Як паведамляе «Беларуская асацыяцыя журналістаў», зварот скіраваны да грамадзянаў Беларусі, прэзыдэнцкай адміністрацыі і ўраду, прадстаўнікоў сілавых структур, дзяржаўных СМІ, дзе яшчэ не маўчаць прафэсійная салідарнасьць і сумленьне.
«Мы зьвяртаемся да вас з адзіным заклікам — уратаваць народжаную ў пакутах беларускую журналістыку. Пачаўшы з беспрэцэдэнтнага ціску на незалежныя СМІ, спрабуючы паставіць заслону на іх шляху да чытача, гледача, слухача, улада не абмежавалася блякадай інтэрнэт-выданьняў, нічым не матываванай адмовай друкаваць і распаўсюджваць газэты, пазбаўленьнем акрэдытацыі журналістаў замежных СМІ. Тое, што сёньня робіцца, цяжка назваць спробай абмежаваць уплыў на грамадзтва. Гэта сапраўднае задушэньне свабоды слова», — гаворыцца ў звароце.
Прыводзіцца шэраг абуральных прыкладаў зьдзеку з асобных журналістаў і цэлых рэдакцыйных калектываў.
«Якім законам можна апраўдаць тое, што незалежная газэта „Народная воля“, якая цягам 6 гадоў ня мела ніводнага папярэджаньня ні ад Міністэрства інфармацыі, ні ад іншых кантрольных органаў, амаль паўгода таму з надуманай прычыны пазбаўленая магчымасьці друкавацца, распаўсюджвацца па падпісцы і праз розьнічную сетку? У гэткім жа дыскрымінацыйным становішчы апынуліся „БелГазета“ і „Свободные новости“, шэраг іншых выданьняў.
Якім законам можна апраўдаць крымінальны перасьлед журналістаў за сумленнае выкананьне свайго прафэсійнага абавязку, як гэта адбываецца з Кацярынай Андрэевай, Дар’яй Чульцовай, Кацярынай Барысевіч? Або за тое, што стварылі сапраўдную школу прафэсійнага майстэрства, як у выпадку з супрацоўнікамі „Прэс-клюбу“ на чале зь Юліяй Слуцкай?
Якім законам можна апраўдаць сотні затрыманьняў журналістаў падчас выкананьня імі рэдакцыйных заданьняў, гвалт і самавольства ўлады ў дачыненні да іх?».
Забіваючы гарантаваную Канстытуцыяй свабоду слова, вольную ад прапагандысцкіх выдумак журналістыку, улады самі забіваюць дзяржаву, ад імя якой твораць зло. «Няўжо сапраўды думаюць, што тупая сіла беззаконьня здольная перамагчы сілу праўды?» — задаюцца рытарычным пытаньнем вэтэраны беларускай журналістыкі.
У 2020-м і ў студзені 2021 году былі затрыманыя 485 журналістаў, амаль сотня апынулася пад арыштам. Пасьля дня выбараў 9 жніўня зафіксаваныя 62 выпадкі фізычнага гвалту ў дачыненьні да прадстаўнікоў СМІ.
Вэтэраны беларускай журналістыкі, якія падпісаліся пад зваротам: Тацяна Арлова, Сямён Букчын, Сяргей Ваганаў, Вячаслаў Вольскі, Анатоль Вярцінскі, Фёдар Велікаселец, Валеры Дубоўскі, Сяргей Законьнікаў, Ёсіф Калюта, Леанід Левановіч, Міхаіл Міхаевіч.
Кіраўнікі незалежных СМІ, якія падпісаліся пад зваротам: Андрэй Дынько (шэф-рэдактар газеты «Наша ніва»), Кірыл Жываловіч (галоўны рэдактар «БелГазеты»), Васіль Зданюк (галоўны рэдактар газеты «Свободные новости»), Марына Золатава (галоўны рэдактар парталу TUT.BY), Аксана Колб (галоўны рэдактар газэты «Новы час»), Ірына Леўшына (галоўны рэдактар інфармацыйнай кампаніі БелаПАН), Аляксандар Старыкевіч (выдавец інтэрнэт-газэты «Салідарнасьць»), Ёсіф Сярэдзіч (галоўны рэдактар газэты «Народная Воля»), Андрэй Бастунец (старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў).