Пасяджэньне прайшло ў аддзеле паліцыі ўпраўленьня МУС Расеі ў падмаскоўным горадзе Хімкі. Навальнага прывезьлі ў гэты аддзел вечарам 17 студзеня пасьля затрыманьня ў аэрапорце Шарамецьцева.
Прэс-сакратарка Навальнага Кіра Ярмыш выклала відэа з аддзелу паліцыі, на якім палітык пракамэнтаваў тое, што адбываецца: «Чаму пасяджэньне адбываецца ў паліцыі? Я не разумею. Чаму нікога не апавясьцілі, чаму не далі ніякай позвы? (…) Проста дэманстратыўна разарвалі і выкінулі на сьметнік Крымінальна-працэсуальны кодэкс. Гэта немагчыма — тое, што адбываецца тут. Гэта проста найвышэйшай ступені беззаконьне».
Да пасяджэньня суду да Навальнага не пускалі адвакатаў. Ён ня мог зь імі пабачыцца каля 15 гадзін. Абаронцы спрабавалі трапіць да Навальнага ўсю ноч, але іх не прапускалі ў аддзел паліцыі.
Суд адносна меры стрыманьня для Навальнага тычыўся так званай справы «Іў Рашэ», у якой Навальны быў асуджаны на 3,5 года зьняволеньня ўмоўна. Фэдэральная служба выкананьня пакараньняў (ФСВП) запатрабавала замяніць умоўны тэрмін на рэальны, сьцьвярджаючы, што Навальны не выконваў абавязаньні ўмоўна асуджанага і ўхіляўся ад кантролю выканаўчай інспэкцыі. Пасяджэньне суду адносна заявы ФСВП прызначанае на 29 студзеня, да гэтага часу ведамства просіць арыштаваць Навальнага.
Адвакатка Навальнага Вольга Міхайлава патлумачыла, што калі суд падтрымае прэтэнзіі ФСВП, Навальнаму прызначаць рэальны тэрмін 3,5 года за вылікам тэрміну, праведзенага пад хатнім арыштам (Навальны правёў пад хатнім арыштам у гэтай справе 10 месяцаў).