Пра гэта ён напісаў у чацьвер у Твітэры, патлумачыўшы, што падрабязнасьці прапановы раскрые на наступным тыдні. Паведамленьне пра гэта было апублікаванае ў дзень, калі Джо Байдэн анансаваў паскарэньне ў ЗША адпаведных распрацовак.
Прадстаўнікі Tesla — адной з кіраваных Маскам кампаніяў — пакуль не камэнтуюць гэтую інфармацыю, паведамляе Reuters. Як удакладняе агенцтва, у цяперашні час прагрэс у галіне тэхналёгій, названых мільярдэрам, застаецца слабым, і на сёньняшні дзень чалавецтва засяроджанае на простым скарачэньні вуглевадародных выкідаў.
Заява Маска карэлюе з канцэпцыяй, якую прэзыдэнт Джо Байдэн абвясьціў у якасьці аднаго з ключавых напрамкаў сваёй палітыкі. Новаабраны прэзыдэнт ЗША анансаваў паскарэньне распрацовак, накіраваных на выцягваньне вугляроду з атмасфэры для барацьбы са зьменай клімату. Напярэдадні, 21 студзеня, ён прызначыў Джэніфэр Ўілкакс, экспэрта па тэхналёгіях выдаленьня вугляроду, на высокую пасаду ў Міністэрстве энэргетыкі ЗША.
У канцы мінулага году Міжнароднае энэргетычнае агенцтва папярэдзіла, што для зьніжэньня выкідаў да ўзроўню, заяўленага краінамі, спатрэбіцца істотна паскорыць укараненьне тэхналёгіяў улоўліваньня вугляроду.
Ілон Маск вядомы сваімі амбітнымі футурыстычнымі праектамі. Сярод іх — плян калянізацыі Марсу, імплянтацыя нэйракампутарных інтэрфэйсаў, касьмічны інтэрнэт, вакуўмны цягнік ды іншыя. Частка з гэтых плянаў ужо на этапе рэалізацыі. За апошні год яму ўдалося заваяваць першынства сярод найбагацейшых людзей плянэты — галоўным чынам за кошт росту курсу акцыяў вытворцы электрамабіляў Tesla.