Санкцыі, уведзеныя Эўразьвязам у дачыненьні да Беларусі, пакуль не далі ніякага эфэкту, бо для таго, каб іх вынік стаў бачны, трэба больш часу. Такое меркаваньне выказаў у чацьвер на брыфінгу ў Брусэлі прэс-сакратар зьнешнепалітычнай службы Эўразьвязу Пэтэр Стана, інфармуе ТАСС.
«ЭЗ увёў ужо тры блёкі санкцый супраць фізычных асоб і кампаній у Беларусі. Што тычыцца эфэктыўнасьці санкцый у дачыненьні да Беларусі — мы пастаянна адсочваем яе. Аднак патрабуецца значны час, каб санкцыі падзейнічалі. На жаль, мы пакуль бачым, што рэпрэсіі не спыніліся, і ўсе арыштаваныя застаюцца за кратамі», — адзначыў ён.
У гэтай сувязі Стана падкрэсьліў, што «санкцыйны рэжым у дачыненьні да Беларусі мае адкрыты характар» і можа быць узмоцнены, «пакуль непрымальнае [з пункту гледжаньня Брусэлю] разьвіцьцё падзей працягваецца».
З кастрычніка мінулага году Эўразьвяз увёў тры пакеты санкцый супраць Беларусі. У чорны сьпіс уключаныя больш за 80 прадстаўнікоў кіраўніцтва краіны, сілавікоў і членаў выбарчых камісій. Акрамя таго, абмежаваньні ўведзеныя супраць Кіраўніцтва спраў прэзыдэнта Беларусі, Менскага заводу колавых цягачоў, ААТ «140-ы рамонтны завод», кампаній «Белтэхэкспарт», «Сінезіс» і Dana Holdings. Апошняй кіруюць сэрбскія бізнэсоўцы. Эўрапейскаму бізнэсу забараняецца весьці зь імі якія-небудзь справы.
Хроніка ўвядзеньня санкцый супраць беларускіх уладаў
- 2 кастрычніка Эўразьвяз увёў санкцыі супраць 40 беларускіх чыноўнікаў — кіраўнікоў і старшых афіцэраў МУС, КДБ, чальцоў ЦВК, былога генэральнага пракурора.
- 6 лістапада сьпіс пашырылі, у яго дадалі яшчэ 15 чыноўнікаў, у тым ліку Аляксандра і Віктара Лукашэнкаў, а таксама кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта, старшыню КДБ, старшыню Сьледчага камітэту, прэс-сакратарку Лукашэнкі, старшыню Канстытуцыйнага суду і іншых асобаў з найвышэйшага кіраўніцтва.
- 19 лістапада міністры замежных спраў ЭЗ дамовіліся аб трэцім пакеце эўрапейскіх санкцый супраць уладаў Беларусі.
- 19 лістапада кіраўнік дыпляматыі ЭЗ Жузэп Бурэль заявіў, што Лукашэнка больш не атрымае ад Эўразьвязу ніводнага эўра.
- Таксама 19 лістапада стала вядома, што Эўразьвяз зьбіраецца блякаваць перамовы Беларусі з МВФ аб крэдытах і аб уступленьні ў СГА.
- Пазьней да санкцыяў ЭЗ далучыліся яшчэ 8 краінаў, якія не ўваходзяць у Эўразьвяз: Альбанія, Ісьляндыя, Ліхтэнштэйн, Нарвэгія, Паўночная Македонія, Украіна, Чарнагорыя і Швайцарыя.