Расейская служба Радыё Свабода вядзе анлайн-рэпартаж пра падзеі ў суседняй зь Беларусьсю краіне.
У Маскве прыхільнікі Навальнага прыйшлі да ізалятару «Матроская цішыня», дзе знаходзіцца апазыцыянэр. Свабода вядзе наўпроставы відэа-стрым адтуль:
Акцыі пратэсту праходзяць ва ўмовах ціску з боку расейскіх ўладаў, іх правядзеньню ў многіх гарадах перашкаджаюць супрацоўнікі праваахоўных органаў. Да 10:00 паводле менскага часу па ўсёй Расеі было ўжо больш за 200 затрыманых, зь іх амаль 100 — ва Ўладзівастоку, дзясяткі ў Краснаярску, Новасібірску, Іркуцку, Новакузьнецку.
Дадзеныя OВД-Инфо, праекту, які зьбірае інфармацыю пра затрыманых, сьведчаць па стане на 18:30 пра 4096 затрыманых у 75 гарадах.
Ва Ўладзівастоку ў пратэстоўцаў стралялі з траўматычнай зброі, у Пецярбургу затрыманых білі электрашокерам. Расейскі палітык Ільля Яшын у сваім Твітэры апублікаваў відэа:
Ёсьць паведамленьні пра ўжываньне электрашокеру і ў іншых месцах Расеі.
Акцыі прайшлі або праходзяць у гарадах Далёкага Ўсходу і Сібіры. Як правіла, на іх менш людзей, чым тыдзень таму, 23 студзеня. У Новасібірску на шэсьце выйшлі больш за 4000 чалавек, у Іркуцку, Краснаярску, Омску і Ўладзівастоку больш за 500, яшчэ ў шэрагу гарадоў — дзясяткі ці сотні.
У Новасібірску ўдзельнікі акцыі пратэсту прайшлі па горадзе шэсьцем. Ва Ўладзівастоку яны выйшлі на лёд, дзе вадзілі карагоды. Празь нейкі час пачаліся затрыманьні.
У Казані шмат тэхнікі сілавікоў каля тэатру Камала, дзе заплянаваны пачатак шэсьця, у Іжэўску мясцовых актывістаў затрымліваюць на выхадзе з пад'ездаў, а ва Ўфе шэсьце пачалося, там ужо больш за 20 затрыманых. Прыкладна такая ж колькасьць затрыманых і ў Самары, зьявіліся паведамленьні пра тое, што паліцыя забірае ва ўдзельнікаў смартфоны на праверку.
Акцыі ў Маскве і Пецярбургу пачаліся пазьней, у адпаведнасьці з часавымі паясамі. У Маскве зачынілі сем станцый мэтро ў цэнтры, а таксама перакрылі ўезд у шэраг кварталаў у цэнтральнай частцы гораду, там будуць зачыненыя крамы і кавярні.
У Пецярбургу відавочцы паведамляюць пра беспрэцэдэнтны лік супрацоўнікаў праваахоўных органаў у цэнтры гораду.
Шэраг паплечнікаў Навальнага на гэтым тыдні адправілі пад хатні арышт пасьля мітынгу 23 студзеня. Сярод іх Любоў Собаль і кіраўнік маскоўскага штабу Навальнага Алег Сьцяпанаў. Прыкладна а 14:20 затрымалі жонку Аляксея Навальнага Юлію, якая выйшла на акцыю пратэсту ў маскоўскім раёне Сакольнікі.
Сам Навальны застаецца ў СІЗА, куды яго адвезьлі пасьля вяртаньня зь Нямеччыны 17 студзеня. 2 лютага павінен прайсьці суд пра замену яму ўмоўнага тэрміну на рэальны ў старой крымінальнай справе. Напярэдадні стала вядома, што ён праходзіць як падазраваны ў яшчэ адной справе.