Асацыяцыя рэстаратараў Беларусі паведаміла, што атрымала праект пастановы Савету міністраў, паводле якога могуць абмежаваць працу бараў і рэстарацыяў пасьля 23:00. У праекце гаворыцца, што ўстанова грамадзкага харчаваньня мусіць зачыняцца ў 23:00 і адчыняцца не раней за 7:00, калі:
- у ёй прадаюць або мяркуюць прадаваць алькаголь (у тым ліку піва) і пры гэтым установа знаходзіцца ў жылым доме, інтэрнаце;
- тэрытарыяльны аддзел міліцыі вырашыць, што ў раёне ёсьць рызыка «павышэньня крымінагеннай абстаноўкі», зьвязаная з працай установы пасьля 23:00.
Мяркуецца, што пастанова набудзе моц з 8 ліпеня 2021 году. Яе ініцыятарам выступіла Міністэрства ўнутраных спраў.
Асацыяцыя рыхтуе ліст з подпісамі ўсіх сябраў, у якім выкажа сваё меркаваньне наконт пастановы, а таксама будзе прасіць вынесьці гэтае пытаньне на грамадзкае абмеркаваньне.
«Калі прайграем, то 90% рэстаранаў і бараў ня змогуць працаваць пасьля 23 гадзіны, таму што знаходзяцца ў жылых дамах», — гаворыцца ў заяве Асацыяцыі ў афіцыйным тэлеграм-канале.