамісты ставяцца да гэтага даволі скептычна. Чаму год за годам урад «малюе» нерэалістычныя прагнозы?

— Ведаеце, недзе ў 2013 годзе адзін з эканамічных чыноўнікаў прыблізна на такое пытаньне адказаў — «калі ўсе зоркі сыдуцца». Апошнія гады яны звычайна ў афіцыйны прагноз закладваюць нейкі ідэальны варыянт, лічбы, якія адпавядаюць нейкаму ідэальнаму аптымістычнаму сцэнару. Так і цяпер — яны прагназуюць на гэты год рост ВУП 1,8 працэнта.

Цяпер наша эканоміка знаходзіцца ў вельмі няўстойлівым стане. Калі яе ўдасца ў гэтым стане закансэрваваць, то ў гэтым выпадку найбольш імавернай будзе лічба росту каля нуля. То бок гэта і ёсьць аптымістычны варыянт. Пры ўмовах спрыяльнай вонкавай каньюнктуры. На самой справе больш шанцаў, што вонкавая каньюнктура можа зьмяніцца ў горшы бок.

Аптымістычныя сцэнары прадугледжваюць закансэрваваны стан эканомікі. Але я пачаў з таго, што гэты стан цяпер вельмі няўстойлівы, што перад эканомікай вымалёўваецца шмат пагрозаў, набор прынцыпова іншых якасна выклікаў.

Па-першае, гэта пагроза фінансавай дэстабілізацыі. Бо на сёньня фінансавы стан дзяржаўных прадпрыемстваў вельмі сумнеўны, і гэта сур’ёзны выклік для фінансавай стабільнасьці ўсёй краіны. Пагоршылася сытуацыя на фінансавых рынках з боку ашчаджэньняў людзей, людзі зьмянілі свае паводзіны, пачалі здымаць грошы з рахункаў. Калі гэтая тэндэнцыя працягнецца, яна можа выклікаць новы фінансавы шок.

Таксама нікуды не падзеліся пагрозы для эканомікі, зьвязаныя з адносінамі з Расеяй, са станам сусьветнай эканомікі, працягам эпідэміі ковіду. Новы якасны ўзровень пагрозаў — эканамічныя санкцыі супраць Беларусі і міграцыя з краіны. Калі ўсё гэта будзе разьвівацца адначасова і даволі актыўна, то пра нулявы рост ВУП можна будзе толькі марыць.

— Наконт цяперашніх санкцыяў, калі браць не палітычны, а толькі эканамічны аспэкт, існуюць розныя меркаваньні, наколькі яны рэальна ўплываюць на беларускую эканоміку. Як вы іх ацэньваеце — тактычна і стратэгічна?

— У стратэгічным сэнсе гэта сапраўды вялікая праблема. Каб пазьбегнуць зьніжэньня золатавалютных рэзэрваў, неабходна рэфінансаваць дзяржаўны доўг. І цяпер гэтая заходняя крыніца, дзе можна пазычыць грошы, зьнікае. Застаецца толькі Расея і, магчыма, Кітай. І гэта праблема на сутыку эканомікі і палітыкі, бо Беларусь будзе павялічваць сваю залежнасьць ад тых крэдытораў, якія засталіся.

— Нядаўна на сэсіі Палаты прадстаўнікоў прэм’ер Галоўчанка прадставіў некаторыя пляны і крокі, якія ў іншай сытуацыі можна было б палічыць даволі лібэральнымі. Але ў цяперашняй на гэта мала хто зьвярнуў увагу. Ці могуць гэтыя абвешчаныя крокі зьмяніць падыходы ўладаў да эканамічных праблемаў?

— Маецца на ўвазе праграма дзеяньняў ураду. Там сапраўды ёсьць некалькі крокаў, якія, прынамсі «на паперы», бачацца прывабнымі і мэтазгоднымі. Праблемы, хутчэй, у палітычнай волі да выкананьня такіх крокаў. Раней шмат прыгожых і правільных крокаў былі ўключаныя ў розныя праграмы дзеяньня некалькіх мінулых гадоў, але рэдка выконваліся. Таму галоўнае — гэта палітычная воля і давер з боку грамадзтва, гатоўнасьць людзей успрымаць тое, што ўлады абяцаюць. Але гэтага даверу няма.

— Калі ўсяму грамадзтву давядзецца зацягваць паясы, то хто, якія галіны і слаі будуць самымі пацярпелымі? А якія «сьвятыя каровы» заўсёды будуць мець сваё, дзе ніякага скарачэньня ніколі ня будзе?

— У бюджэце дэкляруецца падтрымка бюджэтнікаў, падвышэньне заробкаў у дзяржаўным сэктары. Калі эканоміка моцна не ўпадзе, то варта чакаць, што захаваецца статус-кво, магчыма, зь невялікім паляпшэньнем для працаўнікоў у дзяржаўным сэктары. Але ці магчыма гэта — вяртаемся да тых самых пагрозаў і ўмоваў, пра якія я ўжо гаварыў раней. Бо для дзяржаўных прадпрыемстваў сёньня падвысіць заробкі азначае дадатковы крок у фінансавую багну.

— Улады ўжо пачалі шукаць, дзе знайсьці грошы. Падвысілі падаткі для супрацоўнікаў ІТ-сэктару, падвысілі ПДВ (падатак на дададзеную вартасьць). Які эфэкт ад гэтых крокаў можна прадбачыць?

— Будзе пэўны штуршок для росту цэнаў, гэта адчуецца ўжо ў першым квартале. Як уладамі будзе вырашацца задача пошуку сродкаў у бюджэт — я пакуль ня бачу. Натуральна, падвышэньне падаткаў для ПВТ — гэта дадатковы стымул для рэлякацыі ІТшнікаў у іншыя краіны. Урад будзе працягваць шукаць новыя крыніцы даходаў, каб хоць неяк абмежаваць дэфіцыт бюджэту. Але добрых рашэньняў я тут ня бачу. Залезьці ў кішэню прыватнага сэктару — магчыма, такая думка многімі ва ўрадзе кіруе.

— У гісторыі Беларусі апошнія 10 гадоў ёсьць і фінансавыя крызісы, і гады падзеньня ВУП, і гады падзеньня рэальных даходаў насельніцтва. Ці сьведчыць гэта пра нейкую сыстэмную, стратэгічную хібу беларускай эканомікі? Якія гістарычныя паралелі можна правесьці, з чым параўнаць цяперашні стан эканомікі?

— Беларуская эканоміка мае сыстэмную слабасьць, уразьлівасьць, якая пэрманэнтна нараджае крызісы рознага кшталту. Рост, які назіраўся ў 2003-10 годзе, быў, як кажуць эканамісты, транзытыўны, ён абапіраўся на ненадзейныя мэханізмы, якія толькі часова маглі дзейнічаць. Каб далей рухацца і расьці, трэба ствараць новыя тавары і паслугі, а не абапірацца на старое. Для стварэньня новага эканоміцы патрэбны іншы інстытуцыйны падмурак, новыя законы і ўмовы. Але дзяржава ня хоча ствараць гэта з палітычных меркаваньняў.

Апошнія 10 гадоў, паводле ўсіх эканамічных індыкатараў, можна назваць пэрыядам стагнацыі, які суправаджаўся эпізодамі фінансавай дэстабілізацыі. І калі праводзіць гістарычныя паралелі, то можна ў пэўным сэнсе параўнаць з канцом 80-х у СССР. Сытуацыі не ідэнтычныя, але пэўныя падабенствы ёсьць.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG