Імша прайшла на польскай і беларускай мовах. На ёй Тадэвуш Кандрусевіч прадставіў новага часовага адміністратара Каталіцкага касьцёла Беларусі біскупа Казімера Велікасельца. Пазьней касьцёлу Беларусі папа мае прызначыць новага мітрапаліта.
«Сёньня людзі патрабуюць жывога і дзейснага Божага слова, якое нясе праўду»
«Глыбокапаважаны ксёндз-біскуп Казімер, сёньня ў тваім ужо багатым досьведам жыцьці надыходзіць час «кайрос» (з грэцкай мовы «спрыяльны час»), калі ты ўжо не толькі дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі, але становісься апостальскім адміністратарам Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі з правамі ардынарыя, — адзначыў каталіцкі герарх. — Цябе заклікаў папа, але гэта голас самога Езуса Хрыста, таго, хто паклікаў цябе да сьвятарства...
Ня бойся выплыць на глыбіню гэтых заданьняў, якія стаяць перад касьцёлам, перад нашай Айчынай. Ня бойся зазірнуць у глыбіню праблем, з якімі мы сутыкаемся,— грамадзтва і кожны чалавек. Ня бойся з сілай абвяшчаць Божае слова тым, хто мае ўладу і ня мае яе, тым, хто вучоны, і тым, хто просты, тым, хто стары, і тым, хто малады, тым, хто здаровы, і тым, хто хворы, тым, хто на волі, і тым, хто ў зьняволеньні», — заклікаў арцыбіскуп Кандрусевіч новага мітрапаліта.
Па словах Кандрусевіча, сёньня людзі патрабуюць жывога і дзейснага Божага слова, якое нясе праўду». Ён падкрэсьліў, што «толькі праўда зробіць нас свабоднымі».
Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч падзякаваў Богу, біскупам, сьвятарам і вернікам за салідарнасьць, якую ён адчуваў цягам 4 месяцаў выгнаньня з краіны:
«Я адыходжу як кіроўны біскуп, але застаюся як біскуп. Таму буду далей працаваць у Канфэрэнцыі біскупаў, буду сярод вас, буду праводзіць розныя набажэнствы. Біскупы мяняюцца, а Касьцёл застаецца», — сказаў ён і прадставіў парафіянам біскупа Казімера Велікасельца.
Ягоны выступ сустрэлі авацыямі.
Выгнаньне і адстаўка мітрапаліта Кандусевіча, які асудзіў гвалт пасьля выбараў
3 студзеня, у дзень 75-гадовага юбілею арцыбіскупа Кандрусевіча, папа Францішак прыняў пададзенае ім згодна з нормамі кананічнага права прашэньне аб вызваленьні ад пастырскага кіраваньня Менска-Магілёўскай архідыяцэзіяй у сувязі з дасягненьнем пэнсійнага ўзросту.
Гэтае прашэньне арцыпастыр скіраваў пантыфіку за месяц да свайго 75-годзьдзя, падчас вымушанага знаходжаньня па-за межамі даручанага яго кіраўніцтву мясцовага Касьцёла. Беларускія ўлады забаранялі мітрапаліту ўяжджаць на тэрыторыю краіны.
Пасьля выбараў 9 жніўня мітрапаліт Кандрусевіч асудзіў гвалт, які сілавікі ўжылі супраць пратэстоўцаў. 31 жніўня яго не пусьцілі ў Беларусь з тэрыторыі Польшчы, Лукашэнка абвінаваціў мітрапаліта ў выкананьні задач, якія ён нібыта атрымаў у Польшчы. Толькі зварот папы Рымскага Францішка дазволіў вырашыць канфлікт, і 24 сьнежня, на Каляды, мітрапаліт змог вярнуцца на радзіму. Пазьней, у студзені 2021 году, папа прыняў ягоную адстаўку ў сувязі 75-гадовым узростам.
На час да прызначэньня ягонага наступніка Апостальскім адміністратарам архідыяцэзіі быў прызначаны біскуп Казімер Велікаселец, чые паўнамоцтвы пасьля дасягненьня ім у траўні мінулага году пэнсійнага ўзросту працягнулі яшчэ на два гады.
«Мітрапаліт вольных людзей і зьняволеных»
«Удзельнікі сьвятой імшы будуць таксама маліцца аб патрэбных дарах Божай ласкі для прызначанага Апостальскага адміністратара Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскупа Казімера Велікасельца і аб тым, каб Дух сьвяты выбраў годнага наступніка арцыбіскупа Кандрусевіча, які заслужана карыстаецца вялікім аўтарытэтам і павагай ня толькі католікаў, але і мноства іншых людзей як у нашай краіне, так і за яе межамі: ня менш, чым Сьведка веры кардынал Казімер Сьвёнтэк», — паведамляе сайт Беларускага каталіцкага касьцёла.
Мітрапаліт Велікаселец падзякаваў Тадэвушу Кандрусевічу за ягоную вялікую духоўную працу на Беларусі, аднаўленьне касьцёлаў і сэмінарый: «Вы збудавалі фундамэнт касьцёла на Беларусі».
Парафіянка сказала ў катэдры пра арцыбіскупа Кандрусевіча як «мітрапаліта цэлай Беларусі, вернікаў і няверуючых, людзей вольных і зьняволеных, здаровых і хворых, католікаў і іншых вызнаньняў. Мы не разьвітваемся, а дзякуем за вашую працу і молімся за яе працяг».
Служба завяршылася выкананьнем гімну «Магутны Божа».