Усе трое — Цімур Куашаў, Руслан Магамедрагімаў, Мікіта Ісаеў — загінулі.
Хрыста Грозэў расказаў у інтэрвію расейскай службе Свабоды, што наступнае расьсьледаваньне групы будзе прысьвечанае людзям, якія зь нейкіх прычын засталіся жывыя пасьля атручэньня — як і Аляксей Навальны. У ліку гэтых людзей, у прыватнасьці, можа быць выдавец «Медиазоны» Пётар Вярзілаў і палітык Уладзімір Кара-Мурза.
— Вы расказалі пра тры ахвяры так званай «каманды атрутнікаў». Якія дэталі вам здаліся самымі значнымі ў іх гісторыях? Што, акрамя паездак людзей, якіх мы ведаем з расьсьледаваньня атручэньня Навальнага, сьведчыць пра тое, што да гэтых сьмерцяў можа быць датычная ФСБ?
— У адным з трох выпадкаў, якія мы дасьледавалі, з Куашавым, мы бачым, з аднаго боку, поўны паўтор мэтодыкі ФСБ, якая была апісана Кудраўцавым у размове з Навальным. Напрыклад, як яны адключаюць усе камэры відэаназіраньня, калі праводзяць апэрацыю, як яны падарожнічаюць рознымі рэйсамі, нават у рамках адной «брыгады». Напрыклад, Восіпаў прылятаў у адзін аэрапорт, Аляксандраў — у другі, а ляцелі яны з інтэрвалам у адзін дзень.
Але яшчэ больш важна, што мы бачым цалкам замкнёнае кола, можна сказаць «ідэальнае злачынства»: калі людзі, якія потым выступалі экспэртамі ў пытаньні аб тым, ці знаходзяцца ў крыві і тканках забітага якая-небудзь атрута або таксін, працавалі ў той самай лябараторыі [інстытуту крыміналістыкі]. І ў выпадку з Куашавым гэтае заключэньне было з подпісам Калашнікава, чалавека, які займаўся зьнішчэньнем доказаў пасьля атручэньня Навальнага.
У выпадку зь Мікітам Ісаевым мы бачым, як і ў выпадку з Навальным, супадзеньне вельмі вялікай колькасьці паездак. 13 розных пералётаў або паездак на цягніку. Статыстычна проста немагчыма знайсьці гэтаму нявіннае тлумачэньне.
— Сьмерць Ісаева ў гэтым кантэксьце самая дзіўная, таму што ён быў фактычна пракрамлёўскіх палітыкам.
— Так. Вядома, ня наша задача знайсьці матыў, гэта самае складанае. Мы абмяркоўвалі гэта з крыніцай, якая яго ведала, і гэтая крыніца ўспамінаў, што Ісаеў гаварыў пра нейкія свае страхі, што ён хоча вывезьці сям’ю за мяжу, і казаў ён пра гэта менавіта ў той пэрыяд, калі за ім было сачэньне, пачынаючы са сьнежня 2018 году.
Ён часта выяжджаў за мяжу, праз два тыдні пасьля вяртаньня з Тамбова ён павінен быў ляцець у ЗША. Нават калі ў яго не было плянаў стаць здраднікам, магчыма, ФСБ палічыла, што такая рызыка ёсьць, і ўбачыла ў ім пагрозу — таму што ў Ісаева магла быць назьбіраная інфармацыя пра тое, якія паліттэхналёгіі выкарыстоўваюцца для не зусім аўтэнтычных «апазыцыйных» праектаў.
— Ці ўдалося вам знайсьці пацьверджаньне іншых тэорый, што выстаўляліся ў інтэрнэце пасьля таго, як вы апублікавалі сьпісы пералётаў і паездак «каманды атрутнікаў»? Магчымымі ахвярамі ФСБ называлі Пятра Вярзілава, Уладзіміра Кара-Мурзу, нават рэпэра Дэцла.
— Расьсьледаваньне, якое мы цяпер апублікавалі, прысьвечана толькі тым, хто быў забіты. Паралельна з гэтым мы працягваем працу над расьсьледаваньнем адносна тых вядомых людзей, якіх ім забіць не ўдалося, у тым ліку аб некаторых, якіх вы назвалі. Магу пацьвердзіць, што як мінімум у адносінах да аднаго зь вельмі рэзанансных імёнаў у нас ужо ёсьць катэгарычныя доказы. Спадзяюся, што мы зможам апублікаваць яго ў найбліжэйшыя тыдні.