Рэдактар часопіса ARCHE Валер Булгакаў адказвае на пытаньне, навошта Лукашэнку патрэбен Усебеларускі сход; тлумачыць, чым не задаволеная Масква; і праводзіць паралелі паміж сёньняшняй Беларусьсю і Польшчай 1950-х.
Сьцісла:
- Сход — дэманстрацыя рашучасьці Аляксандра Лукашэнкі гнуць сваю лінію да канца.
- Курс на захаваньне ўлады будзе працягнуты любой цаной.
- Адбываецца дыфузія, размываньне беларуска-расейскіх афіцыйных адносінаў.
- Безумоўна, Лукашэнка саюзьнік Расеі і праваднік у Беларусі яе геапалітычных інтарэсаў, але вельмі непрадказальны і наравісты.
- У той поліфаніі галасоў, якія прагучалі, контуры будучай постлукашэнкаўскай Беларусі пакуль што вельмі размытыя.
— Цяперашні Ўсебеларускі сход пройдзе ў незвычайнай для ўладаў палітычнай сытуацыі, калі Аляксандар Лукашэнка страціў легітымнасьць і за межамі краіны, і для большасьці беларускага грамадзтва. Ці можна меркаваць, што гэтым Сходам улады ў тым ліку ставяць задачу па рэанімацыі сваёй легітымнасьці?
— Я думаю, што Ўсебеларускі сход — гэта мерапрыемства, якое ніяк не ўплывае на падвышэньне легітымнасьці беларускага рэжыму. Гэты сход адпачатку не легітымны, ніяк не зьвязаны з народным волевыяўленьнем, праводзіцца зусім для іншых мэтаў. Найперш — гэта мабілізацыя дзяржаўнага апарату дзеля змаганьня з новымі выклікамі. Па-другое — дэманстрацыя рашучасьці Аляксандра Лукашэнкі гнуць сваю лінію да канца.
Я не ўяўляю, як зборышча чыноўнікаў рознага калібру можа нейкім чынам пацьвярджаць легітымнасьць. Фактычна ў Беларусі не існуе выбарных пасадаў, дэ-факта ўся вэртыкаль улады кантралюецца з самага верху. Гаворка ідзе найперш пра тое, што Лукашэнка яшчэ раз паўстане перад сваёй апорай, дзяржаўным апаратам і сілавікамі — каб зноў засьведчыць свой жорсткі курс.
Магчыма, можна будзе назіраць і пэўнае зьнешнепалітычнае пасланьне. Бо Сход будзе мець нейкія адносіны да гэтай званай «канстытуцыйнай рэформы». Ужо зьявіліся зьлівы, нібыта, паводле пэўных праектаў, Сход будзе зацьвярджаць вынікі прэзыдэнцкіх выбараў. Даволі абсурднае новаўвядзеньне.
— Вы сказалі, што Лукашэнка пажадае зноў засьведчыць свой жорсткі курс. Некаторыя аглядальнікі сьцьвярджаюць, што ва ўладаў ужо няма неабходнасьці пашыраць рэпрэсіі, бо хутка давядзецца зноў шукаць дыялёг з Захадам. Іншыя ж кажуць, наадварот, што рэпрэсіі будуць толькі пашырацца.
— Калі казаць пра кнігавыдавецкае ці мэдыйнае поле — то нічога ня кажа, што рэпрэсіі зьмяншаюцца. Кожны тыдзень прыносіць інфармацыю, што нехта арыштаваны, недзе адбыўся ператрус. Курс выбраны адназначна. Курс ня столькі на зьнішчэньне нейкіх асяродкаў, а на падаўленьне любой актыўнасьці, якая можа зьвязвацца ўладай з іншадумствам.
Таму я не разумею ацэнкі, што рэпрэсіі будуць згортвацца. Махавік рэпрэсіяў нарастае, дастаткова зірнуць статыстыку палітычных артыкулаў. Цяпер іншадумства падаўляюць і па эканамічных артыкулах. Улада вядзе шырокамаштабную зачыстку культурніцкага і мэдыйнага поля, большасьць друкаваных СМІ ўжо фактычна спынілі сваё існаваньне.
Гэтае сваё пасланьне Лукашэнка нейкім чынам будзе перадаваць дзяржаўнаму апарату. Курс на захаваньне ўлады будзе працягнуты любым коштам. Магчыма, будзе дадзена ацэнка плянам прасоўваньня «канстытуцыйнай рэформы» па непрымальных для Лукашэнкі сцэнарах звонку. Магчыма, ён заявіць, што гэтаму не бываць, і прадставіць свой сцэнар трансфармацыі.
— Лічыцца, што Лукашэнка паабяцаў Пуціну на сустрэчы ў Сочы ў верасьні 2020 году пэўную канстытуцыйную рэформу. Але ці сапраўды Масква хацела б, каб у Беларусі адбыліся нейкія інстытуцыйныя перамены? Ці ёй гэта асабліва ня трэба, а Крэмль толькі хвалявала, каб сытуацыя ў Беларусі супакоілася, няважна, якім чынам?
— Безумоўна, што Расея чым далей, тым меней задаволеная тым, што адбываецца ў Беларусі. Адбываецца эрозія, размываньне беларуска-расейскіх афіцыйных адносінаў. Прычынаў тут шмат, але асноўная — Крэмль імкнецца ствараць вакол Расеі геапалітычную зону, у якой кіруюць ягоныя марыянэткі альбо сатэліты, якія ад пачатку да канца зацьверджаныя Крамлём.
Лукашэнка пры ўсёй сваёй адыёзнасьці не ўкладаецца ў гэтую схему. Безумоўна, ён саюзьнік Расеі і праваднік у Беларусі яе геапалітычных інтарэсаў, але вельмі непрадказальны і наравісты. Да пары да часу гэтыя трэньні затушоўваліся. Лукашэнка ведаў, што Крамлю падабаецца суцэльная русыфікацыя, захаваньне за расейскай мовай статусу дамінантнай у інфармацыйнай прасторы. Але за апошні час, асабліва пасьля Крыму, афіцыйны Менск пачаў дыстанцыявацца ад Крамля.
Крым і Данбас — гэта не былі рэчы самі па сабе. Гэта былі этапы новага геапалітычнага праекту Крамля па ўсталяваньні кантролю на постсавецкай прасторы. Таму Масква не задаволеная тым, што адбываецца ў Беларусі ў палітычнай сфэры. Нагадаю, ня так даўно Лукашэнка зноў абвінаваціў Расею ў датычнасьці да беларускіх пасьлявыбарчых падзеяў, — маўляў, яна закрыла мяжу, таму людзі бадзяюцца бяз толку і выходзяць на пратэсты.
— Апошнія падзеі ў Маскве, пратэсты ў сувязі з затрыманьнем Навальнага — ці мяняюць яны дынаміку адносінаў Масквы і Менску?
— Гэтыя пратэсты прымушаюць Крэмль больш канцэнтравацца на ўнутраных выкліках замест вялікай геапалітыкі. Таму кароткатэрмінова, тактычна гэтыя пратэсты на руку Лукашэнку. Але ў доўгачасовай пэрспэктыве — пытаньне адкрытае. Бо, як мне падаецца, пакуль нічога не паказвае, што ад гэтых пратэстаў пуцінскі рэжым рухне. Запас трываласьці гэтага рэжыму, магчыма, усё ж дастатковы, каб перажыць гэтую навалу і пасьля зноў заняцца сваім бліжэйшым геапалітычным атачэньнем.
— Як палітоляг і гісторык як вы лічыце — як доўга можа суіснаваць грамадзтва і ўлада, якую гэтае грамадзтва ў сваёй большасьці не ўспрымае, ставіцца нэгатыўна? І як можа разьвязацца гэтая супярэчнасьць?
— Працягвацца такая сытуацыя можа даволі доўга. Я б правёў паралелі паміж сёньняшняй Беларусьсю і Польшчай 1950-х гадоў. Падзеі 1956 году, антыкамуністычнага паўстаньня ў Польшчы засьведчылі, што палякі ня хочуць жыць пад камуністычным рэжымам. Потым тое самае адбывалася ў Вугоршчыне, Чэхіі. Але да краху адпаведных камуністычных рэжымаў было вельмі далёка. На гвалце і падаўленьні гэтыя рэжымы існавалі яшчэ дзясяткі гадоў.
— Давайце толькі ўдакладнім, што ўсходнеэўрапейскія камуністычныя рэжымы існавалі не самі па сабе, а дзякуючы Вялікаму Брату — Савецкаму Саюзу. І як толькі ён аслаб і лібэралізаваўся — яны адразу абваліліся.
— Так, народы гэтых сатэлітаў савецкага лягеру імгненна зрэагавалі на вакно магчымасьцяў у канцы 80-х, каб ператварыцца ў паўнавартасныя эўрапейскія нацыі.
Гвалт — досыць эфэктыўны інструмэнт, аўтарытарызм можа існаваць дзесяцігодзьдзі. Я ня схільны думаць, што рэсурс лукашэнкаўскай сыстэмы цалкам вычарпаны. У 2020 годзе мы пабачылі зьбег самых розных акалічнасьцяў — каранавірус, закрыцьцё мяжы з Расеяй, пасьпяховая кампанія апанэнтаў рэжыму, пралікі ўлады ў выбарчай кампаніі.
Што самае галоўнае — застаецца адкрытым пытаньне, ці ясна выказалася беларускае грамадзтва за дэмакратычны выбар. У той поліфаніі галасоў, якія прагучалі, контуры будучай постлукашэнкаўскай Беларусі пакуль што вельмі размытыя. Асноўныя галасы з асяродзьдзя новай апазыцыі не прапанавалі нейкага зьвязнага, пасьлядоўнага, усёабдымнага вобразу новай Беларусі. Пакуль мы атрымалі нейкую карцінку, якая была прыцягальная і натхніла масы на пратэсты — але шмат у якіх пунктах яна была пазбаўлена канкрэтнага палітычнага зьместу.