Сам расейскі апазыцыянэр Аляксей Навальны тым часам знаходзіцца ў СІЗА «Матроская Цішыня» — яго затрымалі адразу пасьля вяртаньня з Бэрліну, дзе ён лекаваўся пасьля атручваньня баявым рэчывам клясы «Навічок» у Расеі. Яго прыхільнікі заклікалі выходзіць на мітынгі пратэсту па ўсёй Расеі 23 студзеня.
Прэс-сакратар Пуціна Дзьмітры Пяскоў на зьяўленьне расьсьледаваньня адрэагаваў так: «Незнаёмы з расьсьледаваньнем. Аднак магу сказаць адразу, што пласьцінка гэтая старая. Шмат гадоў таму мы ўжо тлумачылі, што ў Пуціна няма ніякага палаца ў Геленджыку».
Ці змогуць прыхільнікі Навальнага мабілізаваць пратэст, разважае расейскі палітоляг Абас Гальлямаў.
— Так. Тут вельмі многае залежыць ад дынамікі. Калі, напрыклад, яшчэ сёньня — расьсьледаваньне пра палац, а заўтра — яшчэ штосьці выйдзе, напрыклад, якое-небудзь расьсьледаваньне аб забойствах, то бок калі будзе адчуваньне нарастаньня да суботы — кожны дзень нешта новае, — гэтае адчуваньне дынамікі, вядома, у стане падарваць сытуацыю. Нават калі гэтага ня будзе, сам па сабе фільм, безумоўна, б’е ў самае сэрца.
Трэба разумець, што расейскі абываталь вельмі адчувальны да ўсіх гэтых размоў пра сацыяльную справядлівасьць, асабліва цяпер, калі ўзровень яго жыцьця падае, гэта асабліва балюча. Вось калі б гэты фільм выйшаў некалькі гадоў таму, калі ўзровень жыцьця яшчэ рос або ня падаў гэтак імкліва, людзі яшчэ не адчулі яго падзеньня, у гэты момант абываталь мог бы махнуць рукой і сказаць: «Падумаеш, палац, раскоша. Рана ці позна ўсе добра жыць будзем». Было адчуваньне пазытыўнай дынамікі, што краіна рухаецца ў правільным кірунку, таму рана ці позна ўсе праблемы будуць вырашаныя і ўсе будзем добра жыць. На тле гэтага адчуваньня тое, што нехта раней пачаў добра жыць, — гэта ня так страшна. Да таго ж хто, як не нацыянальны лідэр, які вядзе краіну да дабрабыту і росквіту.
Але цяпер іншае адчуваньне, цяпер акурат супрацьлеглая дынаміка. Узровень жыцьця падае, і тэма ўласнай галечы ўсё больш і больш выцясьняе ўсе астатнія тэмы, займае першае месца ў народным парадку дня. І ў гэтай сытуацыі гэты кантраст паміж адчуваньнем уласнага беспрасьветнага існаваньня і пахабнай раскошай, у якой купаецца правадыр, — гэты кантраст у стане падарваць сытуацыю.
Інтэрвію цалкам можна прачытаць ТУТ.