На гэтыя пытаньні Свабоды адказвае дырэктар інстытуту «Палітычная сфэра», доктар палітычных навук Андрэй Казакевіч.
— Два месяцы назад мы з вамі ўжо гаварылі пра ўмовы магчымага сыходу Лукашэнкі. У студзені заводы працуюць, грошы на АМАП ёсьць, верным афіцэрам раздаюцца ўзнагароды, падтрымка Расеі гарантаваная. Што, на вашу думку, зьмянілася за гэты час?
— Прайшло два месяцы, мы назіраем спад пратэставай актыўнасьці. Гэта зьвязана зь неспрыяльным надвор’ем, што паказвае і гісторыя Беларусі, і іншых краін. Таксама ўзмацніліся рэпрэсіі. Але пратэставы патэнцыял застаецца вельмі высокі.
Застаецца праблема легітымнасьці і даверу да ўлады, імідж праваахоўных органаў на мінімуме за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі. Мы ня можам нават сказаць, што і ўнутры сыстэмы ўсе задаволеныя — няма павышэньня заробкаў для бюджэтнікаў. Няма відавочных выгадаў для тых, хто змагаўся з пратэстамі, я маю на ўвазе другі эшалён, цывільных чыноўнікаў. Праца іх некамфортная, людзі да іх пачалі ставіцца горш.
Тым ня менш я трымаюся думкі, што перамены прыйдуць, можа, пачакаць іх трэба будзе троху даўжэй.
— Выглядае, што ўзброеная меншасьць можа бясконца доўга займацца душэньнем народу за народныя ж грошы. А непакорных — у працоўныя лягеры, пра якія нам ужо расказаў голас, падобны да голасу аднаго з намесьнікаў міністра ўнутраных спраў. Вунь Паўночная Карэя трымаецца амаль у татальнай блякадзе. На Кубе заробкі былі па пяць даляраў у месяц, а рэжым трымаўся 50 гадоў. За што зачапіцца аптымісту? Чаму Беларусь ня Куба і не Карэя?
— Усё ж на Кубе і ў Паўночнай Карэі большасьць падтрымлівае рэжымы. Цяжка знайсьці прыклады, калі меншасьць утрымліваецца пры ўладзе з дапамогай вайсковай сілы. Хіба што рэжымы, якія існавалі 50 гадоў таму. Можа, апошні відавочны прыклад — Бірма, ці некаторыя рэжымы ў Афрыцы.
Вы правільна зазначылі, што Беларусь — ня Куба і не Паўночная Карэя. Наша краіна значна больш адкрытая і значна больш вымушаная зьвяртаць увагу на тое, што пра яе кажуць і на Захадзе, і ў Расеі.
Што да аптымізму... Я кажу, што сыстэма так ці іначай будзе мяняцца. Гэта не абавязкова будуць перамены зьнізу. Так ці іначай, яна павінна знайсьці нейкія сацыяльныя групы, якія яе падтрымліваюць.
Калі ты ня маеш легітымнасьці, гэта патрабуе вялікіх фінансавых укладаньняў, гэта зьніжае эфэктыўнасьць працы і магчымасьці зарабляць. Гэта зьніжае матывацыю людзей працаваць на дзяржаўнай службе, на дзяржаўных прадпрыемствах. Зьніжаецца матывацыя бізнэсу інвэставаць у краіну, і замежнага бізнэсу — прыходзіць у яе. Гэта і пастаяннае зьмяншэньне магчымасьцяў атрымліваць вонкавае фінансаваньне. Мала хто хоча фінансаваць краіны зь нестабільнай палітычнай сыстэмай.
Дарэчы, гэта ўпершыню ад 2008 году (калі Беларусь пачала адкрывацца), што Эўрапейскі банк рэканструкцыі і разьвіцьця перастае рэалізоўваць праекты ў Беларусі.
Таксама і на ўсходзе ўсё неадназначна. Грошай, якія дала Расея, яўна недастаткова, і няма адчуваньня, што іх паток адтуль павялічыцца.
Вырашэньне ўсіх гэтых праблемаў без вырашэньня палітычнага крызісу, на маю думку, немагчымае.
— З асяродзьдзя Сьвятланы Ціханоўскай кажуць, што вясной вялікія маршы вернуцца. Я з жахам думаю пра тысячы зьбітых міліцыянтамі людзей летам і восеньню мінулага году. Давайце пабудзем футурыстамі і паспрабуем прадказаць падзеі найбліжэйшых шасьці месяцаў. Вернуцца вялікія пратэсты ці не?
— Я думаю, што актывізацыя пратэставай актыўнасьці будзе, у тым ліку і на рэгіянальным узроўні. Будуць спробы зрабіць вялікія маршы. Усё ж восеньню акцыі разганялі, калі людзей было недастаткова шмат. Посьпехі міліцыі ў справе перашкодаў дэманстрантам і разгону акцый былі значна меншыя, калі людзей было сапраўды вельмі шмат.
Я думаю так, разважаючы па аналёгіі. Мы памятаем 1996 год, калі адбылася мабілізацыя, якая працягвалася да 1999 году. Колькасьць людзей зьмяншалася, але акцыі працягваліся. Праўда, дзеяньні міліцыі былі менш брутальныя, але, тым ня менш, і тады ня ўсім было хадзіць на акцыі камфортна.
Таму я думаю, што нешта ўсё ж будзе адбывацца. Тым больш што эканамічная і палітычная сытуацыя ніяк не вырашаецца.
Але прадказваць гэта складана. Як ніхто ня мог прадказаць, што здарыцца гэтая маштабная, эпахальная падзея ў беларускай гісторыі — пратэсты 2020 году, якія трывалі тры месяцы ў вельмі шырокім маштабе.
Тут мае месца і яшчэ адзін фэномэн — зьяўленьне новых мэдыя і падзеньне рэйтынгу дзяржаўнай тэлевізіі.
Але застаецца пытаньне, ці прывядзе пратэст да зьменаў, бо мэханізм гэтых зьменаў — зусім не відавочны.
— Наколькі важным будзе вонкавы ціск? Ці можна спадзявацца, што Захад пасьля калядных вакацый, разгортваньня вакцынацыі і выхаду з локдаўну актывізуе эканамічны і палітычны ціск на Беларусь у 2021 годзе?
— Санкцыі 2020 году дастаткова адчувальныя. Улады Беларусі разьлічвалі на праекты Эўрапейскага банку рэканструкцыі і разьвіцьця і Эўрапейскага інвэстыцыйнага банку. Відавочна, будзе спыненае супрацоўніцтва і з Сусьветным банкам.
Дадайце сюды і спад турызму ў выніку пандэміі і палітычнага крызісу. Людзей будзе прыяжджаць значна менш. А турызм у 2019 годзе даваў каля 250 мільёнаў даляраў.
Гэты эканамічны ціск можа быць нават больш адчувальным, чым ціск дыпляматычны.
А вось дыпляматычнага ціску, відаць, чакаць ня варта, калі ня будзе новай эскаляцыі рэпрэсій і росту колькасьці палітвязьняў.
Разам з тым тыя санкцыі, якія былі ўведзеныя летась, павінны даць вынік сёлета.
Адпаведна, ва ўлады можа ўзьнікнуць патрэба ўнутрыпалітычнай дээскаляцыі і нацыянальнага дыялёгу, безь якіх цяжка будзе знайсьці вонкавыя рэсурсы нават ад Расеі, ня кажучы ўжо пра Захад. Усе гэта немагчыма без стабілізацыі ўнутрыпалітычнай сытуацыі.