Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галоўчанка зафіксаваў спад у гандлі Беларусі з Расеяй. Мішусьцін паправіў, што «нязначны»


Кіраўнік расейскага ўраду Міхаіл Мішусьцін
Кіраўнік расейскага ўраду Міхаіл Мішусьцін

У Маскве прайшлі перамовы прэм’ер-міністраў Расеі і Беларусі.

Як гаворыцца ў афіцыйных паведамленьнях, Міхаіл Мішусьцін і Раман Галоўчанка абмеркавалі пытаньні супрацьдзеяньня каранавіруснай інфэкцыі і падзяліліся думкамі «па актуальных напрамках расейска-беларускага гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва».

Асобным пунктам значылася «паглыбленьне інтэграцыі ў рамках саюзнай дзяржавы».

«Беларусь і Расея маюць усе перадумовы для пераадоленьня ў 2021 годзе спаду ва ўзаемным гандлі, выкліканага наступствамі пандэміі. Нягледзячы на зьнешнія шокі, нам удалося захаваць ключавыя парамэтры ўзаемнага тавараабароту», — адзначыў Раман Галоўчанка.

Паводле ягоных падлікаў, праз пандэмію ў 2020 годзе аб’ём беларуска-расейскага гандлю «прасеў» прыкладна на 20%. Аднак агульную сытуацыю ён назваў «кіраванай», кажучы пра рэзэрвы ў прамысловасьці, сельскай гаспадарцы і будаўніцтве.

Ягоны аптымізм падтрымаў і Міхаіл Мішусьцін, які заявіў, што пандэмія каранавірусу «нязначна паўплывала на гандлёва-эканамічныя адносіны дзьвюх краін», таму аднавіць гандаль будзе нескладана.

Адным з прыкладаў рэагаваньня на зьнешнія выклікі бакі назвалі стварэньне на беларускай тэрыторыі сумеснай вытворчасьці расейскай вакцыны ад каранавірусу, спасылаецца ТАСС на Міхаіла Мішусьціна.

Паводле прэсавай службы Савету міністраў, у складзе беларускай урадавай дэлегацыі ў Маскву прыляцелі першы намесьнік прэм’ер-міністра Мікалай Снапкоў, міністар энэргетыкі Віктар Каранкевіч, міністар фінансаў Юры Селіверстаў, міністар антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю Ўладзімер Калтовіч, старшыня канцэрну «Белнафтахім» Андрэй Рыбакоў ды іншыя.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG