Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Журналісцкія арганізацыі Эўропы выказалі салідарнасьць са зьняволенымі беларускімі калегамі


Суд над Кацярынай Андрэевай і Дар'яй Чульцовай
Суд над Кацярынай Андрэевай і Дар'яй Чульцовай

Шэраг журналісцкіх арганізацый Эўропы выступілі з заявамі адносна суду над карэспандэнткамі тэлеканалу «Белсат» Кацярынай Андрэевай і Дар’яй Чульцовай.

Спасылкі на заявы зьмяшчае на сваім сайце Беларуская асацыяцыя журналістаў (БАЖ).

Рэжым Аляксандра Лукашэнкі павінен неадкладна спыніць сыстэматычны перасьлед журналістаў, — патрабуе Нямецкая асацыяцыя журналістаў (DJV) у адкрытым лісьце ў амбасаду Беларусі ў Бэрліне і да ганаровых консулаў.

«Журналісты, якія хочуць асьвятляць падзеі ў Беларусі, зазнаюць перасьлед і ня могуць выконваць сваю інфармацыйную місію. Судовыя працэсы супраць журналістаў і іх арганізацый павінны быць неадкладна спыненыя», — гаворыцца ў заяве.

Фэдэральны старшыня Нямецкай асацыяцыі журналістаў Франк Убэрал упэўнены, што Кацярына Андрэева і Дар’я Чульцова павінны быць неадкладна вызваленыя. Немагчыма дапусьціць судовы разбор у дачыненьні да тых, хто не займаўся нічым, акрамя сваёй прафэсіі, падкрэсьліў ён.

Фэдэрацыя асацыяцый журналістаў Гішпаніі (FAPE) зьвярнулася да старшага дарадцы беларускага амбасадара ў Мадрыдзе Сяргея Лукашэвіча ў справе перасьледу журналістаў у Беларусі. Зварот падпісаў прэзыдэнт FAPE Нэмэзіё Радрыгес.

Ён выказаў думку, што дзяржаўныя рэпрэсіі ў дачыненьні да прэсы ў Беларусі непрымальныя.

«Журналісткам Кацярыне Андрэевай і Дарʼі Чульцовай пагражаюць 3 гадамі пазбаўленьня волі толькі за просты факт, што яны імкнуліся свабодна выконваць свае прафэсійныя абавязкі. Прашу вас спрычыніцца да таго, каб працэс адмяніўся і яны выйшлі на волю. Свабодная журналісцкая практыка — адна з асноваў дэмакратычных сыстэм у кантэксьце права на свабоду слова. Абмяжоўваць гэтае права роўна абмежаваньню дэмакратыі», — гаворыцца ў звароце.

Праўленьне Саюзу баўгарскіх журналістаў (UBJ) прыняло заяву з заклікам да беларускіх уладаў спыніць перасьлед журналістаў і мэдыя.

У заяве прыводзіцца статыстыка парушэньняў правоў супрацоўнікаў СМІ ў Беларусі ды кейс крымінальнага перасьледу журналістак «Белсату».

«Нават гэтых фактаў дастаткова, каб пераканацца: рэпрэсіі пераключылі на высокую хуткасьць, а замах уладаў на журналістаў, якія выконваюць свае абавязкі ў інфармаваньні грамадзтва, выклікае наша глыбокае абурэньне. Любая спроба запалохваньня журналістаў, спроба задушыць свабоду слова з выкарыстаньнем „дубінкі закону“ — выразнае парушэньне дэмакратычнага заканадаўства».

Кіраўнічая рада Саюзу баўгарскіх журналістаў патрабуе неадкладна і безумоўна вызваліць усіх арыштаваных калегаў і настойвае на выкананьні асноўных грамадзянскіх правоў і свабодаў.

Саюз журналістаў Сэрбіі выказвае салідарнасьць са зьняволенымі калегамі ў Беларусі. Адпаведны зварот накіраваны ў беларускую амбасаду ў Бялградзе.

«Выказваем салідарнасьць з акцыяй Эўрапейскай і Міжнароднай фэдэрацый журналістаў і заклікаем беларускія ўлады неадкладна вызваліць зьняволеных калегаў. Мы ведаем, што ў турмах Беларусі знаходзяцца 11 журналістаў, і гэта ніяк ня можа быць знакам дэмакратычнага грамадзтва. Урад Сэрбіі таксама не лагодны да журналістаў, але ніхто зь іх не сядзіць у турме», — адзначаецца ў заяве за подпісам прэзыдэнта арганізацыі Драгана Чабаркапа.

Таксама салідарнасьць зь беларускімі калегамі выказалі журналісты Ўкраіны, Францыі ды іншыя арганізацыі па ўсім сьвеце.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG