Прычыну затрыманьня ёй не паведамілі, а ейнае месцазнаходжаньне было доўга невядомае, паведаміў тэлеграм-канал Праваабарончага цэнтру «Вясна».
Пасьля 17 гадзіны стала вядома, што Люцыю Чыркі адпусьцілі зь міліцыі, пра гэта яна сама напісала ў твітэры:
«Я ехала выпіць кавы з сябрамі, калі на святлафоры спыніўся мікрааўтобус. Людзі ў масках без тлумачэньня прычын зацягнулі нас у машыну. Мая сяброўка і яе муж усё яшчэ знаходзяцца ў зняволеньні».
Перад тым Дэпартамэнт замежных спраў Швайцарыі зьвярнуўся ў Міністэрства замежных спраў Беларусі ў сувязі з затрыманьнем журналісткі.
«Дэпартамэнт мае інфармацыю аб затрыманьні швайцарскай журналісткі ў Менску. Ён знаходзіцца ў кантакце зь беларускім Міністэрствам замежных спраў і займаецца сытуацыяй», – паведаміла ведамства ў твітэры.
Сёньня ў беларускай сталіцы і іншых гарадах праходзяць традыцыйныя для нядзелі лякальныя акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў жнівеньскіх прэзыдэнцкіх выбараў і перасьледу іншадумцаў. У адрозьненьне ад папярэдніх выходных, сілавікі сканцэнтраваныя ня толькі ў мікрараёнах, але і ў цэнтры, дзе затрымліваюць грамадзян.
У беларускай турме адбывае пакараньне (2,5 года пазбаўленьня волі) грамадзянка Швайцарыі, ураджэнка Беларусі Натальля Хершэ. 7 сьнежня 2020 году суд Савецкага раёну Менску прызнаў яе вінаватай у супраціве супрацоўніку міліцыі (ч. 2 арт. 363 КК). Паводле прысуду, 19 верасьня падчас несанкцыянаванай акцыі (жаночага маршу) каля Камароўскага рынку 51-гадовая Хершэ сарвала балаклаву з 22-гадовага сілавіка, «падрапала яму твар, прычыніўшы тым самым цялесныя пашкоджаньні». Яна павінна выплаціць супрацоўніку МУС 1000 рублёў. Жанчына віны не прызнала.