Абраны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн атрымаў афіцыйны акаўнт на Твітэры без падпісчыкаў. Каманда Байдэна незадаволеная такім рашэньнем, бо экс-прэзыдэнт Барак Абама перадаў свае акаўнты Дональду Трампу разам з 13 мільёнамі падпісчыкаў, паведамляе ВВС.
Новы акаўнт абранага прэзыдэнта @PresElectBiden за першыя некалькі гадзін працы набраў прынамсі паўмільёна падпісчыкаў. У дзень інаўгурацыі 20 студзеня ён стане афіцыйным акаўнтам прэзыдэнта ЗША @POTUS.
У кампаніі Twitter ня сталі тлумачыць, чаму не перадалі падпісчыкаў Трампа Байдэну. Прадстаўнік кампаніі сказаў, што ў 2015 годзе чытачоў Твітэра прэзыдэнта перадалі Трампу па просьбе Абамы. Па дадзеных журналістаў The Washington Post, адміністратар сацыяльных сетак Трампа адмовіўся ад перадачы падпісчыкаў Байдэну.
Барак Абама быў першым амэрыканскім лідэрам, у якога быў афіцыйны акаўнт у Твітэры. Напрыканцы другога прэзыдэнцкага тэрміну акаўнт Абамы ў Твітэры быў перайменаваны ў @ POTUS44 і замарожаны. Чакаецца, што афіцыйны акаўнт Трампа будзе перайменаваны ў @ POTUS45. Ён таксама будзе замарожаны.
Трампу таксама належыць акаўнт у Твітэры @realDonaldTrump. Пасьля штурму Капітолія 6 студзеня радыкальнымі прыхільнікамі Трампа адміністрацыя Твітэра заблякавала акаўнт прэзыдэнта. У карпарацыі палічылі, што далейшыя твіты Трампа маглі паспрыяць эскаляцыі беспарадкаў. Твітэр не паведаміў, ці будуць заархіваваныя твіты прэзыдэнта — у тым ліку афіцыйныя заявы.
Пры гэтым Нацыянальны архіў ЗША ўжо абвясьціў, што захавае ўвесь кантэнт з акаўнтаў Трампа, уключаючы сьцертыя твіты з @realDonaldTrump і @POTUS.
Блякаваньне акаўнтаў Трампа ў сацсетках выклікала як падтрымку, гэтак і крытыку з боку і шараговых карыстальнікаў, і сусьветных лідэраў.