Ініцыятыва BYPOL, створаная былымі беларускімі сілавікамі для расьсьледаваньня бясчынстваў сілавых структур на беларускіх вуліцах, а таксама палітычна матываваных арыштаў, катаваньняў, забойстваў, паведаміла, што раскрыла шэраг імёнаў сілавікоў, якія маюць непасрэднае дачыненьне да арышту і ціску на Сяргея Ціханоўскага і яго паплечнікаў.
У матэрыялах гаворыцца, што задоўга да непасрэднага затрыманьня Ціханоўскага і чальцоў ягонай каманды ГУБАЗіК пачаў распрацоўку ў рамках справы апэратыўнага ўліку. Займаўся гэтым старшы опэрупаўнаважаны 2 аддзелу 3-й управы І.Т. Агульнае кіраўніцтва вёў М.Б. — начальнік 3-й управы. Але па выніках праведзеных апэратыўна-вышуковых захадаў ніякіх прававых падставаў для крымінальнай справы супраць Ціханоўскага не было.
Таму, паводле аўтараў расьсьледаваньня, вырашылі арганізаваць правакацыю. Загад аб гэтым дало кіраўніцтва МУС. У апэратыўнай камбінацыі галоўную ролю далі прастытутцы па мянушцы «Лямбада», якая канфідэнцыйна супрацоўнічала з опэрупаўнаважаным І.Т. Непасрэдны кантроль над рэалізацыяй камбінацыі ажыцьцяўляў намесьнік міністра ўнутраных спраў, які прыехаў у Горадню.
Ініцыятыва публікуе аўдыё з голасам чалавека, які падобны да голаса тагачаснага міністра ўнутраных спраў Юрыя Караева з выказваньнямі пра Ціханоўскага: «Няма на яго артыкула, варта прыдумаць і пасадзіць».
У выніку «іх злачынных дзеяньняў», як мяркуюць аўтары матэрыялу, Ціханоўскі ўжо 7 месяцаў «незаконна ўтрымліваецца пад вартай у сфабрыкаванай крымінальнай справе».
Ціханоўскаму інкрымінуюць злачынствы, прадугледжаныя артыкуламі 191 (Перашкода ажыцьцяўленьню выбарчых правоў), 342 ч. 1 (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак) і 364 ч. 1 (Гвалт альбо пагроза гвалту ў дачыненьні супрацоўніка органаў унутраных спраў) Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь.
Таксама аўтары BYPOL пішуць і пра павышэньні, якія атрымалі аўтары перасьледу Сяргея Ціханоўскага. Так, «за праяўленую стараннасьць» шэраг асобаў павысілі да новых пасадаў у ГУБАЗІК, Сьледчым камітэце і Дзяржаўным камітэце судовых экспэртызаў.
Затрыманьні Ціханоўскага і яго прыхільнікаў. Што трэба ведаць
- Сяргей Ціханоўскі — відэаблогер, аўтар Youtube-каналу «Страна для жизни». Зьбіраўся балятавацца ў прэзыдэнты на выбарах 2020 году, але ягонай ініцыятыўнай групе адмовілі ў рэгістрацыі, калі ён быў у зьняволеньні. Але зарэгістравалі групу ягонай жонкі Сьвятланы Ціханоўскай, блогер стаў кіраўніком гэтай групы.
- У Горадні а 20-й гадзіне 29 траўня Сяргея Ціханоўскага затрымалі супрацоўнікі АМАПУ падчас перадвыбарчага пікету за вылучэньне ў прэзыдэнты ягонай жонкі. Абставіны затрыманьня нагадвалі тыя, пра якія раней казаў Лукашэнка.
- Гэта адбылося пасьля таго, як невядомая жанчына, якую сьведкі называлі правакатаркай, кідалася на блогера і спрабавала трымаць яго за вопратку. Яна патрабавала, каб Ціханоўскі адказаў, чаму ў Горадні няма яго жонкі. Ціханоўскі намагаўся сысьці ад жанчыны — зьявілася міліцыя.
- Літаральна праз паўхвіліны прыбеглі супрацоўнікі АМАП і затрымалі Сяргея Ціханоўскага, які знаходзіўся за некалькіх мэтраў ад эпіцэнтру. Пазьней затрымалі таксама шэраг паплечнікаў Ціханоўскага. МУС паведаміла пра крымінальную справу за «гвалт супраць міліцыянтаў».
- На лецішчы Ціханоўскага нібыта знайшлі 900 тысяч даляраў. Жонка мяркуе, грошы маглі падкінуць.
- Ціханоўскага трымаюць за кратамі з 29 траўня 2020 году. Яго абвінавачваюць паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу:
ч. 1 арт. 293 (арганізацыя масавых беспарадкаў, да 15 гадоў зьняволеньня).
ч. 3 арт. 130 (распальваньне сацыяльнай варожасьці);
ч. 2 арт. 191 (перашкода працы ЦВК). Заяву на яго падала старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына;
ч. 1 арт. 342 (арганізацыя дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак).
- Беларускія праваабаронцы прызналі Ціханоўскага палітычным зьняволеным.
- ПА АБСЭ і Эўрапарлямэнт патрабавалі вызваленьня Ціханоўскага, Статкевіча і іх паплечнікаў.