«Пасьля 32 гадоў, пражытых разам, мы не маглі ўявіць, што будзем вымушаныя разлучыцца зусім не па сваёй віне», — кажа жонка Алега Малашчанкі Тацяна. У сям’і тры дачкі, дзьве зь іх яшчэ школьніцы.
Самі Малашчанкі ў Баранавічах — сям’я вядомая. Муж і жонка былі ініцыятарамі стварэньня беларускіх клясаў, удзельнічалі ў мясцовых пратэставых акцыях. У 2016 годзе Тацяна была кандыдатам у дэпутаты на парлямэнцкіх выбарах.
Летась у жніўні Алег удзельнічаў у пратэстах на ААТ «558 авіяцыйны рамонтны завод». Ён таксама быў адным з амаль 400 супрацоўнікаў прадпрыемства, якія падпісалі адкрыты зварот да мясцовых уладаў з патрабаваньнямі вызваліць палітвязьняў, адправіць у адстаўку Аляксандра Лукашэнку і правесьці сумленныя выбары.
«Пратэставыя маршы і вера ў Бога надавалі сілаў»
«Да жніўня ў нас калі-нікалі ўзьнікалі спрэчкі, але апошнім часам яны зусім зьніклі, — кажа Тацяна. — У большай ступені на гэта паўплываў удзел у нядзельных маршах. Пасьля іх мы заўсёды ішлі ў касьцёл на вечаровую імшу. Гэта надавала нам сілаў. Я на сто адсоткаў была ўпэўненая, што дзякуючы нашай сумеснай веры ўсё ў нас будзе добра. Гэта наша духоўная бясьпека і падтрымка».
25 лістапада Алега — былога афіцэра, грамадзяніна Расеі (там ён скончыў вайсковую службу) запрасілі ў аддзел грамадзянства і міграцыі Баранавіцкага ГАУС для абмеркаваньня рашэньня аб яго высылцы з краіны. Пакінуць Беларусь, у якой ён жыў амаль палову свайго жыцьця, мужчына быў абавязаны да 25 сьнежня. Бяз права ўезду на тры гады. Прычыны не назвалі. Алегу таксама ня выдалі копію дакумэнта з рашэньнем аб дэпартацыі і не дазволілі яго сфатаграфаваць.
«Веру, што можна перамагчы»
«Знаёмыя казалі, што калі ў органах ужо ўсё вырашылі, то няма сэнсу змагацца. Але я лічу, што цуды здараюцца, асабліва з тым чалавекам, якога падтрымлівае Бог. Я заўсёды верыла і веру да гэтага часу, што можна перамагчы, нават з гэтымі бесчалавечнымі законамі», — кажа Тацяна.
З рашэньнем суду сямʼя не пагадзілася. 1 сьнежня Алег падаў апэляцыйную скаргу ў Брэсцкі абласны суд на агучанае яму рашэньне. Ён таксама напісаў ліст у аддзел грамадзянства і міграцыі Баранавіцкага ГАУС аб тым, што не зьбіраецца зьяжджаць, пакуль не дачакаецца адказу на апэляцыю зь Берасьця. Аднак, як прызналася Тацяна, кожны дзень яны жылі ў напрузе.
«29 сьнежня раніцай мне было цяжка прачнуцца, але я сказала сабе, што павінна праводзіць яго на працу. Ня ведаю, ці было гэта нейкае прадчуваньне, але калі я абняла яго, мне падалося, што мы разьвітваемся на доўгі час. Я папрасіла Алега патэлефанаваць мне, калі ён будзе на месцы. Празь некалькі гадзін я яшчэ раз яго набрала, каб пераканацца, што ўсё добра».
«Неабходныя рэчы на выпадак высылкі былі ўжо падрыхтаваныя»
Пасьля абеду Алегу патэлефанавалі супрацоўнікі аддзелу кадраў. Фразай «Алег Міхайлавіч, зьбірайцеся з рэчамі на выхад» яны паведамілі, што на прахадной яго «ўжо чакаюць». Крыху пазьней, ужо з ІЧУ, Алег патэлефанаваў жонцы з просьбай прывезьці пашпарт і рэчы. Заплечнік з усім неабходным на выпадак высылкі быў падрыхтаваны Алегам яшчэ некалькі тыдняў раней.
Тацяна з дапамогай адваката адразу вырашыла падаць скаргу на прыпыненьне рашэньня аб дэпартацыі. Адным з самых цяжкіх момантаў для яе была перадача мужу пашпарта, які дазволіў бесьперашкодна дэпартаваць яго з краіны.
«Яму пагражалі арыштам і месяцамі ў СІЗА»
«Я доўга сумнявалася, ці варта яго везьці. Але, параіўшыся са сваёй старэйшай 28-гадовай дачкой Уладленай, я ўсё ж такі наважылася. Я ж ня ведаю, на што здольная гэтая міліцыя. Зь ім жа маглі зрабіць што заўгодна, напрыклад, раптам выкінуць дзе-небудзь у полі ці ў лесе», — кажа Тацяна.
Перадаць рэчы і дакумэнты ў ІЧУ ў дзень затрыманьня мужа яна не пасьпела. Вырашыла зрабіць гэта на наступны дзень. Ужо а 8-й раніцы ёй патэлефанаваў Алег і папрасіў тэрмінова прывезьці пашпарт. Жанчына ўпэўненая, што на яе мужа аказвалі маральны ціск. Пазьней Алег расказаў, што ў ІЧУ яму пагражалі арыштам і месяцамі ў СІЗА.
Калі Тацяна прыехала на кантрольна-прапускны пункт, там ужо сядзелі сваякі яшчэ некалькіх чалавек, якіх таксама высылалі ў Расею.
«Адабралі ў дзяцей бацькаву зарплату і радуецеся?»
«У органах вельмі хваляваліся, ці прывезла я дакумэнты. Уладзімер Радзюк, інспэктар аддзелу грамадзянства і міграцыі, некалькі разоў перапытаў: „А пашпарт дзе?“. Пакуль правяралі рэчы, я сказала інспэктару: „Ну што, адабралі ў дзяцей бацькаву зарплату, пазбавілі чалавека працы і радуецеся цяпер?“ На што ён адказаў: „Хто ў вас што адабраў? Самі вінаватыя“. Празь некалькі хвілін мне ўдалося перадаць мужу рэчы».
Алега і яшчэ некалькі чалавек пасадзілі ў машыну і высадзілі ўжо ў Расеі, у пасёлку Краснае. Адтуль ішла толькі адна электрычка — да Смаленску ў 19.00. На адной з заправак ён купіў сім-карту і патэлефанаваў сямʼі.
За гэты час дачка Ўладлена, якая жыве ў Варшаве, зьвязалася зь беларускай дыяспарай у Маскве і з дапамогай Беларускага Хэльсынскага камітэту знайшла для таты жыльлё. Яна ж купіла яму электронныя квіткі на патрэбны рэйс. І празь некалькі гадзін чаканьня на вакзале Смаленску Алег сеў на цягнік у сталіцу Расеі.
«Дапамагла салідарнасьць беларусаў ва ўсім сьвеце»
«Нам дапамагла неймаверная салідарнасьць беларусаў ва ўсім сьвеце і Божая падтрымка, — кажа Тацяна. — Алег вельмі хваляваўся, казаў: „Сустрэну Новы год, як бомж“. Аднак увечары ён ужо сядзеў за сьвяточным сталом з шампанскім, дзякуючы зусім незнаёмым людзям, якія не засталіся абыякавыя да нашай сытуацыі. Я яго і цяпер супакойваю, кажу, што нічога страшнага ня здарылася. Ня трэба падаць духам. Так склалася, што мы тут, а ты там. Але ж усё роўна мы можам бачыцца дзякуючы інтэрнэту».
Цяпер у Тацяны паболела клопатаў. Пасьля размовы яна адразу ж накіравалася ў пракуратуру, каб забраць копіі дакумэнтаў аб разглядзе скаргі Алега на рашэньне аб дэпартацыі. Потым пабегла ў банк — пакласьці грошы на яго карту. Сам Алег цяпер таксама заняты — сустракаецца зь людзьмі, якія маглі б аказаць яму дапамогу. Ён да гэтага моманту жыве ў сямʼі, якая яго прытуліла, але ў хуткім часе плянуе зьехаць у Польшчу. Там дачка паспрабуе дапамагчы яму з працаўладкаваньнем.
На пачатку новага году на адрас Алега Малашчанкі прыйшло вызначэньне з Баранавіцкага суду. У ім паведамлялася, што справа аб высылцы прыпыненая, а сам Алег павінен зьявіцца на пасяджэньне 14 студзеня. У гэты момант ён ужо больш як месяц быў дэпартаваны. Наступны суд па ягонай справе мае адбыцца неўзабаве.