«Міратворчасьць — адзін са спосабаў рэалізацыі мірных ініцыятываў. Беларусь сёньня ўдзельнічае ў гэтым працэсе, накіраваўшы афіцэраў у 2 місіі — міратворчую ў Лібане (пад эгідай ААН) і маніторынгавую ва Ўкраіне (у рамках АБСЭ)», — паведамілі БелТА ў Мінабароны.
Таксама ў Мінабароны паведамілі, што пастаянна вядуць пошук новых напрамкаў, аддаючы прыярытэт гуманітарным місіям. Гаворка ідзе пра суправаджэньне гуманітарных грузаў, наданьне мэдычнай дапамогі, гуманітарнае разьмінаваньне мясцовасьці і аб’ектаў, патруляваньне і гарантаваньне бясьпекі пунктаў пропуску і транспартных камунікацый, працу штабных афіцэраў.
У жніўні 2020 году Беларусь пашырыла свой удзел у місіі Часовых сіл ААН у Лібане. Дадаткова ў склад італьянскага кантынгенту накіравалі 2 штабных афіцэраў, паведамілі ў міністэрстве. Цяпер прапрацоўваюць магчымасьць далейшага пашырэньня ўдзелу ў місіі ў Лібане.
«На ўзроўні кансультацый у распрацоўцы знаходзіцца і пытаньне аб удзеле нашых вайскоўцаў у місіях у іншых дзяржавах. Вывучаюцца магчымасьці нашага знаходжаньня ў складзе тых ці іншых кантынгентаў, спосабы выкананьня задач, пытаньні бясьпекі і іншыя», — дадаюць у Мінабароны.
У ведамстве падкрэсьлілі, што ў адпаведнасьці зь беларускім заканадаўствам для ўдзелу ў дзейнасьці па падтрыманьні міжнароднага міру і бясьпекі накіроўваюць толькі вайскоўцаў, якія праходзяць службу па кантракце, і выключна на добраахвотнай аснове. Акрамя таго, без заключэньня міжнародных дамоўленасьцяў паміж дзяржавамі накіраваньне вайскоўцаў за межы Беларусі немагчымае.
31 студзеня ініцыятыва былых беларускіх сілавікоў BYPOL са спасылкай на ўласную інфармацыю паведаміла, што ў Заходняе і Паўночна-заходняе апэратыўнае камандаваньне ўзброеных сілаў Беларусі прыйшла разнарадка на вылучэньне вайскоўцаў для патруляваньня тэрыторый у Сырыі. Першых байцоў у колькасьці 300 чалавек з кожнага камандаваньня, паводле BYPOL, меркавана павінны адправіць у Сырыю ў верасьні 2021 году, ім паабяцалі плаціць каля $2000 за месяц.