Гэтыя пытаньні ў «Праскім акцэнце» абмяркоўваюць палітычныя аналітыкі: з Масквы — куратар праграмаў лябараторыі сацыяльных навук SSL Барыс Гразоўскі, зь Менску — Віталь Цыганкоў, з Прагі — экспэрт міжнароднай ініцыятывы iSANS Аляксандар Марозаў.
Гразоўскі
- Калі гэта і пачатак новай расейскай рэвалюцыі, то ў вельмі аддаленым сэнсе.
- У нас былі моцныя пратэсты ў 2011–2012 гадах, быў «зімовы наступ» 2017 году, былі выступы летам 2019-га.
- Цяперашні крок — ня той, дыстанцыя ад якога вымяраецца некалькімі месяцамі.
- Параўнаньне зь Беларусьсю — занадта пахвальнае для нас. Расейскай грамадзянскай супольнасьці яшчэ расьці да беларускай.
- У Пуціна значна больш сродкаў для стрымліваньня росту грамадзянскай супольнасьці, чым у Лукашэнкі.
- Антраполяг Аляксандра Архіпава зрабіла дасьледаваньне па сацыяльным складзе сёньняшніх пратэстаў. Паводле яе дадзеных, сярэдні ўзрост пратэстоўцаў — гэта 30 гадоў.
Марозаў
- У пэўны момант у Расеі змогуць сказаць «Вова3%», такое ўражаньне цяпер складаецца.
- Атручваньне Навальнага ня выклікала такой рэакцыі і такога розгаласу, як яго вяртаньне.
- Расея можа быць толькі на пачатку працяглага пэрыяду пратэстаў.
- Пуцін будзе трымацца за ўладу гэтак жа ўпарта, як Лукашэнка, і ні на які кампраміс з насельніцтвам ня пойдзе.
- Расея і Беларусь — два розныя сусьветы.
- Расейскі пратэст не вычэрпваецца прыхільнасьцю да Навальнага, ён ня стане галоўным сымбалем пратэсту.
- У Расеі, як і ў Беларусі, каардынацыя пратэсту ідзе праз раённыя, дамавыя чаты.
- Галоўны канал камунікацыі — Telegram.
- NEXTA прэтэндуе на тое, каб каардынаваць і расейскі пратэст.
- Пратэсты адбываюцца ў такіх гарадах, як Белгарад, Магнітагорск, Брацк, у гарадах, у якіх ніякіх пратэстаў не было апошнія 200 гадоў.
- Тут усё пойдзе як у Беларусі.
Цыганкоў
- Масква ў самыя крытычныя дні жніўня 2020 году падтрымала Лукашэнку.
- Лукашэнка спрабуе зацягнуць Пуціна ў адзін човен, маўляў, спачатку расправяцца з намі, а потым — з вамі.
- Крамлю прасьцей прыняць лёгіку, што Захад вядзе наступ супраць і Беларусі, і Расеі.
- Тыя беларусы, якія змагаюцца з лукашэнкаўскім рэжымам, нават самыя празаходнія зь іх, жадаюць посьпеху расейскаму пратэсту.
- Пакуль Пуцін моцны, у Беларусі менш гістарычных шанцаў перамагчы ў барацьбе са сваёй дыктатурай.
- У Расеі частка людзей абураныя карупцыяй, несправядлівасьцю, але падтрымліваюць, скажам, анэксію Крыму і дзеяньні Расеі ў Данбасе. У Беларусі гэткага няма.
- У беларускіх пратэстах, у адрозьненьне ад расейскіх цяперашніх, карупцыя не была ключавой тэмай, у жніўні асноўным фактарам усё ж былі фальсыфікацыі на выбарах.