Пасьля 2011 году «Керамін» стаў дзяржаўным, большасьць акцый перайшло да ўладаў. Цяпер тут вырабляюць кафлю, цэглу, унітазы і ракавіны. Што адбываецца з прыбыткам і пазыкамі прадпрыемства?
Што адбылося
Выданьне «Новы час» апублікавала зьвесткі ад аднаго з рабочых «Кераміну» аб спыненьні вытворчасьці цэглы на 2-3 месяцы. Прычына — неразгружанасьць складоў і адсутнасьць продажаў. У кіраўніцтве «Кераміну» гэта пацьвердзілі: сапраўды, продажу няма, а «цэглы дастаткова, каб забясьпечыць патрэбы спажыўцоў». У кіраўніцтве абяцалі працаўладкаваць усіх, хто працаваў на цагельным заводзе на гэты час і нікога не звальняць.
Што цяпер з «Керамінам»
У 2011 годзе завод канчаткова перайшоў да ўлады. Раней ён належаў дырэктарату, які ў 1994 годзе на хвалі прыватызацыі выкупіў кантрольны пакет акцый. Асноўны акцыянэр да 2011 году — Анатоль Цюцюнаў.
Анатоль Цюцюнаў у 2011 годзе пакінуў пост кіраўніка прадпрыемства, гэтую падзею ён ня надта камэнтаваў. А перад ягоным сыходам на прадпрыемства прыйшло адразу некалькі праверак, якія выявілі «шэраг парушэньняў».
У 2019 годзе чысты прыбытак «Кераміну» складаў 11,1 мільёна рублёў. Сьвежай справаздачнасьці няма. Прадпрыемства сёньня — гэта некалькі заводаў, якія вырабляюць цэглу, кафлю і санітарна-тэхнічныя вырабы (ракавіны, унітазы).
Экспарт санітарна-тэхнічных вырабаў зь Беларусі сёлета ў студзені — кастрычніку скараціўся на 20%. За мяжу прадалі тавару на 4,7 мільёна даляраў, у 2019 годзе было 5,8 мільёна.
Керамічнай кафлі зь Беларусі сёлета прадалі на 10% менш колькасьцю за студзень-лістапад, чым было летась. Агулам на 77,4 мільёна даляраў (у 2019 годзе было 89 мільёнаў).
Будаўнічай цэглы зь Беларусі летась за студзень-лістапад прадалі на 8,6 мільёна даляраў, за такі ж пэрыяд 2019 году — на 10,4 мільёна.
«Скарацілі шэраг ільготаў»
Як расказалі Свабодзе супрацоўнікі заводу, кіраўніцтва паабяцала ўсіх працаўладкаваць на іншых вытворчасьцях прадпрыемства. Гэта абяцаньне прагучала ўжо пасьля таго, як у СМІ трапіла інфармацыя, што цагельны завод спыняць.
Раней жа майстры казалі рабочым з цагельнай вытворчасьці, што могуць уладкаваць хоць у ЖЭС. Летась цагляны завод таксама спынялі, запусьцілі яго ў траўні. Рабочых пераразьмяркоўвалі на іншыя лініі вытворчасьці. Сёлета вытворчасьць спыніцца з сакавіка.
Таксама цяпер на цагельнай вытворчасьці скарацілі шэраг бонусаў і льготаў: выплаты ў сувязі зь юбілеям, шлюбам, нараджэньнем дзіцяці, выплаты на аздараўленьне. На думку аднаго з рабочых, «калі завод быў прыватны, ільготаў для супрацоўнікаў было болей, а праблем меней». Тады заводам кіраваў Анатоль Цюцюнаў.
Па словах супрацоўнікаў, цяпер з 8 ліній для вытворчасьці кафлі працуюць 6, яшчэ адну могуць спыніць з сакавіка, а адна лінія не працуе больш за год.
«Вытворчасьць будаўнічых матэрыялаў залежыць ад наяўнасьці будоўляў. У зімовы час яны скарачаюцца. Наш працоўны пэрыяд усё ж такі летні. Таму штогод зімой спыняюць пэўныя лініі вытворчасьці. Калі іх не спыняць, прадпрыемства будзе працаваць на склад», — распавёў іншы рабочы.
Ён жа кажа, што «звальняць людзей наўрад ці будуць, бо тады няма каму будзе зноў запускаць цагляны завод».
Цяпер, па словах супрацоўнікаў, заробак у сярэднім 800–1000 рублёў. У рублях «заробкі растуць, чаго ня скажаш пра даляры».