Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік МЗС Швайцарыі расказаў пра затрыманьне швайцарскай журналісткі ў Менску, прысуд Натальлі Хершэ і званкі Макею


Уладзімер Макей і кіраўнік МЗС Швайцарыі Іньяцыё Касіс падчас адкрыцьця амбасады Швайцарыі ў Менску, 13 лютага 2020 году
Уладзімер Макей і кіраўнік МЗС Швайцарыі Іньяцыё Касіс падчас адкрыцьця амбасады Швайцарыі ў Менску, 13 лютага 2020 году

Кіраўнік МЗС Швайцарыі Іньяцыё Касіс у інтэрвію швайцарскай газэце Tages-Anzeiger пракамэнтаваў затрыманьне швайцарскай журналісткі ў Менску, прысуд Натальлі Хершэ і адказаў, ці не было памылкай адкрыць амбасаду Швайцарыі ў Менску год таму.

Пра затрыманьне швайцарскай журналісткі

Іньяцыё Касіс заявіў, што інцыдэнт з затрыманьнем у Менску швайцарскай журналісткі Люцыі Чыркі «выклікае непакой». Адразу пасьля здарэньня МЗС Швайцарыі выклікала амбасадара Беларусі ў Бэрне і запатрабавала ад яго тлумачэньняў. Аднак афіцыйнага адказу ад беларускага боку чакаюць дасюль, піша Tut.by.

«Той факт, што з журналістам так абыходзяцца, не павінен адбывацца», — заявіў кіраўнік МЗС.

Пра прысуд Натальлі Хершэ

Міністар таксама пракамэнтаваў прысуд грамадзянцы Швайцарыі Натальлі Хершэ, якую асудзілі на 2,5 года калёніі за сарваную з амапаўца балаклаву.

«Злачынства, аналягічнае таму, у якім яна абвінавачваецца, верагодна, будзе карацца ў Швайцарыі штрафам, а не настолькі суровым турэмным зьняволеньнем. Гэта паказвае, наколькі адрозьніваюцца судовыя сыстэмы і прававая сытуацыя. Міс Хершэ была пакараная вельмі, вельмі жорстка за параўнальна бяскрыўднае злачынства», — заўважыў Іньяцыё Касіс і дадаў, што казаў пра гэта свайму беларускаму калегу Ўладзімеру Макею.

Швайцарыя таксама занепакоеная дзеяньнямі ўраду Беларусі ў дачыненьні да дэманстрантаў і асуджае іх: пра гэта Беларусі ня раз паведамлялі па дыпляматычных каналах, а асабіста Іньяцыё Касіс казаў пра гэта Ўладзімеру Макею.

Пра большыя санкцыі ў дачыненьні да Лукашэнкі

Камэнтуючы заклік Сьвятланы Ціханоўскай зрабіць больш жорсткімі санкцыі ў дачыненьні да атачэньня Лукашэнкі, міністар адзначыў, што ў адпаведнасьці з Законам аб эмбарга Швайцарыя ня можа ўводзіць санкцыі з уласнай ініцыятывы. «Але нядаўна Рада Фэдэрацыі прыняла санкцыі Эўразьвязу ў дачыненьні да Лукашэнкі і іншых чальцоў ураду, хоць у Швайцарыі на першым месцы стаіць традыцыйна дыялёг, а не пакараньне», — сказаў Касіс.

Пра адкрыцьцё амбасады ў Менску

Падчас інтэрвію ў міністра спыталі, ці не было памылкай, на ягоную думку, пашырэньне прадстаўніцтва Швайцарыі ў Менску да статусу амбасады, якое адбылося год таму.

«У той час мы хацелі падтрымаць дэмакратызацыю ў Беларусі як ідэалягічна, так і дыпляматычна. На жаль, з тых часоў сытуацыя разьвіваецца ў няправільным кірунку, — сказаў міністар, але дадаў, што не шкадуе аб такім рашэньні. — Сёньня я рады, што мы маем моцнае прадстаўніцтва ў Менску. Дзякуючы свайму званьню амбасадара Клод Альтэрмат можа лягчэй умешвацца [у спрэчныя пытаньні]. І я магу дасягнуць большага, таксама дзякуючы маім прамым адносінам з маім беларускім калегам», — сказаў Іньяцыё Касіс.

На пытаньне, ці магчыма, што амбасаду могуць зноў ліквідаваць, калі сытуацыя з правамі чалавека ў Беларусі будзе і далей пагаршацца, кіраўнік МЗС Швайцарыі заявіў, што пакуль гэта толькі тэма для абмеркаваньня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG