Гэта фільм «Грань. 2019» пра наркагандаль у Беларусі і відэаблог «Жудасная таямніца генпракурора Беларусі. Карт-блянш на садызм», агляд па падзеях 9 жніўня і ролі ў іх былога генпракурора Канюка.
У чым вінавацяць Сьпірына?
Паводле абвінавачаньня, пасьля публікацыі на ютубе Сьпірын разьмясьціў у «Аднаклясьніках» спасылку на фільм «Грань. 2019» «наўмысна, для захоўваньня, распаўсюду, публічнай дэманстрацыі і магчымага капіяваньня неабмежаванай колькасьцю асобаў».
Гэты фільм рашэньнем суду Цэнтральнага раёну 21 кастрычніка 2019 году прызнаны экстрэмісцкім матэрыялам «у частцы распальваньня сацыяльнай варожасьці альбо розьні адносна супрацоўнікаў цэнтральнага апарату МУС і дзяржслужачых, пракурораў, судзьдзяў, дэпутатаў».
Фільм працягласьцю 31 хвіліна 14 сэкундаў прагледзела ня менш за 313 тысяч 800 карыстальнікаў, якія пакідалі водгукі, што «падзялялі нэгатыўныя ідэі аўтара» адносна чыноўнікаў.
Відэаблог «Жудасная таямніца генпракурора Беларусі. Карт-блянш на садызм» працягласьцю 18 хвілін 41 сэкунду Сьпірын разьмясьціў 22 жніўня 2020 году. Паводле высновы экспэртаў, ён зьмяшчае выказваньні «Людзі цяпер задаюць мне вельмі многа пытаньняў адкуль у амапаўцаў такая зьвярыная неймаверная жорсткасьць», «Як можна згвалціць чалавека дубінкай, а потым прымушаць гэтую дубінку аблізваць», «Як можна калечыць людзей так, каб потым гэта прыводзіла да ампутацыі канцавін, то бок амапаўцы, якія на загад генэралаў білі і калечылі людзей, рабілі гэта не за ідэю: адны рабілі гэта дзеля жыльля, іншыя для задавальненьня сваіх садысцкіх схільнасьцяў». Гэтыя і іншыя выказваньні маюць нэгатыўную ацэнку супрацоўнікаў АМАПу. Відэа паглядзелі ня менш за 632 тысячы карыстальнікаў.
Паўла Сьпірына затрымалі 4 верасьня, праз тры дні выпусьцілі і праз паўтара дня зноў затрымалі 9 верасьня, пасьля таго, як ён апублікаваў новы відэаблог.
Што было на судзе?
Сьпірын заявіў, што не прызнае сваёй віны. Ён абурыўся, што пракуратура яшчэ да рашэньня суду назвала яго «асобай, якая ўчыніла злачынства». Таксама ён адмовіўся ад адваката. Ён сказаў, што сам мае сярэднюю спэцыяльную юрыдычную адукацыю, скончыў тэхнікум бізнэсу і права. Ён заявіў хадайніцтва аб выкліку ў суд сьведак юрыста Васіля Бельмача, Віталя Шышлова, якога пры затрыманьні пасьля выбараў «ня толькі білі, прытаплялі ў вадзе, распылялі ў твар газ», цяпер яго ўтрымліваюць у СІЗА.
«Сьведка гатовы даць паказаньні на ўсю краіну, як адзін зь сілавікоў выкарыстоўваў супраць хлопца кукурузны кіях для самых гнюсных, мярзотных мэтаў», — сказаў Сьпірын.
Ён папрасіў выклікаць у суд Паўла Аўчарова, які цяпер утрымліваецца ў СІЗА № 1 і гатовы расказаць, як амапаўцы ня толькі зьбівалі яго і іншых людзей, але ён бачыў «як амапавец укалоў нажом чалавека, які не супраціўляўся».
Паводле Сьпірына, яго вінавацяць у тым, што ён несправядліва даў нэгатыўную ацэнку сілавікам, а гэтыя сьведкі пацьвярджаюць яго пазыцыю.
Дзяржаўны абвінаваўца выказаўся супраць выкліку сьведак Аўчарова і Шышлова. Судзьдзя вырашыла задаволіць хадайніцтва часткова, адмовіла ў выкліку сьведак Шышлова і Аўчарова, «пакуль не ўдакладніць месца іх знаходжаньня».
Сьпірын папрасіў далучыць да справы заяву Паўла Аўчарова, настаўніка менскай гімназіі № 19. Дзяржаўны абвінаваўца выступіў супраць, і судзьдзя яго падтрымала, «паколькі на гэтай стадыі хадайніцтва аб выкліку Аўчарова ў якасьці сьведкі адхіленае».
Сьпірын таксама зрабіў скаргу на дзеяньні дзяржаўнага абвінаваўцы. Ён назваў незаконным уключэньне ў доказ яго віны рашэньне Цэнтральнага суду Менску аб прызнаньні фільму «Грань» экстрэмісцкім матэрыялам.
«Суд прызнаў мой фільм экстрэмісцкім часткова. Гэта было зроблена па заяве галоўнай управы ў наркакантролі і процідзеяньні гандлю людзьмі цэнтральнага апарату МУС. Да гэтага мяне выклікалі ў цэнтральны апарат МУС, дзе я даў разгорнутае тлумачэньне аб фільме «Грань», — сказаў блогер.
Ён сказаў, што яму не паведамілі пра месца і час разгляду справы, але ён нават у рашэньні суду «ніяк не фігуруе» і цяпер пазбаўлены права абскардзіць гэтае незаконнае рашэньне. Павал Сьпірын лічыць, што гэтае рашэньне суду ня мае дачыненьня да справы, бо матэрыялы заносяцца ў рэспубліканскі экстрэмісцкі сьпіс выключна для прыцягненьня асобы да адміністрацыйнай адказнасьці за распаўсюд такіх матэрыялаў.
Суд далучыў гэтую скаргу да справы.
Таксама Павал Сьпірын папрасіў вярнуць арыштаваныя рэчы, якія яму не належалі, уладальніку. Ён сказаў, што відэа былі зробленыя, як адзначаецца ў справе, з дапамогай «неўстаноўленых прылад».
«Вырашыў правесьці праверку аб былым генпракурору Канюку»
Павал Сьпірын патлумачыў, чаму вырашыў стварыць свой відэаблог «Жудасная таямніца генпракурора Беларусі. Карт-блянш на садызм».
Ён сказаў, што 9 жніўня 2020 году пайшоў на ўчастак для галасаваньня. Калі ўчасткі зачыніліся, каля 500 чалавек засталіся, каб дачакацца вынікаў галасаваньня. Але замест старшыні камісій з вынікамі галасаваньня да школы пад’ехалі аўтазакі.
«Наступныя тры дні былі днямі вакуўму, інфармацыі было мала, было ясна, што людзей білі, прычым ня так, як у 2010 годзе, а больш жорстка, — сказаў відэаблогер. — Тое, што расказалі мне людзі і што я ўбачыў у ютубе, было фактычным разьвязваньнем грамадзянскай вайны: страляніна, удары дубінкамі па ляжачых людзях, крыкі, жах». Паводле Сьпірына, дэструктыўныя, прапагандысцкія рэсурсы пачалі разгойдваць сытуацыю замест таго, каб паспрабаваць усё супакоіць. Яго ўразіла вялая рэакцыя Генэральнай пракуратуры Беларусі на заявы грамадзян аб перавышэньні службовых паўнамоцтваў.
«Тады я вырашыў у рамках дзейнага заканадаўства правесьці праверку аб былым генпракурору Канюку, — сказаў блогер. — Па матэрыялах праверкі было дакладна ўстаноўлена, што ў студзені 2004 году сын генпракурора пасьля размовы з бацькам прапаў, а праз два тыдні цела няшчаснага хлопца знайшлі ў лесе замёрзлым. Супаставіўшы гэты і іншыя факты, я меркаваў, што генпракурор Канюк стаў ахвярай шантажу нейкага больш уплывовага чалавека».
Павел Сьпірын сказаў, што яго хочуць асудзіць, але ён не вінаваты.
«Мяне цяпер спрабуюць абвінаваціць нібыта ў распальваньні сацыяльнай варожасьці, гэта хлусьня. Я ніколі не спрабаваў нічога распальваць. Павал Сьпірын у сваіх відэа заўсёды выкарыстоўваў толькі абгрунтаваную крытыку. Павал Сьпірын распаўсюджвае толькі крытыку, і нічога больш», — сказаў блогер.
«За свабоду гэтых дзяцей я гатовы заплаціць уласнай»
Павел Сьпірын расказаў чаму вырашыў стварыць фільм «Грань» пасьля таго, як зьвіўся антынаркатычны дэкрэт Лукашэнкі. Ён некалькі гадоў назіраў за сытуацыяй з наркотыкамі ў краіне, і ў яго пачало складвацца ўражаньне, што «людзі і буйныя чыноўнікі жывуць у розных рэальнасьцях», яго абурылі жорсткія прысуды непаўналетнім, якія ён расцэньвае «як зьнішчэньне ў чалавеку ўсяго чалавечага».
Ён выказаў надзею, што «дзяцей нарэшце перастануць гнаіць у турмах і ў іх зьявіцца шанец на нармальнае жыцьцё».
«Калі ўжо лёс так вырашыў, то за свабоду гэтых дзяцей я гатовы заплаціць сваёй уласнай свабодай», — сказаў ён.
Блогер спаслаўся на Крымінальны кодэкс, дзе гаворыцца, што перасьлед грамадзян за крытыку караецца пазбаўленьнем волі на тэрмін да 4 гадоў.
«Я не абражаю, не паклёпнічаю і не ўчыняю іншых злачынстваў, то нават жорсткая крытыка — гэта маё поўнае і законнае права. Калі прымусіць замаўчаць усіх актыўных людзей краіны, тады будзе поўная дэградацыя. Бо ня будзе каму сказаць жорсткую, горкую, але праўду. У маім дакумэнтальным фільме няма складу злачынства. Гэта проста жорсткая крытыка, безь яе немагчымае разьвіцьцё краіны. У тым месцы, дзе прымушаюць маўчаць праўду, свой рот адкрывае хлусьня».
Як рэагавалі людзі?
Паўла Сьпірына трымалі ў клетцы, пад аховай сямі супрацоўнікаў міліцыі, у журналістаў яны праглядалі пасьведчаньні. Прысутныя ў залі ў перапынку зьвярталіся да Сьпірына: «„Маці 328“ з табой!», «Трымайся!», «Уся Беларусь з табой!», «Ты адстойваеш нашы інтарэсы!»
Перад пачаткам працэсу ля будынку суду ўтварылася чарга з ахвочых трапіць на працэс. Але заля была малая і трапіць змаглі ня ўсе, нягледзячы на абурэньні прысутных і просьбы перанесьці працэс у большую залю.