Будаўніка Кірыла Паўлаўца затрымалі 4 кастрычніка пасьля маршу, асудзілі на 14 дзён арышту. Завялі крымінальную справу, з Акрэсьціна перавялі на Валадарку. Дома засталася жонка ў дэкрэце з двума сынамі 2 і 4 гадоў. Зараз Тацяну зь дзецьмі высяляюць з арандаванай кватэры — да 31 кастрычніка сям’я Паўлаўцоў мусіць пакінуць жытло.
Спачатку далі 14 сутак, на Акрэсьціна завялі крымінальную справу
Тацяна Паўлавец не хавае, што яе муж Кірыл пастаянна штонядзелю хадзіў на маршы. 4 кастрычніка ўвечары Кірыл вярнуўся зь мітынгу, сям’я села вячэраць. Кірылу патэлефанавалі са схаванага нумара, папрасілі выйсьці ў двор і адагнаць машыну.
«У двары Кірыла чакалі людзі ў балаклавах, забралі ў РУУС. Мы мяркуем, што за ім сачылі пасьля мітынгу. На наступны дзень быў суд — абвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мерапрыемстве (артыкул 23.34) і ў непадпарадкаваньні работнікам міліцыі (23.4). Прысудзілі 14 сутак.
18 кастрычніка ўвечары я паехала на Акрэсьціна сустракаць мужа — яго ня выпусьцілі. Мне патэлефанаваў хлопец, які сядзеў разам зь ім, і сказаў, што на Кірыла завялі крымінальную справу ў частцы 1 артыкула 342 — арганізацыя масавых беспарадкаў. Параіў, каб я шукала адваката», — апавядае Тацяна.
Кірыл мае адукацыю трэнэра па барацьбе, але працуе будаўніком. Тацяна кажа, Кірыл ніколі ня быў арганізатарам і завадатарам. 17 кастрычніка Кірыла перавялі з ІЧУ на Акрэсьціна ў СІЗА № 1 на Валадарскага.
«Мне не патрэбныя праблемныя кватаранты»
22 кастрычніка на здымную кватэру ў Сухараве прыйшлі прадстаўнікі Сьледчага камітэту зь ператрусам. З сабой яны прывялі гаспадыню кватэры. Тая напалохалася і загадала Тацяне зь дзецьмі зьехаць з кватэры да 31 кастрычніка.
«Гаспадыня пытаецца ў мяне, што здарылася. Я расказала, што Кірыла выкралі людзі ў балаклавах, пасадзілі на „суткі“. Яна напалохалася і кажа: „Я ж прасіла вас ні ў якія гісторыі не трапляць, сядзець дома. Да канца месяца вы павінны выселіцца. Мне не патрэбны праблемныя кватаранты“.
Мы здымаем гэтую кватэру ў Сухараве з 2017 года. Тут яшчэ адна акалічнасьць не на нашу карысьць: мы заключаем зь ёй дамову раз на год. У верасьні дамова скончылася. Гаспадыня прызначала сустрэчу, каб перазаключыць дамову, на 5 кастрычніка. У яе нешта не атрымалася, потым зноў яна не прыехала. І дамовы на гэты момант няма, таму яна і дыктуе нам свае ўмовы і такія сьціслыя тэрміны», — апавядае жанчына.
Што да ператрусу, прадстаўнікі Сьледчага камітэту працавалі вельмі акуратна і ветліва. Паглядзелі сямейны кампутар, на якім дзеці глядзяць мультфільмы. Нічога падазронага ў кампутары не знайшлі. Нічога не забралі. Нават разгубіліся, калі Тацяна ў іх запыталася, навошта яны паведамілі гаспадыні і прывезьлі яе на ператрус.
«Я кажу: вы яе прывезьлі, а ў мяне цяпер праблемы. Навошта? Муж сядзіць, у мяне двое дзетак, сын ходзіць ў дзіцячы садок у гэтым раёне. Куды мне цяпер падзецца? Сьледчы кажа: давайце мы зь ёю пагаворым, яна ж ня мае да вас ніякага дачыненьня».
«Я не прасіла фінансавай дапамогі. Але столькі людзей адгукнулася!»
Лістоў ад мужа Тацяна не атрымлівала. Муж пра гэтую складаную сытуацыю пакуль ня ведае, бо адвакатка сустракалася з Кірылам яшчэ да ператрусу і размовы з гаспадыняй кватэры.
Сама Тацяна ў дэкрэце; і яна, і Кірыл родам ня зь Менску. Іхныя бацькі пэрыядычна прыяжджаюць, дапамагаюць.
23 кастрычніка Тацяна зьмясьціла допіс ў сацыяльных сетках, дзе расказала пра сваю сытуацыю. Цяпер кажа, што і не разьлічвала на такую рэакцыю незнаёмых людзей.
«У мяне спачатку была гістэрыка. Я не прасіла фінансавай дапамогі. Я проста апісала чалавечую сытуацыю: як так можна абыходзіцца зь людзьмі — выкінуць на вуліцу, ведаючы, што муж сядзіць? Столькі людзей адгукнулася, прапаноўвалі дапамогу, варыянты з кватэрамі. Я вельмі ўдзячная людзям, спадзяюся, што на вуліцы не застануся», — кажа Тацяна.