Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Я не нападаў на вадамёт». Выйшаў на волю мужчына, які сфатаграфаваўся з гідрантам


Мікіта Ігнацюк з бацькам Аляксандрам
Мікіта Ігнацюк з бацькам Аляксандрам

На свабоду пасьля 15-дзённага арышту выйшаў 27-гадовы Мікіта Ігнацюк, які 4 кастрычніка сфатаграфаваўся з гідрантам ад вадамёта, паведаміла «Настоящее время».

Ігнацюка арыштавалі на 15 содняў за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі, а па сканчэньні арышту зноў затрымалі на 72 гадзіны паводле падазрэньня ўжо ў крымінальным злачынстве — «гвалце ў дачыненьні да супрацоўніка органаў унутраных справаў».

«То бок яны прыраўналі вадамёт да супрацоўніка міліцыі», — сказаў Мікіта.

Бацька Мікіты Аляксандар Ігнацюк зьбіраўся прадаваць дом, каб аплаціць адваката сыну. Дазнаўшыся пра гэта, людзі сабралі ўдзесяцёра большую суму. Гэтыя грошы Ігнацюкі зьбіраюцца выдаткаваць на дапамогу палітвязьням.

«І дом не давядзецца прадаваць. Гэты дом належыць насамрэч ня мне, а менавіта Мікіту. Увогуле, такая падтрымка з боку беларусаў — я нават не чакаў», — сказаў Аляксандар Ігнацюк.

«Мы ведаем, што ў справе гэтага вадамёта праходзяць яшчэ тры ці чатыры чалавекі, і ўжо літаральна заўтра сястра Мікіты, мая дачка, дапаможа фінансава пэўным людзям з гэтай групы», — дадаў ён.

Аляксандар Ігнацюк расказаў, што за 15 дзён арышту Мікіты да яго ня змог трапіць адвакат.

«Кантакту ніякага не было, мы ня ведалі пра ягоны стан здароўя, мы ня ведалі, што зь ім і дзе ён знаходзіцца», — расказаў Аляксандар Ігнацюк.

Мікіта Ігнацюк прыгадаў, як гідрант вадамёта апынуўся ў ягоных руках.

«Я стаяў на рагу двара, і калі людзі сталі адыходзіць ад шыхту міліцыянтаў — нехта сыходзіць у двары, нехта прасоўвацца далей па вуліцы ці праспэкце, — я азірнуўся і пабачыў, што той гідрант ляжыць на ўзбочыне. І каб перадухіліць магчымасьць камусьці скарыстаць гідрант як зброю супраць ці то супрацоўнікаў Міністэрства ўнутраных справаў, ці то супраць каго-кольвек з пратэстоўцаў, я вырашыў прыбраць яго з дарогі. Я яго падняў, я цудоўна разумеў, што будуць фатаграфіі, але я не разьлічваў, што гэта будзе расцэнена як напад на супрацоўніка органаў унутраных справаў».

4 кастрычніка на маршы ў Менску пратэстоўцаў разганялі вадамётам. Удзельнікі акцыі падчас руху раскамплектавалі адну з машын, у выніку палітымі аказаліся самі сілавікі. У той жа дзень Мікіта Ігнацюк сфатаграфаваўся з выкінутай дэтальлю.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG