У 2020 годзе замежнагандлёвы абарот тавараў і паслуг Беларусі склаў $72 млрд 241,7 млн, што на 14,4% менш, чым за 2019 год. Пра гэта сьведчаць папярэднія дадзеныя Нацыянальнага банку, піша БелаПАН.
Экспарт тавараў і паслуг зьнізіўся на 11,7%, да $37 млрд 82 млн, імпарт — на 17%, да $35 млрд 159,7 млн.
Станоўчае сальда замежнага гандлю таварамі і паслугамі склала $1 млрд 922,3 млн (у 2019 года адмоўнае сальда было $403 млн).
Замежны гандлёвы абарот тавараў летась скараціўся на 15,1%, да $58 млрд 482,6 млн. Экспарт тавараў зьнізіўся на 12,6% і склаў $28 млрд 256,9 млн, імпарт — на 17,2%, да $30 млрд 225,7 млн. Адмоўнае сальда гандлю таварамі склала $1 млрд 968,8 млн (у 2019 годзе — мінус $4 млрд 192,7 млн).
А замежны гандлёвы абарот паслуг за 2020 год зазнаў падзеньне на 11,2%, да $13 млрд 759,1 млн. Экспарт паслуг зьменшыўся на 8,5% і склаў $8 млрд 825,1 млн, імпарт — на 15,7%, да $4 млрд 934 млн. Станоўчае сальда склала $3 млрд 891,1 млн супраць $3 млрд 789,7 млн у 2019-м.
Экспэрты, на якіх спасылаецца агенцтва, адзначаюць, што на зьніжэньне замежнагандлёвага абароту тавараў і паслуг паўплывалі пандэмія каранавірусу і палітычны крызіс у Беларусі.