Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуса з фонду Навальнага затрымалі ў Маскве і абавязалі пакінуць Расею да 25 студзеня


Плякат у Расеі, ілюстрацыйнае фота
Плякат у Расеі, ілюстрацыйнае фота

Грамадзянін Беларусі, юрыст Фонду барацьбы з карупцыяй Уладлен Лось паведаміў, што яму загадалі пакінуць Расею бяз права ўяжджаць на тэрыторыю краіны да 2023 году.

«Мне ўручылі апавяшчэньне аб неабходнасьці пакінуць Расею да 25 студзеня. Таксама выдалі забарону на ўезд у краіну да 27 лістапада 2023 году», — пасьпеў напісаць юрыст на сваёй старонцы ў Твітэры з аддзяленьня ўнутраных спраў.

21 студзеня супрацоўнікі паліцыі затрымалі яго ў Маскве ў гатэлі «Панарама».

«Раптам стук у дзьверы, 15 паліцыянтаў. Кажуць, нехта крычаў, прыехалі паводле выкліку 02. Зразумела, у нумары ўсё спакойна. Цяпер даставілі ў АУС па Данілаўскім раёне даць тлумачэньні», — піша ён.

Пазьней Лось паведаміў, што празь пяць гадзін пасьля затрыманьня ў дачыненьні да яго ўжылі артыкул аб непадпарадкаваньні паліцыі і вырашылі пакінуць на ноч у АУС.

17 студзеня ў аэрапорце «Шарамецева» пасьля вяртаньня зь Нямеччыны затрымалі Аляксея Навальнага, заснавальніка і кіраўніка Фонду барацьбы з карупцыяй.

20 жніўня мінулага году яму зрабілася кепска падчас палёту з Томску ў Маскву. Яго шпіталізавалі ў рэанімацыю омскай лякарні, а затым перавезьлі ў клініку Charite ў Бэрліне.

Пазьней мэдыкі і ўлады Нямеччыны заявілі, што апазыцыянэр быў атручаны рэчывам з групы «Навічок». Крэмль лічыць заявы аб спробе забойства Навальнага беспадстаўнымі, крымінальная справа па гэтым выпадку не заведзеная.

29 сьнежня 2020 году ў Расеі Аляксея Навальнага абвясьцілі ў вышук, прэтэнзіі да яго зьвязаныя з парушэньнем ім абавязаньняў, накладзеных прысудам у так званай «справе Іў Рашэ».

Пасьля затрыманьня каманда Навальнага выпусьціла фільм-расьсьледаваньне пра карупцыю ў вышэйшых эшалёнах расейскай улады «Палац для Пуціна».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG