Тэкст апублікаваны ў фэйсбуку Ашуркава, які жыве ў Лёндане.
This is my Samantha Smith moment: “Dear President Biden: I am writing to you to encourage the United States to sanction corrupt Russian allies of President Putin as part of your overall approach to Russia…”
Posted by Vladimir Ashurkov on Субота, 30 Студзень 2021 г.
Раней Ашуркаў ужо публікаваў сьпіс з 8 чалавек, супраць якіх санкцыі, на яго думку, неабходна ўвесьці ў прыярытэтным парадку. Цяпер апублікаваная пашыраная вэрсія.
Акрамя «прыярытэтнага шорт-ліста», у ёй яшчэ тры сьпісы. Гэта людзі, як мяркуецца, датычныя да атручэньня і перасьледу Навальнага (у іх ліку ня толькі кіраўнік Сьледчага камітэту Аляксандар Бастрыкін, дырэктар ФСБ Аляксандар Бортнікаў, намесьнік кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта Сяргей Кірыенка, але і, напрыклад, дырэктар «Першага каналу» Канстанцін Эрнст і кіраўніца RT Маргарыта Сіманьян), «памагатыя і хаўрусьнікі» — так у сьпісе названы буйныя бізнэсоўцы (напрыклад Алег Дзерыпаска, Аляксей Мілер або Ігар Сечын) і людзі, «якія маюць дачыненьне да задушэньня свабодаў» (у ім прэм’ер Міхаіл Мішусьцін, мэр Масквы Сяргей Сабянін, кіраўніца ЦВК Эла Памфілава і іншыя). Акрамя таго, паплечнік Навальнага апублікаваў артыкул у газэце USA Today, у якой абгрунтоўвае неабходнасьць санкцыйных мер.
Ашуркаў нагадвае, што сам Навальны ўжо даўно выступае за адрасныя санкцыі Захаду супраць высокапастаўленых расейскіх прадстаўнікоў, якія, як сказана ў лісьце, «падтасоўваюць выбары, крадуць з бюджэту і займаюцца атручэньнямі».
Некаторыя з уключаных Ашурковым у сьпіс ужо пад санкцыямі ЗША.
У Белым доме пацьвердзілі атрыманьне ліста. Раней Байдэн падымаў тэму арышту Навальнага ў тэлефоннай размове з Пуціным, а прадстаўнікі Белага дому і Дзярждэпартамэнту гаварылі аб занепакоенасьці ЗША сытуацыяй з правамі чалавека ў Расеі. Яны не выключалі пашырэньня санкцый, але не казалі, якія пэўныя меры маглі б быць прыняты і калі. Таксама магчымыя санкцыі абмяркоўвалі і прадстаўнікі ЭЗ і пакуль не прыйшлі да агульнай пазыцыі.
Аляксей Навальный у жніўні быў атручаны, у яго арганізьме знайшлі сьляды атрутнага рэчыва з групы «Навічок». Улады Расеі адмовіліся распачаць крымінальную справу. Пасьля вяртаньня Навальнага зь Нямеччыны, дзе ён лячыўся, апазіцыянэр быў затрыманы і зьмешчаны ў СІЗА. Ён сам і яго прыхільнікі называюць ягоны перасьлед палітычным.