Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Удзельніка страйку на «Беларуськаліі» трымаюць у піцерскіх «Крестах»


Андрэй Прылуцкі
Андрэй Прылуцкі

Былога электрасьлесара 1-га рудніка «Беларуськалію», удзельніка страйку шахцёраў Андрэя Прылуцкага расейскія праваахоўнікі затрымалі 29 сьнежня ў аэрапорце «Пулкава» і зьмясьцілі ў «Кресты» — СІЗА № 1 Санкт-Пецярбургу. Выдачы Андрэя Прылуцкага патрабуюць улады Беларусі. На яго ў Салігорску заведзеная крымінальная справа паводле 364-ым артыкулу — аб «гвалце ў дачыненьні да супрацоўніка міліцыі». Шахцёру пагражае 6 гадоў зьняволеньня.

Пра гэта паведаміў сайт страйкаму «Беларуськалію» са спасылкай на расейскага адваката Андрэя Федаркова, які сустрэўся з Андрэем Прылуцкім у расейскай вязьніцы. Страйкамаўцы «Беларуськалію» прыйшлі на дапамогу свайму сябру, забясьпечылі яго адвакатам. Паводле адваката, Андрэй Прылуцкі папрасіў аб прытулку ў Расеі, і цяпер ягоную заяву разглядаюць у Фэдэральнай міграцыйнай службе Расеі. Прылуцкі мяркуе, што яго перасьледуюць паводле палітычных прычын і ў выпадку экстрадыцыі ў Беларусь узьнікне пагроза ягонаму жыцьцю і здароўю.

«Адштурхнуў міліцыянта»

Інцыдэнт, які фігуруе ў крымінальнай справе Андрэя Прылуцкага, адбыўся 9 жніўня ў Салігорску. Але ў тое, што ён быў вінаваты ў гвалце, ягоныя калегі зь «Беларуськалію» ня вераць. Страйкамавец Аляксандр Новік спасылаецца і на відэа інцыдэнту.

«На відэа бачна, што Андрэй спрабаваў дапамагчы чалавеку, якога „касманаўты“ без апазнавальных знакаў затрымлівалі на вуліцы. Да таго ён сядзеў на лаўцы, чытаў кнігу і ўбачыў, што адбываецца, не стрымаўся і ўступіўся. Адштурхнуў аднаго зь іх. Патузаліся, але ён нікога ня біў. Ён шчыры вернік, крышнаіт, у яго трое малых дзяцей. Ён да таго ўвогуле быў далёкі ад палітыкі», — адзначае Аляксандр Новік.

Андрэя Прылуцкага адразу затрымалі. Суд прысудзіў яму 15 сутак адміністрацыйнага арышту нібыта за ўдзел у несанкцыянаваным мітынгу, хаця той мітынг адбыўся праз 2 гадзіны пасьля затрыманьня. Пад вартай Прылуцкі адбыў 7 дзён, казаў сябрам, што як вызвалялі, дык міліцыянты яшчэ і выбачаліся. Але пакуль сядзеў у ізалятары, сьледчыя пачалі праверку паводле крымінальнай справы аб гвалце супраць міліцыянта. Спачатку справа нібыта замарудзілася, але потым ёй далі ход

«Баяўся нават у краму выходзіць»

Жонка Андрэя Прылуцкага Іна згадвае, як зьмянілася іх спакойнае жыцьцё ў лістападзе, калі мужа пачалі цягаць на допыты.

«Сьледчыя актывізаваліся, пачалі выклікаць. Муж казаў, што ўжо баіцца безь мяне выходзіць у краму, чакаў арышту ў любы момант», — згадала Іна. Паводле яе, у сьнежні Андрэй паехаў у Санкт-Пецярбург, спрабаваў там шукаць працу. Навіну пра тое, што яе Андрэя затрымалі ў аэрапорце «Пулкава», перад адлётам у Маскву, жанчына перажыла вельмі цяжка.

«Потым быў суд пра меру стрыманьня, перад выракам адвакат сказаў, што ў нас ёсьць хвілінка і даў яму слухаўку. Толкам і пагаварыць не змаглі — плакалі абое», — кажа пра размову з мужам Іна.

Іна працуе настаўніцай. На няпэўны час жанчына засталася адна з трыма малымі дзецьмі. Яны з Андрэем гадуюць трох сыноў: малодшаму Паўліку, 3 гады, Аляксандру — 9, а Ягору — 12.

«Ягор усё разумее, і калі я пачынаю плакаць у падушку, выводзіць братоў у другі пакой», — кажа Іна. Цяпер як ніколі дзеці для яе — ня толькі ствараюць турботы, але і ратуюць ад трывожных думак.

«Да нас прыйшла сапраўдная зіма, дзеці гуляюць у сьнежкі, катаюцца з горак. Вось і ўчора былі ў лесе, падняла настрой. Нядаўна ў нас былі сябры мужа са страйкаму, прыносілі падарункі дзецям. Гэтак і сказалі, што падарункі ад таты, не ад Дзеда Мароза. Дзеці вераць, што тата вернецца, і я ў гэта веру. Спадзяюся на зьмены да лепшага ў жыцьці нашага грамадзтва», — кажа жонка Андрэя Прылуцкага.

Колькі цяпер страйкуюць на «Беларуськаліі»?

Паводле ўдзельніка страйку на «Беларуськаліі» Юрыя Корзуна, у 2021 годзе да страйку яшчэ ніхто не далучаўся. Пра далучэньне да страйку раней заявілі 107 працаўнікоў аб’яднаньня і яшчэ каля 30 чалавек зь іншых арганізацый і прадпрыемстваў гораду, сказаў Юрый Корзун. Усе яны былі звольненыя.

Чым займаюць сябе шахцёры, якія апынуліся бяз працы?

«Займаемся дабрачыннай дзейнасьцю, пішам лісты палітвязьням, падтрымліваем калег, як Прылуцкі», — пералічыў Юрый Корзун. Паводле Юрыя Корзуна, не спынілі страйкамаўцы і спробаў праз суды дамагчыся праўды.

«Судзімся за прызнаньне страйку законным, але ніхто не дамагаецца аднаўленьня на працы. Бо з нас ніхто не зьбіраецца сваімі сродкамі спансіраваць гэты рэжым, які працягвае рэпрэсіі супраць уласнага народу», — сказаў Юрый Корзун.

Днямі страйкам «Беларуськалію» зьвярнуўся да кіраўніцтва нарвэскай кампаніі Yara. Ён заклікае запатрабаваць ад адміністрацыі «Беларуськалію» выкананьня абавязаньняў не чыніць рэпрэсій супраць удзельнікаў страйку, які пачаўся на прадпрыемстве пасьля жнівеньскіх выбараў у сувязі зь меркаваным фальшаваньнем. Паводле страйкаму, адміністрацыя «Беларуськалію» «мэтанакіравана ўводзіла ў зман» кіраўніцтва кампаніі пра тое, што такія рэпрэсіі нібыта спыненыя. У страйкаме кажуць, што працягваюцца звальненьні і ціск на тых працаўнікоў, якія далучыўся да страйку з патрабаваньнем адстаўкі Аляксандра Лукашэнкі і правядзеньня новых выбараў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG